Вы тут

Святлана Асташава — пра спорт, адносіны і спецыфіку жаночага калектыву


У сезоне 2015-га Святлана прызнана лепшай футбалісткай Беларусі, да сваіх 34 гадоў, а ўзрост дзяўчына не хавае, яна станавілася чэмпіёнкай краіны ўжо 14 разоў. За яе плячыма гады выступленняў у лепшых жаночых футбольных клубах Расіі і Казахстана, а яшчэ ў перапынку паміж спартыўнымі подзвігамі, яна паспела выканаць галоўнае прызначэнне жанчыны — стаць мамай.


У перыяд, калі новы сезон яшчэ не пачаўся, а адпачынак ужо прайшоў, Святлана знайшла ў сваім напружаным графіку трохі часу. Наша гутарка пачалася з футбола, але хутка перацякла ў звычайную размову пра жыццёвыя перыпетыі найцікавейшага чалавека. Лепшая футбалістка краіны расказвае пра тое, што прымусіла яе вярнуцца ў спорт пасля нараджэння сына, як шукаць агульную мову з мужчынамі, якія не любяць футбол, і адкрывае сакрэт — у гонар каго назвала сваё дзіця Іосіфам.

«Нам часта не хапае пугі»

— Святлана, раскажыце пра ўзровень жаночага футбола ў нашай краіне. Здаецца, ведаюць пра яго няшмат хто.

— Так. Па сутнасці сёння ў чэмпіянаце краіны за п'едэстал у нас змагаюцца тры каманды, узровень калектываў і саміх гульцоў невысокі. Калі казаць пра зборную, то там зараз адбылася змена трэнера, думаю, гэта пойдзе на карысць. За стырном стаў Эдуард Дземянкавец, гэта спецыяліст з галавой, ён добра разумее футбол. У нацыянальную каманду ўсё часцей запрашаюцца маладыя гульцы, гэта, вядома, не дае імгненны вынік, але калі хочаш атрымаць поспех у будучыні — трэба закласці падмурак.

— На ваш погляд, у чым прычына нізкага ўзроўню?

— Мне здаецца, нам часта не хапае пугі. Калі б было больш жорсткасці і дысцыпліны, то можа і вынік быў бы іншы. Недзе самі гульцы не жадаюць браць усю інфармацыю, якую спрабуе данесці трэнер. Сядзяць у адным клубе па 10 гадоў, страпянуцца, калі выклікаюць у зборную, там стараюцца, а калі вяртаюцца — усё забываюць.

У 2005 годзе я была на зборах у Стайках, у гэты час там трэніраваўся маскоўскі «Спартак», іх трэнер мяне заўважыў і запрасіў пагаварыць. Мы проста гутарылі аб футболе, я расказвала пра сваё бачанне гэтай гульні, а ён задаў мне пытанне: «Ты кнігі чытаеш?» Ну калі футбаліст чытае кнігі, у нас жа такое разуменне, правільна? На гэта ён мне адказаў, што любы футбаліст абавязкова павінен чытаць і ведаць гісторыю. «Якую ты першую будзеш чытаць?» — пытаецца. Я дай ды і ляпну — пра Сталіна. Прыйшлося чытаць, і я так уразілася асобай Іосіфа Вісарыёнавіча, што назвала ў гонар яго сына. Біяграфіі вялікіх людзей дапамагаюць расці, рабіць высновы, каб ісці далей.

Гэта я да таго, што гулец павінен мець разумную галаву. Павінны быць тэарэтычныя заняткі, ты абавязаны ведаць памятку футбаліста: як правільна прыняць мяч, як правільна аддаць пас, гэта ўсё прапісана. Трэнер задае пытанні, ты адказваеш. Такой выразнай сістэмы нам не хапае.

— У чым прынцыповая розніца паміж мужчынскім і жаночым футболам?

