Вы тут

Сціплы афіцэр


Сумная навіна прыйшла ўчора ў рэдакцыю. Не стала героя нашых публікацый, колішняга старшыні Беларускага саюза афіцэраў — Яўгена Васільевіча Мікульчыка.

21-34

Мы сустракаліся з ім не раз. Падчас шматлікіх прэс-канферэнцый і «круглых сталоў», гутарак з афіцэрамі і на выязных мерапрыемствах генерал-лейтэнант у адстаўцы заўсёды знаходзіў час, каб падысці да журналістаў, да моладзі, з якой ён вельмі любіў размаўляць. Так, ужо любіў...

Даволі блізка пазнаёміліся не так даўно. Гэтым летам я напрасілася да яго на інтэрв'ю. Не ведала, што ён хварэе. Думала, што Яўген Мікульчык склаў свае паўнамоцтвы ў Беларускім саюзе афіцэраў таму, што проста стаміўся — амаль 10 гадоў самаадданай працы. Але не. Ён працаваў да апошняга. І, як пасля расказаў, вельмі сумаваў праз тое, што мусіў пайсці. Падвяла хвароба.

Мы дамовіліся сустрэцца ў Палацы культуры ветэранаў (гэтыя дзверы для яго тут заўсёды былі адчынены). Калі ўвайшоў, я яго нават не пазнала. На ім не было звычайнай генеральскай формы, фуражкі. Па калідоры з кіёчкам у руках сціпла крочыў светлавалосы дзядуля. «Дзе генерал?» — здзіўлялася я пра сябе.

А генерала ўжо не было. Перада мной сядзеў іншы Мікульчык. Напэўна, такі, які ён дома, у сям'і. На сустрэчу са мной Яўген Васільевіч прынёс цэлы ахапак фотаздымкаў. На адных ён яшчэ зусім малы — з бацькамі. На іншых — у коле сваёй сям'і. Фатаграфіі, зробленыя на афіцыйных мерапрыемствах і ўрачыстасцях, з калегамі, сябрамі... і нават з гармонікам. Я вельмі прасіла Яўгена Васільевіча, каб дазволіў паставіць апошнюю ў газету. Не пагадзіўся. «Нясціпла», — сказаў як адрэзаў.

Ён быў сціплым чалавекам ва ўсім. Гэтая рыса — з дзяцінства. Ён нарадзіўся ў вёсцы Міжрэчча Пухавіцкага раёна. Бацькі, Васіль Піліпавіч і Антаніна Сямёнаўна, былі сялянамі. Сям'я была вялікай — 11 чалавек. Жыццё прымусіла іх, дзяцей, працаваць з ранніх гадоў. А ён пайшоў вучыцца. Кавалак хлеба ў рукі — і за тры, а потым за дзевяць кіламетраў школу.

Зусім хлопчыкам Яўген Мікульчык зведаў ліха нямецкай акупацыі. Яму было дзевяць гадоў, калі пачалася Вялікая Айчынная вайна. І крышачку больш, калі стаў сувязным партызанскага атрада імя Чапаева партызанскай брыгады «Полымя». На маё пытанне, што яго, зусім хлопчыка, падштурхнула пайсці ў партызаны, Яўген Васільевіч адказваў: «Партызаны і падпольшчыкі з'явіліся, бо не маглі цярпець, што вырабляюць на нашай зямлі фашысты. Мне давалі розныя заданні. Хадзіў у разведку ў Пухавічы, Мар'іну Горку, Турын, у іншыя месцы, дзе стаялі варожыя гарнізоны. Сачыў за тым, як ахоўваюцца масты, палявыя аэрадромы. Бывала ідзеш, як чуеш: «Ком, кіндэр!» Немцы. Пачынаюць правяраць, абшукваць, ажно да лапцяў. Добра, калі нічога не нясеш з сабой. А бывае, нясу лекі, якія партызанам перадаваў праз мяне аптэкар Ануфрый. Партызанскі сувязны, разведчык — вельмі адказная і рызыкоўная справа. Стралялі, на тваіх вачах гінулі хлопцы. Я таксама пад кулямі быў. І не адзін раз... Гітлераўцы пілі нашу беларускую кроў і запівалі баварскім півам!».

