Вы тут

Лес для людзей, але і людзі — для лесу


9-24

Лясная галіна — адзін з найбольш важных для Беларусі напрамкаў пасля сельскай гаспадаркі. Яна аказвае істотны ўплыў на развіццё сумежных галін народнагаспадарчага комплексу краіны і ўносіць важкі ўклад у забеспячэнне эканамічнай бяспекі.

У БЕЛТА адбылася анлайн-канферэнцыя з удзелам першага намесніка міністра лясной гаспадаркі Аляксандра Куліка, падчас якой былі дадзены адказы на шматлікія пытанні, што датычацца выкарыстання і аховы лясоў. Прапануем увазе чытачоў найбольш цікавыя і актуальныя моманты з той размовы.

9-26

Вакол гарадоў угоддзі высякаць не будуць

«Пасля прыняцця праекта новага Ляснога кодэкса Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у першым чытанні праект зведаў пэўныя змены. Асноўныя з іх, з улікам прапаноў дэпутатаў, навукоўцаў-лесаводаў, іншых зацікаўленых бакоў закранулі размеркаванне лясоў па групах і катэгорыях ахоўнасці ў залежнасці ад функцыянальнага дзялення. Мы, як Расія і нашы суседзі — краіны Еўрапейскага саюза, скасоўваем групы лясоў і акцэнтуем увагу на катэгорыях лясоў, рэжымах вядзення гаспадарчай дзейнасці ў той ці іншай катэгорыі ў залежнасці ад функцый, якія выконваюць лясы, а таксама з улікам іх рацыянальнага выкарыстання, балансу экалагічных сацыяльных і эканамічных інтарэсаў краіны. З улікам пазіцыі Мінпрыроды мы ўзмацняем экалагізацыю вядзення лясной гаспадаркі, пашыраем інструменты экалагічнага лесакарыстання шляхам больш шырокага ўкаранення сістэмы несуцэльных высечак галоўнага карыстання, сумесна з навукоўцамі прапрацоўваем пытанне павышэння ўзросту высечак насаджэнняў.

З улікам таго, што лясное заканадаўства ў пэўнай ступені закранае інтарэсы нашых грамадзян, і ў СМІ часта ўзнікаюць спрэчкі адносна прымянення новых нормаў, і ў прыватнасці шырыні зялёных зон вакол гарадоў, хачу ўнесці яснасць: ніхто вакол гарадоў не збіраецца высякаць лясы, і тым больш аддаваць лясныя тэрыторыі пад забудову. Наадварот, новы кодэкс накіраваны на захаванне і павелічэнне плошчы лясоў і лясістасці краіны, узмацненне аховы і абароны лясных насаджэнняў. А што тычыцца шырыні зялёных зон вакол гарадоў, то гэты нарматыў устанаўліваецца не лясным заканадаўствам, а ў адпаведнасці з патрабаваннямі па распрацоўцы горадабудаўнічай праектнай дакументацыі, і падыходы ў гэтым пытанні з пункту гледжання экалогіі і санітарных нормаў даволі жорсткія, і яны не змяняюцца».

Праца па выманні дзіка працягнецца

«Праца па змяншэнні колькасці папуляцыі дзіка ў Беларусі вядзецца з 2013 года. З гэтага часу колькасць гэтага віду скарочана больш чым на 90 працэнтаў і складае каля 8 тысяч асобін. Пры гэтым шчыльнасць дзіка вельмі малая — практычна адна асобіна на 400 тысяч гектараў, што ўскладняе яго здабычу, бо знайсці на такой плошчы адну жывёлу значна складаней.

Нельга сцвярджаць, што пасля адстрэлу існуючай колькасці дзіка мы завершым працу па яго выманні. У прыродзе не бывае пустых нішаў, да таго ж уплыў аказвае міграцыя з суседніх краін, ёсць цяжкадаступная багністая мясцовасць. Але гэтая праца праводзіцца, з 1 сакавіка па 1 чэрвеня гэтага года здабыча дзіка ў цэлым па краіне склала 4 725 асобін. Найбольш нізкія тэмпы вымання ў Магілёўскай вобласці — здабыта 29 працэнтаў дзіка ад улічанай колькасці.

Пакуль Часовае палажэнне аб асаблівым рэжыме выкарыстання рэсурсаў дзіка на тэрыторыі Беларусі адназначна будзе дзейнічаць. Бо ад гэтага залежыць харчовая бяспека краіны, паколькі пераносчыкам АЧС з'яўляюцца менавіта дзікі. Увесну і ўлетку насельніцтва больш актыўна наведвае лясы — людзі збіраюць ягады, грыбы, яны могуць перанесці вірусную хваробу ў населеныя пункты, а затым і ў свінагадоўчыя комплексы».

Праўда, змяншэнне колькасці папуляцыі дзіка адмоўна адбілася на ўзроўні даходаў ад паляўнічага турызму.

«Ставіцца задача, каб больш за палову даходаў ад паляўнічай гаспадаркі прыносіла не здабыча звера, а спадарожныя паслугі — пражыванне ў паляўнічых комплексах, экалагічны турызм, экскурсіі. Летась лесапаляўнічыя гаспадаркі зарабілі на правядзенні паляўнічых тураў для замежнікаў 11 мільярдаў (або 34 працэнты ад усіх даходаў вядзення гаспадаркі), за чатыры месяцы бягучага года — практычна 1 мільярд. Цяпер колькасць замежных паляўнічых, якія жадаюць наведаць Беларусь, змяншаецца. Гэта звязана з тым, што на тэрыторыі краіны практычна адсутнічае асноўны від трафейнай дзічыны — дзік. Гэты від палявання быў вельмі папулярны сярод расіян. Сваю ролю адыграла і сітуацыя на фінансавым рынку Расіі».