— Мужчыны хутчэйшыя фізічна і думаюць яны хутчэй, трэнера чуюць лепш. Мне здаецца, у дзіцячым узросце дзяўчынкам і хлопчыкам не перашкодзіла б трэніравацца разам, дзяўчынкі б цягнуліся, а хлопчыкі набывалі ўпэўненасць.

— Трэнерам таксама павінен быць мужчына?

— На мой погляд, толькі мужчына. Жанчына, як правіла вельмі жорсткая, а нам патрэбна і пуга, і пернік. Тут, напэўна, яшчэ справа ў псіхалогіі, ва ўспрыманні. Мужчына зможа растлумачыць сітуацыю двума словамі, жанчыне спатрэбіцца чатыры. Акрамя таго гулец-жанчына яшчэ будзе сядзець і даказваць свой пункт гледжання трэнеру-жанчыне, мужчына спыняе гэта адным позіркам.

— Напэўна, і канфлікты бываюць нярэдка ў жаночым калектыве?

— Вядома, да таго ж, калі ў мужчын яны не пераносяцца на поле, то ў жанчын гэта можа лёгка здарыцца. Дзяўчаты не забываюць сваркі так хутка, як хлопцы, таму гэта можа адбівацца на гульні. Я заўсёды казала сваім напарніцам: вы можаце ненавідзець мяне за тое, што я кажу вам праўду ў вочы, можаце наогул не вітацца са мной на вуліцы, але калі мы выходзім на поле, то павінны быць адной камандай.

— Вы зарабляеце футболам?

— Гэта вельмі складана зрабіць у нас у краіне, але ў двух клубах — можна, не буду іх называць. У камандзе, дзе гуляю я, лепш мець дзве працы. Раней я, напрыклад, падзарабляла масажам, дапамагала маме па бізнесе.

«У жыцці ў мяне стаяў выбар: спорт або адносіны»

— Чаму вы ўвогуле выбралі футбол?

— Між школамі былі спаборніцтвы, трэнер проста прыйшоў да нас на фізкультуру, каб адабраць туды дзяўчынак. Я, вядома, пагадзілася, таму што мне падабалася бегаць, а з мячом, думаю, пазней ужо навучуся. Потым мой трэнер прыйшоў да мамы прасіць, каб яна аддала мяне ў секцыю, яна паслала яго куды далей, сказала — «не пушчу». Яна, дарэчы, да гэтага часу супраць, толькі я не разумею чаму. У дзяцінстве я гаварыла, што іду ў школу, а сама бегла на трэніроўку. Мне падабалася з пацанамі папіхацца, па нагах ім улупіць, калі табе 13 гадоў, падножку паставіць — гэта ж шчасце.

Потым трапіла ў малодшую каманду «Бабруйчанкі», сезон там патрэніравалася, і мяне забралі ў старэйшую. Так з 94-га года пачалася мая кар'ера пад кантрактам, першая зарплата, за якую я купіла сабе красоўкі.

— У дзяцінстве былі хуліганкай?

— Так, з пацанамі расла, гэта выхоўвае.

— А цяпер такі не зусім жаночы род дзейнасці накладвае адбітак на адносіны з процілеглым полам?

— Наогул, я не кажу мужчынам пра тое, што футбалістка, кажу, што так проста займаюся спортам для сябе, бегаю. Калі яны даведваюцца пра маю прафесію — адразу іншае стаўленне, гэта звычайна заканчвалася адным спатканнем. Мне трапляюцца мужчыны, якія не вельмі любяць футбол, асабліва жаночы. Некалькі разоў у жыцці стаяў выбар: спорт або адносіны, і я заўсёды выбірала футбол.

— Зараз ваша сэрца свабоднае?

— Не, у мяне ёсць другая палова і я вельмі шчаслівая. Ён не спартсмен і ніяк не звязаны з гэтым родам дзейнасці. Я заўсёды казала: калі ты футбаліст, то дакладна не мой мужчына. Я ж іх ведаю, навошта ў сям'і два футбалісты? Мы ж ніколі не знойдзем кропку судакранання.

