Вы тут

Рэшткі, рэгламент і тэрміналы


Менш чым праз месяц у краіне завяршаюцца адразу тры «пераходныя перыяды» для прадпрымальнікаў.

Днямі ў сталіцы адбылося пасяджэнне грамадска-кансультатыўнага савета (ГКС) па развіцці прадпрымальніцтва пры Міністэрстве эканомікі Беларусі пад старшынствам намесніка міністра эканомікі Ірыны Касцевіч.

8-27

На гэты раз у мерапрыемстве прымалі ўдзел не толькі чыноўнікі ад галіновых міністэрстваў, але і прадстаўнікі Нацыянальнага банка, Вярхоўнага Суда, Дзяржстандарта, а таксама лідары прадпрымальніцкіх саюзаў, адпаведных канфедэрацыій і асацыяцый прадпрымальніцтва, а таксама індывідуальныя прадпрымальнікі са сталіцы і рэгіёнаў, паведамілі «Звяздзе» ў прэс-службе Мінэканомікі.

Ужо ў самым пачатку савета прадпрымальнікі атрымалі магчымасць агучыць усе праблемныя пытанні, а прадстаўнікі дзяржорганаў — Міністэрства па падатках і зборах, Дзяржстандарта і Нацбанка — у сваіх выступленнях адказвалі на іх. Большасць пытанняў тычылася ўмоў працы індывідуальных прадпрымальнікаў з першых дзён 2016 года.

Апошнія дні для «рэшткаў»

Чыноўнікі ад улады нагадалі прысутным, што менавіта з гэтай даты заканчваюцца адразу тры «пераходныя перыяды».

Па-першае, з новага года спыняецца гандаль «рэшткамі» — так званымі таварамі лёгкай прамысловасці, якія былі ўвезены на тэрыторыю нашай краіны без суправаджальных дакументаў да 1 ліпеня 2014 года. Нагадаю, што з гэтай даты гандляваць без дакументаў забаранілі (Указам Прэзідэнта ад 16.05.14 № 222), але на распродаж ранейшых запасаў тады далі ўсяго
1,5 года. Атрымліваецца, што «пераходны перыяд» па такіх рэштках у прадпрымальнікаў доўжыўся ажно 18 месяцаў. Спецыялісты адзначылі, што снежань стаў апошнім месяцам да знакавай даты. Цяпер тым, хто не паспее ўсё распрадаць, застанецца толькі выкарыстоўваць гэтыя тавары для сябе — яны павінны быць выведзеныя з прадпрымальніцкага абарачэння.

Тэхрэгламент абавязковы для ўсіх

Па-другое, у студзені ўсе тавары легпрама павінны ў поўнай меры адпавядаць тэхнічным рэгламентам Мытнага саюза 017/2011 «Аб бяспецы прадукцыі лёгкай прамысловасці» і, такім чынам, мець аб'ектыўную інфармацыю аб вытворцы, імпарцёры, спажывецкіх уласцівасцях і неабходныя дакументы аб пацвярджэнні бяспекі. Фактычна тэхрэгламент і адпаведнае нацыянальнае заканадаўства на тэрыторыі нашай дзяржавы дзейнічаюць ужо некалькі гадоў, але прадпрымальнікам было дазволена не выконваць гэтыя правілы ў поўным аб'ёме ці нават наогул не выконваць іх, праўда, папярэдзіўшы спажыўца пра гэта. Такія правілы «гульні» на рынку таксама былі вядомыя ўжо даўно.

З карткай — да прадпрымальніка і ў таксі

Па-трэцяе, з першых дзён новага года ўсе індывідуальныя прадпрымальнікі ў Мінску і гарадах абласнога падпарадкавання, адначасова з прадпрымальнікамі гарадоў раённага падпарадкавання, у сваіх гандлёвых аб'ектах (а таксама ў аб'ектах бытавога абслугоўвання і ў таксі) абавязаны ўсталяваць і выкарыстоўваць плацежныя тэрміналы. Так, гэта такія тэхнічныя прылады, якія дазваляюць прымаць аплату банкаўскімі карткамі. Згодна з сумеснай пастановай урада і Нацбанка (ад 6 ліпеня 2011 года № 924/16), гэта павінна было адбыцца 1 ліпеня 2015 года, але ў выніку прадпрымальнікам Мінска і гарадоў абласнога падпарадкавання далі паўгадавую адтэрміноўку.