Стратэгія — відэаназіранне і фотафіксацыя

Для своечасовага выяўлення пажараў Міністэрства лясной гаспадаркі мела намер цалкам пакрыць тэрыторыю ляснога фонду сістэмамі відэаназірання. Аляксандр Кулікоў падрабязна расказаў, што робіцца ў гэтым кірунку.

«Што тычыцца ўстаноўкі сучасных сістэм відэаназірання і наогул механізмаў своечасовага выяўлення, лакалізацыі і тушэння пажараў, то намі была выбрана, я лічу, правільная стратэгія летась. Мы бачым, што гэты год вельмі складаны ў пажаранебяспечных адносінах, усе, напэўна, бачылі рэпартажы з Гомельскай і Магілёўскай абласцей. З пачатку года ў нас ужо адбылося 250 лясных пажараў, якія закранулі 391 гектар. Найбольшая колькасць зафіксавана ў Гомельскай вобласці — 103 выпадкі (150 гектараў), у Магілёўскай — 55 (134 гектары), у Брэсцкай — 62 (75 гектараў). Анамальна сухая вясна прывяла да таго, што сельгаспалы пачасціліся. Яшчэ ў нас існуе такая праблема, як пераход пажараў з украінскай тэрыторыі, дзе, на жаль, нашы калегі недастаткова эфектыўна распрацавалі сістэму выяўлення і своечасовага тушэння лясных пажараў. Таму тая стратэгія, што была выбрана намі — абсталяванне пажарна-назіральных вышак сістэмамі відэаназірання — сябе апраўдвае. Плюс дакладнае ўзаемадзеянне з МНС, што дазваляе трымаць сітуацыю пад кантролем.

Па стане на 1 красавіка лясгасы для назірання за лясным фондам выкарыстоўваюць 523 пажарна-назіральныя вышкі і мачты, на якіх устаноўлена 345 сістэм відэаназірання. На жаль, цалкам пакрыць тэрыторыю ляснога фонду нам пакуль не ўдаецца. Прычына — рэльеф мясцовасці і размяшчэнне некаторых лясніцтваў на вялікіх адлегласцях адно ад аднаго, што не дазваляе там, дзе вялікія суцэльныя масівы лесу (напрыклад, Гарадоцкі лясгас у Віцебскай вобласці, Пружанскі лясгас у Брэсцкай), пакрыць усю тэрыторыю. Камера відэаназірання глядзіць на адлегласць прыкладна 15-20 кіламетраў, а ёсць месцы, дзе ў нас лясніцтвы адно ад аднаго знаходзяцца на большай адлегласці. Зараз мы прымаем рашэнне аб будаўніцтве дадатковых пажарна-назіральных вышак або мачтаў, на якія можна будзе ўсталёўваць сістэмы відэаназірання, праводзім геадэзічныя работы. Гэта будзе невялікая колькасць — да 50 дадатковых мачтаў, і тады мы зможам пакрыць цалкам усю плошчу.

Акрамя таго, у нас актыўна цяпер усталёўваюцца камеры фотафіксацыі, асноўная частка — для кантролю за парушальнікамі прыродаахоўнага заканадаўства: выкіданне смецця, наведванне ў забаронены час лясоў; але разам з тым па камерах фотафіксацыі мы можам адсачыць, якія машыны, механізмы і людзі знаходзіліся ў месцы ўзнікнення пажару. Такіх камер закуплена ўжо 415, праца новая, мы толькі сёлета яе пачалі. І ўжо ў нас 22 зафіксаваныя камерамі парушальнікі. Усе матэрыялы пададзены для вядзення адміністрацыйнага працэсу».

Сезон чакаецца ягадным, але без грыбоў?

Не за гарамі сезон збору ягад і грыбоў. Якія прагнозы даюць спецыялісты адносна іх «ураджаю» сёлета?

«Спрагназаваць канчатковы ўраджай складана. Адзінае, што можна адзначыць, гэта досыць спрыяльную вясну для цвіцення ягаднікаў. Такім чынам, ураджай ягад павінен быць нядрэнным. Калі браць раён ад Стоўбцаў да Лагойска, Крупак, Барысава, то ў гэтых месцах вельмі добра квітнеюць суніцы, ягада будзе. Чарніцы таксама. Пра журавіны казаць можна будзе пазней. А вось грыбнікоў павінен расчараваць — маласнежная зіма і сухая вясна не спрыяюць багатаму ўраджаю грыбоў. Аднак усё вырашыць далейшае надвор'е і колькасць ападкаў.

Важна памятаць, што нарыхтоўка і збор дзікарослых ягад і грыбоў павінны рабіцца спосабамі, якія не наносяць шкоду ягаднікам і грыбніцам. Пры зборы ягад забараняецца прымяняць механічныя прыстасаванні (шуфлікі, грабянцы і да т.п.), якія наносяць пашкоджанні зараснікам ягаднікаў і зніжаюць ураджай у наступныя гады. Каб пазбегнуць пашкоджання грыбніцы пры зборы грыбоў, іх неабходна зразаць нажом ці асцярожна выкручваць без парушэння ляснога подсцілу. Разграбаць яго з мэтай пошуку грыбоў, асабліва пры нарыхтоўцы лісічак, забараняецца».

Падрыхтаваў Сяргей РАСОЛЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.