Вёска, у якой жылі да вайны, была цалкам спалена. Хату пачалі будаваць з мамай: бацька і старэйшы брат пасля вызвалення Беларусі пайшлі на фронт. Яна і дагэтуль стаіць. Перажыла свайго гаспадара...

Яўген Мікульчык з самага дзяцінства хацеў стаць афіцэрам. І ён ім стаў. Прайшоў шлях ад камандзіра ўзвода да члена ваеннага савета Сібірскай ваеннай акругі. Здаецца, па службе аб'ездзіў увесь Савецкі Саюз.

— Я свядома выбраў гэтую прафесію, — казаў Яўген Васільевіч. — Магчыма, паўплывала вайна. Мне заўсёды падабалася глядзець на афіцэраў, камандзіраў. Армію я палюбіў якраз з тых часоў. Насіць званне афіцэра — вялікі гонар.

Узначаліўшы Беларускі саюз афіцэраў, Яўген Васільевіч не ператварыўся ў кабінетнага чыноўніка. Знаёміўся з воінскімі часцямі і злучэннямі рэспублікі, гутарыў з афіцэрамі, салдатамі. І вельмі — да слёз! — шкадаваў, што вымушаны быў пайсці. Вось што ён казаў: «Сумую. Вельмі сумую. Я люблю ездзіць, рухацца, быць сярод людзей, выступаць перад школьнікамі, студэнтамі, курсантамі. Любая грамадская праца павінна быць выключна жывой, прывабнай. Тады туды будуць ісці і маладыя, і дарослыя, і старыя. Шкадую, што пакінуў. Мог яшчэ працаваць. Хвароба падвяла...»

Яўген Мікульчык неяк падлічыў: за сорак гадоў службы пераязджалі 31 раз! Сібір, Далёкі Усход, Забайкалле, Прыкарпацце... І побач з ім заўсёды была яго сям'я, яго верная жонка. Ён не раз казаў, што сям'я — самы надзейны тыл вайскоўца, і вельмі чакаў, як яны з жонкай, Аленай Міхайлаўнай, у лістападзе адзначаць 60 гадоў шлюбу.

Падчас апошняй сустрэчы Яўген Васільевіч прызнаваўся, што вельмі ганарыцца сваімі дзецьмі. Не дзіва! Яны пайшлі па яго слядах: адзін сын — падпалкоўнік, другі — старшы лейтэнант. Расказваў пра сваіх унукаў і праўнукаў, якіх у яго трое.

Не магла не спытаць, ці строгі ён выхавальнік і які генерал-лейтэнант дома. «Не, сам па сабе я не строгі чалавек, — і сёння памятаю яго словы. — А дома я такі, як усе. У працы. І лыжкі, і талеркі магу памыць, і прыбраць. Хоць часам жонка і крыўдзіцца, што мала дапамагаю. Люблю працаваць на зямлі. Саджу, кашу, палю, паліваю, збіраю... Сёлета на дачы пасадзілі бульбу, гуркі, памідоры, якія трэба даглядаць. Нічога не павінна быць паказнога, усё павінна быць натуральным. Увечары — прагулка. Сумна, вядома. Ці тое раней было ў вёсках! Удзень працавалі, увечары — танцы, песні пад гармонік. Цяпер нічога гэтага няма...»

Ён вельмі любіў вёску. Там, на сваёй малой радзіме, і правёў апошнія месяцы жыцця. Вельмі цаніў прыроднае хараство, вясковы спакой. А ў людзях — прыстойнасць, шчырасць, прастату, павагу да чалавека. «Але без памылак не пражывеш, — казаў ён напрыканцы нашай апошняй сустрэчы. — Калі б усё вярнуць назад, на апошнім этапе я б шмат што не так рабіў. Хоць дапамагаў, здаецца, кожнаму — ад салдата да генерала».

