Вы тут

Прывітанне ад Чырвонай малпы


У ноч з 7 на 8 лютага пачынаецца Новы 2016 год па ўсходнім (кітайскім)  календары -- год Чырвонай (вогненнай) малпы. Да слова, у Кітаі свята адзначаецца, пачынаючы з 1 лютага і цягам цэлага месяца. Гэтыя дні кітайцы імкнуцца праводзіць са сваімі сем'ямі, і, лічыцца, што міграцыя насельніцтва ў КНР напачатку лютага з'яўляецца самай інтэнсіўнай у свеце.  Мясцовыя чыгункі штодня перавозяць да 70 мільёнаў чалавек. 

У ноч з 1 на 2 лютага ў Кітаі настае так званы Малы Новы год, з якога і пачынаецца чарада лютаўскіх свят. На Малы Новы год прынята рыхтавацца да асноўнага свята. Ну, а ў ноч з 7 на 8 лютага на змену году Драўлянай Казы прыходзіць год Чырвонай (вогненнай) Малпы, які пачынаецца пасля завяршэння першага поўнага месяцовага цыкла ад дня зімовага сонцазвароту. Сустракаюць усходні Новы год апоўначы з сёмага на восьмае лютага (гэта пачатак  першых сутак месяцовага цыкла). Такая традыцыя прынята ў некаторых краінах Паўднёва-Усходняй Азіі, у тым ліку і ў Кітаі, яе таксама прытрымліваюцца ў Еўропе і Амерыцы, дзе свята таксама адзначаюць, праўда, у шэрагу выпадкаў як даніну модзе. 

Прадоўжыцца год Малпы да 27 студзеня 2017-га. Якія колеры яго сімвалізуюць? Гэта ўсё цёплыя «агнявыя» колеры: чырвоны, аранжавы, жоўты і іх адценні. У трэндзе модны колер марсалы (бардова-карычневы, з адценнямі драўнянай кары). Сустракаць год Малпы варта пераважна ў адзенні з натуральных матэрыялаў, у ідэале -- зробленай сваімі рукамі. Актуальныя вязанае адзенне з тонкай поўсці, уборы з бавоўны ці лёну і г.д. Для жанчын дарэчы будуць упрыгожванні з золата і прыродных камянёў, перш за ўсё, вядома, гранатаў і рубінаў. 

Талісман Новага года — вясёлая крэатыўная разумная Малпачка, душа кампаніі, артыстычная і вясёлая. Людзі, народжаныя ў год Малпы, таксама артыстычныя, харызматычныя, крэатыўныя, якія валодаюць выдатнай інтуіцыяй, але наравістыя і з пераменлівым характарам. Гэта звычайна людзі творчых прафесій. 

У год Вогненнай малпы няма сэнсу будаваць вялікія планы, усё адно гарэзлівая «гаспадыня» ўсё зробіць па-свойму. Галоўнае сёлета – дамагчыся сямейнага і матэрыяльнага дабрабыту і дастатку – Малпачка вельмі неабыякавая да грошай, чым мае сэнс скарыстацца. 

Стыхія гэтага года – агонь. Гэта не самая спакойная стыхія, а, значыць, ёсць прычына асцерагацца катаклізмаў, канфліктаў. Маладым гэта стыхія нясе буру эмоцый, палымянае каханне, бурныя сваркі і не менш бурныя прымірэнні. 

Традыцыі святкавання кітайскага Новага года старажытныя – ім больш двух тысячагоддзяў. У самым Кітаі гэта чаканае свята пасля года цяжкай працы ці навукі. Адзначаюць свята цягам месяца. Прынята запускаць феерверкі, страляць петардамі і хлопанкамі, уладкоўваць маляўнічы салют. У Паднябеснай паўсюдна праходзяць народныя гулянні з танцамі цмокаў, прысмакамі знакамітай кітайскай кухні і нястрымнай усеагульнай весялосцю. Завяршаецца святкаванне пасля заканчэння свята Ліхтароў на пятнаццаты дзень ад пачатку месяцовага календара (22 лютага). У гэты дзень абавязкова рыхтуюць традыцыйныя кітайскія пельмені і знакамітую традыцыйную кашу лабадзьджоу, у якую ўваходзяць восем інгрэдыентаў, у тым ліку насенне лотасу -- адметнай кветкі Кітая.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.