Вы тут

Заглушка раздору


Маладая сям'я з Сеніцы не можа дамагчыся, каб ЖЭС перакрыў ваду

Яшчэ на пачатку верасня ў кватэры жыхара аграгарадка Сеніца, што ў Мінскім раёне, Аляксандра Шуцько лопнула да самага вентыля труба гарачай вады. Аварыйная служба прыехала, калі ўсё ўжо было затоплена, і перакрыла ваду ўнутры кватэры. Пры гэтым работнікі паставілі заглушку і патлумачылі, што далейшыя работы павінны праводзіць спецыялісты ЖЭСа. На выклік прыйшлі майстар і два сантэхнікі, аднак рабіць нічога не сталі і нават не склалі акт аб прычыне аварыі.
Апроч праблемы з вадой, Аляксандр заклапочаны і станам пад'езда ў яго доме.

11-12

Аляксандр згадзіўся ліквідаваць няспраўнасць самастойна, бо жыць без гарачай вады з маленькім дзіцем немагчыма. Аднак высветлілася, што заглушка з вентылем, якую паставілі на прарваную трубу супрацоўнікі аварыйнай службы, не падыходзяць па памеры, і таму нельга нават устанавіць лічыльнік, бо ён проста не ўлазіць. Аляксандр набыў усе неабходныя матэрыялы і вентыль патрэбнага памеру, але правесці работы не можа: для гэтага трэба, каб ЖЭС перакрыў ваду ў пад'ездзе. Але рабіць гэта па невядомых прычынах камунальнікі адмаўляюцца. Да сённяшняга дня сям'я застаецца без гарачай вады. З гэтай прычыны давялося нават часова пераехаць у кватэру цешчы.

— Каб пайшла гарачая вада, трэба проста злучыць трубу ў кватэры, але ж за ўвесь гэты час да нас ніхто з ЖЭСа не прыйшоў, — абураецца Аляксандр.

Па словах мужчыны, ён неаднаразова звяртаўся ў жыллёвую службу, у тым ліку і пісьмова. Але плёну гэта не прынесла. То ў арганізацыі не было спецыялістаў патрэбнай кваліфікацыі, а то заяўніка проста ігнаравалі. Такім чынам, сям'я Аляксандра «праштурмавала» ўжо не адну інстанцыю. Апроч ЖЭСа, звярталіся таксама ў выканкам і нават Мінжылкамгас, дзе заявы разгледзелі, але...

— Звяртаемся ў ЖЭС — нашы пытанні не вырашаюцца. Звяртаемся ў Міністэрства — нас адпраўляюць у выканкам. А выканкам зноў адпраўляе ў ЖЭС. Замкнёнае кола, — рэзюмуе малады чалавек.

Увогуле праблемы з камунальнікамі ў Аляксандра цягнуцца ўжо два гады. Па яго словах, жыллёвая служба не адсочвае стан дома, а між тым жыльцы заклапочаны пытаннем рамонту: тынкоўка са сцен абвальваецца, дзіркі ў пад'ездзе даводзіцца замазваць самастойна. Выклікаюць нараканні адсутнасць графіку прыбірання і абсталяванне дваравой тэрыторыі... А калі ў кватэры Аляксандра доўгі час не маглі прачысціць вентыляцыю, вырашыць сітуацыю дапамог толькі зварот у «Звязду».

Рэагуем на праблему і тэлефануем у ЖЭС №7, які знаходзіцца ў Прылуках і абслугоўвае ў тым ліку сеніцкі ўчастак. Просім злучыць з начальніцай, але справавод, якая ўзяла трубку, паведамляе, што тая звольнілася і ўжо месяц, як у службу прыйшла новая кіраўніца, якой на месцы няма. «Такі аўрал, халадае, а ў нас яшчэ не ва ўсіх дамах ацяпленне ўключана. А гэта ж цяпер самае важнае! Яна сама з сантэхнікам лазіць па падвалах і ўключае ацяпленне, бо памочнікаў няма. Учора да дзесяці вечара працавала», — распавяла спагадлівая супрацоўніца. Выслухаўшы прычыну званка, яна параіла звярнуцца да майстра, які абслугоўвае, па яе словах, «праблемны» дом Аляксандра. Але майстар Леван Найбандзян ужо тыдзень як на бальнічным. Тым не менш нам удаецца звязацца з ім па мабільным тэлефоне. Мужчына ахвотна ідзе на размову, аднак у яго на сітуацыю свой погляд: ён лічыць, што Аляксандр адразу пайшоў на канфлікт.

— У гэтай кватэры ўвесь рамонт разам з устаноўкай лічыльніка зойме 40 — 50 хвілін. Але праблема ў тым, што разводка ў неналежным стане, — тлумачыць ён. — Мы можам усё зманціраваць, але не можам даць гарантыі, што сістэма не парвецца. Ён (Аляксандр. — Аўт.) на гэта не пагадзіўся.

— Але ж ён кажа, што можа зрабіць усё сам, толькі для гэтага неабходна перакрыць ваду ў пад'ездзе, з чым ён неаднаразова да вас звяртаўся.

— Ваду ў пад'ездзе перакрываць не трэба. Я сам у яго кватэры паставіў добры вентыль, які толькі і трэба перакрыць на трубе.

Што да прыбірання ў пад'ездзе, майстар сцвярджае, што яно праводзіцца згодна з графікам двойчы на месяц, але ж самі жыльцы не заўсёды адказна падыходзяць да ўтрымання свайго жылля ў належным стане. А рамонт агульных месцаў карыстання, да якіх адносяцца і пад'езды, па ўсёй краіне цяпер ажыццяўляецца за кошт жыльцоў.

Леван Найбандзян лічыць, што Аляксандр проста хоча паканфліктаваць. Аднак ці пойдзе хоць адзін нармальны чалавек на тое, каб увосень усёй сям'ёй некалькі месяцаў сядзець без гарачай вады толькі дзеля таго, каб настаяць на сваім? І наўрад ці на пустым месцы пры наведванні кватэры майстрам гаспадар стане запісваць гэты візіт на відэакамеру, як аднойчы зрабіў Аляксандр...

На жаль, падобныя сітуацыі паміж жыльцамі і прадстаўнікамі камунальных службаў не пераводзяцца. Рэдка хто з жыльцоў упусціць магчымасць паскардзіцца на дворнікаў з ЖЭСа, якія не прыбіраюць тэрыторыю, ці сантэхнікаў, якія прыходзяць на заяўкі з красамоўным амбрэ. Як і тыя ж дворнікі і сантэхнікі не стамляюцца наракаць на неахайных жыльцоў. Напэўна, гэтыя спрэчкі скончацца толькі тады, калі кожны будзе якасна выконваць сваю справу: жыллёвыя службы — спраўна сачыць за станам жылфонду, а ўласнікі жылля — яго падтрымліваць.

Дзіяна СЕРАДЗЮК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як будзе праходзіць перапіс насельніцтва

Як будзе праходзіць перапіс насельніцтва

Старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэта Іна МЯДЗВЕДЗЕВА адзначае, што іх ведамства разлічвае перапісаць максімальную колькасць грамадзян з дапамогай укаранёных інавацый.

Грамадства

Адзіныя дзяўчаты-паркуршчыцы ў Беларусі распавядаюць пра свой спорт

Адзіныя дзяўчаты-паркуршчыцы ў Беларусі распавядаюць пра свой спорт

Гэты кірунак спорту ўвайшоў у жыццё былых студэнтак дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры выпадкова.