«Я ўсё ўмею рабіць, нават плітку класці»

— Вы нарадзілі дзіця, вярнуліся ў футбол, і ваша кар'ера пайшла ўгару. Як так атрымалася?

— У 2008 годзе мяне запрасілі ў «Варонеж», на той момант я ўжо мела два «срэбры» і адну «бронзу» чэмпіянату Расіі, чэмпіёнскія тытулы Беларусі і Казахстана. Таму, нягледзячы на тое, што ў Варонежы вельмі моцная каманда, адмовілася, вырашыла, што мне хопіць. Праз два гады нарадзіла дзіця, і так атрымалася, што месяц жыла з ім зусім адна. Таму вырашыла патэлефанаваць Мікалаю Фёдаравічу Касаткіну (трэнер бабруйскага клуба), спытаць, ці можна прыйсці на трэніроўку. Ён дазволіў, і я да гэтага часу яму за гэта вельмі ўдзячная.

Прыйшла на трэніроўку, а ўжо на наступны дзень выйшла гуляць у асноўным складзе, праўда, правяла на полі толькі адзін тайм — пасля родаў прайшоў усяго месяц, таму арганізм быў яшчэ не зусім гатовы да такіх нагрузак. Іосіф у гэты час быў побач з полем, спаў у калясцы.

У наступным сезоне (2011 год) я ўжо была лепшым гульцом у камандзе, у 2012-м стала лепшай нападаючай краіны.

— Раскажыце пра Іосіфа?

— Майму дзіцяці зараз 5 гадоў, бывае, бачу ў ім сябе. Сын сказаў, што будзе варатаром, я была ў шоку. Годнага галкіпера вырасціць вельмі складана, яны ж зусім іншыя людзі, каб быць варатаром, трэба ім нарадзіцца. Калі Іосіф абярэ спорт, я, вядома, не буду супраць, але ўсё роўна павяду яго яшчэ ў адну дарогу. Я бачыла ў жыцці толькі адзін шлях — спорт, хачу каб ён змог і машыну адрамантаваць і каб кнігі чытаў.

— Не здзіўлюся, калі вы і самі мужчынскімі навыкамі валодаеце.

— Калі чалавек таленавіты — то ва ўсім, не толькі баршчы варыць, шыць або жангліраваць. Калі разабрацца, то я ўсё ўмею рабіць, нават плітку класці, шпалеры клеіць, гэта ў мяне ад мамы. Але дзяўчынкам не варта паказваць такія здольнасці.

— А што тычыцца жаночых заняткаў?

— Я ўмею шыць, вось нядаўна ліпучкі Іосіфу на басаножках перашывала, гатую часта. У асноўным гатую тое, што падабаецца маёй сям'і: галубцы, боршч, калдуны. На гітары ўсё жыццё мару навучыцца іграць, люблю спяваць у караоке.

— Што спяваеце?

— Многія песні Рыгора Лепса люблю, Міхаіла Баярскага «Зялёнавокае таксі» — гэта наогул выдатна. Я, калі была ў Егіпце, выйграла конкурс і стала міс гатэля, з гэтай нагоды ў мяне там быў бенефіс, вечарам я тры гадзіны спявала, пасля чаго падыходзілі людзі, і замежнікі і нашы, дзякавалі. Арганізатары нават прапанавалі заставацца працаваць аніматарам, але я не ведаю англійскай мовы (смяецца).

— На завяршэнне раскажыце пра свае планы.

— Заканчваць з футболам я не збіраюся, як кажуць мужчыны — яшчэ папылю. У мяне не хапае пятнаццаціразовага чэмпіёнства, таму хацела б зацвердзіць усе гэтыя тытулы і перш за ўсё даказаць сабе, што жанчына можа не толькі праз галаву скокнуць, але і вышэй.

lobazhevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: «Жанчына можа не толькі праз галаву скокнуць, але і вышэй»

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.