Вы тут

У мяне ўсё атрымаецца!


Шалёна стукае сэрца... Мяне перапаўняюць эмоцыі, мне страшна. Таму, што я раблю гэта першы раз? Баюся, што не атрымаецца? Не! Не страшна! Усё выдатна, я не павінна палохацца! Трэба перамагчы сябе і ісці да сваёй будучыні. Я выбрала гэты шлях, значыць, павінна рухацца да мэты, да таго, што зробіць мяне шчаслівай. Ведаю, што ўсё пройдзе незабыўна, і я заўсёды буду памятаць гэты дзень. Усё! Час прыйшоў. Праз некалькі хвілін здарыцца тое, чаго я так доўга чакала: буду выступаць у прамым тэлеэфіры. Гэта выдатна! Як жа я рада!


...Мяне клічуць. Павольна саджуся ў крэсла; глыбока ўздыхнуўшы, лічу секунды. Запалілася святло, камера глядзіць на мяне, наступіла цішыня. На маіх вуснах з'явілася радасная ўсмешка, вочы ярка заззялі. Яшчэ раз глыбока набраўшы паветра, я пачала гаварыць! І ў гэты ж самы момант адчула сябе моцнай, свабоднай! Усё ідзе так, як і хацела: жыва, лёгка — і гэта радуе. Мне падабаецца, што я раблю, як я паводжу сябе перад камерай. Бачу шмат людзей і назіраю, як яны глядзяць на мяне і ўважліва слухаюць. Я рада, што магу быць карыснай ім, бо дапамагаю даведацца нешта новае.

Але вось і скончылася маё выступленне. Можна з радасцю выдыхнуць і сказаць, што я справілася. Да мяне падыходзяць тэлеаператары, хваляць, віншуюць з першым выхадам у эфір. Не магу стрымаць усмешкі шчасця на вуснах! Я вельмі ўдзячная ўсім, хто дапамог мне прайсці гэты доўгі шлях. Цяпер магу адчуваць сябе ўпэўненай у тым, што раблю, што думаю. Самае галоўнае — гэта тое, што я навучылася наладжваць нябачную сувязь з людзьмі на такой велізарнай адлегласці, завалодаўшы іх увагай. І зараз магу сказаць, што я шчаслівы чалавек, які ішоў да мэты і дамогся свайго.

...Я расплюшчваю вочы. Як жа цікава паспрабаваць зазірнуць у будучыню, якая часам здаецца нам бясконца далёкай і ў той жа час вельмі блізкай!.. І менавіта такой бачу ў ёй сябе: шчаслівым чалавекам, які дабіўся таго, чаго хацеў і чакаў. Я мару стаць журналістам, які будзе пазнаваць свет, размаўляць з тысячамі людзей, абменьвацца з імі сваімі ідэямі, думкамі. Мне падабаецца гэта прафесія, таму што яна асаблівая. І людзі, што працуюць у ёй, — таксама. Я хачу быць такой жа неардынарнай, індывідуальнай, мару паказаць сябе чалавекам, у якога ёсць іскрынка, які можа зацікавіць многіх іншых. Таму і мару, што ў мяне ўсё атрымаецца!

Пра аўтара

Дзяўчына з самага маленства марыла быць творчым чалавекам. «Мне заўсёды падабаецца браць удзел у школьных канцэртах і конкурсах». Ганна займалася спартыўнымі бальнымі танцамі, на раённых спаборніцтвах займала прызавыя месцы. Потым захапілася напісаннем казак і невялікіх апавяданняў. Пасля дзявятага класа паступіла на філалагічны кірунак ліцэя, каб паглыблена вывучаць рускую і англійскую мовы.

17-гадовая аўтарка збіраецца паступаць на журфак БДУ. «І я вельмі спадзяюся, што мая мара ажыццявіцца».

Ганна КУРТАСАВА, вучаніца 11 класа ліцэя №2 г. Мінска

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.