...Мы крочылі па праспекце ў бок яго дома. Заўважалі, якое добрае надвор'е, абменьваліся думкамі наконт апошніх падзей у свеце. Раптам ён спыніўся. На маю прапанову правесці да дому сказаў, што пойдзе сам. Маўляў, трэба сабрацца з думкамі. Я пайшла ў іншым кірунку і ўвесь час абарочвалася. Нешта ўнутранае мне падказвала, што больш не ўбачымся. Так і атрымалася...

Уладзімір МАКАРАЎ, начальнік упраўлення інфармацыі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Міністэрства абароны:

— Гэта быў вельмі сціплы і моцны чалавек. Ён ніколі не выстаўляў напаказ тое, што ў свае няпоўныя 12 гадоў стаў разведчыкам партызанскага атрада. Быўшы моцным чалавекам, ён ніколі не скардзіўся на страшную хваробу. Яўген Васільевіч да апошняга выконваў абавязкі кіраўніка грамадскай арганізацыі. Сам папрасіў пакінуць пасаду, але застаўся членам і Беларускага саюза афіцэраў, і Беларускага грамадскага аб'яднання ветэранаў. Усё яго жыццё звязана з арміяй: прайшоў шлях ад камандзіра ўзвода да члена ваеннага савета Сібірскай ваеннай акругі. Гэта быў прадстаўнік яркага пакалення ветэранаў вайны і Узброеных Сіл.

Васіль СКРЫННІКАЎ, намеснік старшыні Рэспубліканскага савета Беларускага саюза афіцэраў:

— З Яўгенам Васільевічам мы разам служылі на Далёкім Усходзе, ва Улан-Удэ. Ён быў першым намеснікам начальніка палітупраўлення, я — старшым інспектарам. Ён заўсёды дапамагаў, уводзіў у курс справы. Нашы дамы стаялі насупраць. Жонкі працавалі ў шпіталі. Добрыя адносіны склаліся паміж нашымі сем'ямі.

Калі Яўген Васільевіч узначальваў Беларускі саюз афіцэраў, апошнія восем гадоў я быў яго намеснікам. Мне ён запомніўся сваёй увагай да людзей. Нягледзячы на высокія пасады і генеральскае званне, ён быў вельмі простым у зносінах з людзьмі. Мог аднолькава размаўляць як з генералам, так і з афіцэрам, з радавым салдатам, удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны, жанчынай. Да яго тэлефанавалі, прыходзілі не толькі члены Беларускага саюза афіцэраў. Ён прымаў усіх. Умеў выслухаць кожнага, дапамагчы.

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Культура

Кіно, якога не чакалі — 3. Завяршаем падборку драйвовых беларускіх фільмаў

Кіно, якога не чакалі — 3. Завяршаем падборку драйвовых беларускіх фільмаў

Сфера культуры ярчэй за іншыя паказвае, што калі не працуюць традыцыйныя схемы, прыходзіцца шукаць чорны ўваход. Пошукі часам нараджаюць эксперыменты і выкруты, якія абыходзяць абмежаванні, патэрны і завядзёнку і становяцца найлепшымі знакамі свайго часу. 

Грамадства

Як біятэхналогіі паляпшаюць якасць жыцця і здароўя чалавека?

Як біятэхналогіі паляпшаюць якасць жыцця і здароўя чалавека?

Па прагнозах спецыялістаў, не менш як 20 працэнтаў ад аб'ёму тавараў у XXІ стагоддзі будзе за біятэхналогіямі.

Грамадства

Збіраем гардэроб школьніка разам са стылістам

Збіраем гардэроб школьніка разам са стылістам

Пошукі і набыццё «школьнай формы», як па старой звычцы кажуць мамы і таты, — тая яшчэ галаваломка! 

Грамадства

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

А наведвальнiкаў крамы кансультуе выява спецыялiста.