Вы тут

Ці вернуцца буслы?


Карэспандэнт «МС» па «сігнале» з глыбінкі пастараўся ўнікнуць... у нюансы птушыных паводзін

Гэтая гісторыя настолькі падкупляе сваёй шчырасцю, што грэх яе не расказаць. Пенсіянерка з вёскі Хамёнкі Сенненскага раёна вельмі перажывала, што з-за падзення слупа, на якім знаходзілася буслінае гняздо, птушкі сёлета могуць не прыляцець.

8-8

— Гняздо буслы ўладкавалі на старым слупе лініі электраперадачы. Электрыкі не прынялі яго, калі новыя ставілі. Ды ён нядаўна ўпаў сам па сабе... Звычайна птушкі нашы прыляталі 2-3 красавіка: спачатку бусел, а потым сяброўка яго... І месяцаў 5-6 тут жылі. А 16 жніўня ўжо адляталі, — з хваляваннем распавядае пенсіянерка Яніна Лявонцьеўна Яцко. (Напэўна, менавіта пра такіх душэўных і мудрых людзей кажуць, што яны — соль зямлі.)

Паводле слоў мясцовай жыхаркі, буслы вярталіся штогод. Яны прыносілі вялікую радасць і карысць. У прыватнасці, пужалі змей і драпежных птушак, якія крадуць курэй. І мышэй елі!

— Калі буслы ў нас, каршуны сюды ўжо не залятаюць. Птушкі ахоўвалі нашы «маёнткі», быццам вопытныя назіральнікі, — працягвае бабуля.

Вёска, дзе яна жыве, невялікая, маланаселеная. Але на жыццё Яніна Лявонцьеўна, якая размяняла восьмы дзясятак, не скардзіцца.

— Я ўвесь час у вёсцы пражыла: кароў даіла, у паляводстве працавала. Я багатая — у мяне дзве дачкі, сын, 6 унукаў і 4 праўнукі! Так што нікога ў сельвыканкаме не трэба з-за мяне турбаваць. Ды і чым дапамогуць у гэтай сітуацыі? — разважае жанчына — Не прымусяць жа птушак тут ізноў пасяліцца...

Усё ж я патурбаваў мясцовую ўладу. Тым больш што прозвішча кіраўніка справамі, якая часова выконвае абавязкі старшыні Студзёнкаўскага сельвыканкама, Хамянкова. Можа, родам з гэтай вёскі?

— Тутэйшая, але родам не адтуль. А ў наваколлях Хамёнкаў увогуле шмат буслоў, яны і па полі ходзяць... Жыхароў жа там — у трох дамах пяцёра пастаянна пражываюць. Плюс дачнікі, — расказала Святлана Іванаўна Хамянкова, якая вельмі здзівілася пытанню пра буслоў.

Праліў святло на бусліныя звычкі Уладзімір Іваноўскі, дацэнт кафедры экалогіі і аховы прыроды Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя
П.М. Машэрава, кандыдат біялагічных навук, вядомы далёка за межамі Беларусі ў тым ліку і дзякуючы ўнікальным фота драпежных птушак і балот.

— Вядома, гнёзды птушкі будуюць самі. Дык чым у гэтай сітуацыі ім дапаможаш? Дарэчы, буслы могуць і самі пакінуць гняздо, напрыклад, тады, калі там заводзяцца паразіты, крывасмокі і пухаеды, якія асабліва моцна дапякаюць птушанятам. Калі так, птушкі робяць новае гняздо і жывуць там, але праз некалькі гадоў могуць і вярнуцца на былое месца — калі яно ім спадабалася. Так што можаце супакоіць бабулю: калі буслы захочуць застацца ў аблюбаваным імі месцы, дык самі знойдуць дзе пасяліцца... Наконт таго, што буслы адпужваюць драпежных птушак... Ну, гэта наўрад ці... А вось ядуць яны сапраўды ўсё, што трапіцца на вочы: мышэй, змей, жаб...

Хочацца верыць, што сёлета буслы зноў паселяцца ў вёсцы, будуць радаваць тутэйшых і прыезджых. І ў першую чаргу Яніну Лявонцьеўну, якая не прывыкла скардзіцца на жыццёвыя праблемы, а пад старасць яе турбуе нешта больш высокае і рамантычнае...

Аляксандр ПУКШАНСКІ.

P.S. Днямі віцебскія сваякі бабулі паведамілі мне, што бусел усё ж прыляцеў! А адзін з мясцовых жыхароў знайшоў фота (аж 1950-х гадоў) буслоў, якія тады жылі ў вёсцы...

Меў рацыю Уладзімір Іваноўскі: не важна, што разбурана старое гняздо. Тутэйшыя жыхары назіралі за будаўніцтвам новага і чакалі, калі ў працавітага бусла з'явіцца пара. І не памыліліся: у хуткім часе буслоў стала двое!

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.