Кропкі расстаўлены

Выкарыстанне схем адтэрміноўкі і «пераходных перыядаў» уладамі для прадпрымальнікаў тлумачылася разуменнем аб'ектыўных складанасцяў для апошніх. Сапраўды, цяпер індывідуальным прадпрымальнікам неабходна было займацца пошукам новых добрасумленных пастаўшчыкоў, правераных тавараў або, як у выпадку з тэрміналамі, — вырашаць праблему з дадатковымі выдаткамі на набыццё адпаведнага абсталявання.

У прэс-службе Мінэканомікі адзначылі, што большая частка індывідуальных прадпрымальнікаў скарысталася прадастаўленым часам па прызначэнні. Так, калі ў 2014 годзе каля 40 тысяч індывідуальных прадпрымальнікаў рэалізоўвалі такія «рэшткі», то сёння іх засталося, па ацэнцы спецыялістаў, менш за 13 тысяч чалавек. Разам з тым практыка пераносаў і адтэрміновак цалкам не вырашала праблему. Па заканчэнні тэрміну іх дзеяння заставаліся і застаюцца індывідуальныя прадпрымальнікі, не гатовыя да функцыянавання ў новых умовах.

Цяпер яны выступаюць за дазвол гандляваць «рэшткамі» аж да поўнага распродажу, а плацежныя тэрміналы ўсталёўваць па жаданні прадпрымальнікаў. Іншымі словамі, гаворка ідзе аб прапановах па яшчэ адной змене заканадаўства. У прыватнасці было выказана пажаданне вярнуцца да фармату працы ў рамках Указа Прэзідэнта № 285 ад 18.06.2005 года.

Разам з тым індывідуальнымі прадпрымальнікамі быў узняты шэраг практычных пытанняў, звязаных з выкананнем існуючых нормаў. Напрыклад з устаноўкай і абслугоўваннем банкамі плацежных тэрміналаў, практыкай праверкі сапраўднасці дакументаў, што прадастаўляюцца контрагентамі ў Расійскай Федэрацыі і практыкай прымянення адміністрацыйнай адказнасці за працу з дакументамі, прызнанымі не адпаведнымі рэчаіснасці.

Намеснік міністра эканомікі Ірына Касцевіч падкрэсліла важнасць мінулага пасяджэння ГКС як дыялогавай пляцоўкі дзяржорганаў і індывідуальных прадпрымальнікаў і падзякавала прадстаўнікам прадпрымальніцтва за грунтоўную падрыхтоўку. Яна адзначыла, што ўсе названыя практычныя праблемы і прапановы знойдуць сваё адлюстраванне ў выніковым пратаколе пасяджэння, і папрасіла прадстаўнікоў дзяржорганаў у самыя кароткія тэрміны падрыхтаваць прапановы па іх вырашэнні.

Напрыклад, абмеркаванне практычных праблем, звязаных з плацежнымі тэрміналамі (у тым ліку спосабаў іх устаноўкі, тарыфаў абслугоўвання і хуткасці залічэння грашовых сродкаў на рахункі) будзе ініцыявана ў найбліжэйшы час у межах міжведамаснага савета пры Нацбанку. Па словах намесніка міністра гандлю Ірыны Наркевіч, важна вырашаць гэтыя пытанні з улікам інтарэсаў усіх бакоў — пакупнікоў, прадпрымальнікаў і банкаўскай сістэмы, і ў сувязі з гэтым будзе карысна вывучыць літоўскі і латвійскі вопыт.

Падчас пасяджэння прадстаўнікі бізнесу таксама выказалі прапанову аб стварэнні пры грамадска-кансультатыўным савеце пры Мінэканомікі пастаяннай групы па абмеркаванні пытанняў дзейнасці выключна індывідуальных прадпрымальнікаў. Гэта прапанова была падтрымана саветам.

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.