Чарговая перамога «бела-блакітных», вікторыя пляжных футбалістаў і неверагодны поспех весляроў. У аб'ектыве «Звязды» — галоўныя спартыўныя падзеі краіны апошняга ўік-энда.
1.Зборная Беларусі па веславанні на байдарках і каноэ прывезла з чэмпіянату Еўропы 8 узнагарод (4 залатыя медалі, 2 сярэбраныя і 2 бронзавыя). У выніку нашы суайчыннікі занялі ў агульнакамандным заліку трэцяе месца і прапусцілі наперад толькі венграў, гаспадароў спаборніцтваў, і немцаў. Узнагароды вышэйшага гатунку атрымалі Маргарыта Цішкевіч і Марына Літвінчук (байдаркі-двойкі, 200 метраў), Алег Юрэня (байдарка-адзіночка, 1000 м), Дзмітрый Рабчанка, Дзяніс Гаража, Дзмітрый Вайцішкін і Аляксандр Ваўчэцкі (каноэ-чацвёркі, 1000 м), Аляксандра Грышына і Соф'я Юрчанка (байдаркі-двойкі, 1000 м).
2.Зборная Беларусі па пляжным футболе, якую трэніруе бразілец Жоао Коста, упершыню ў сваёй гісторыі згуляе ў суперфінале Еўралігі. На чарговым этапе турніру, які прымала Масква, беларусы нечакана перайгралі Расію (4:2), паўнамоцных чэмпіёнаў свету, саступілі іспанцам (1:4) і перамаглі грэкаў (6:5). Нягледзячы на тое, што перад суперфіналам пройдзе яшчэ адзін этап, беларусы загадзя забяспечылі сабе месца ў вырашальным раўндзе. Матчы за трафей пройдуць у іспанскім гарадку Тарэдэмбара з 14 па 17 жніўня.
3.Мінскае «Дынама» замацавалася на першай пазіцыі першынства краіны па футболе. У 17‑м туры сталічная дружына ў гасцях перайграла бабруйскую «Белшыну» (1:0). Брэсцкія дынамаўцы перамаглі «Слуцк» (2:1), «Гомель» і «Нафтан» (Наваполацк) падпісалі мірны дагавор (2:2), «Шахцёр» быў мацнейшы за «Нёман» (1:0), а «Мінск» з дапамогай абаронцы Сяргея Амельянчука, які вярнуўся на радзіму пасля 13‑гадовага легіянерскага перыяду, набраў тры балы ў паядынку з «Дняпром» (1:0). У сваю чаргу, барысаўскі БАТЭ не здолеў на родным стадыёне перайграць жодзінскі «Тарпеда-БелАЗ» (1:1). Пасля чарговага тура мінскае «Дынама» з 41 балам адарвалася на тры ачкі ад БАТЭ. На трэцім месцы з 30 баламі ідзе «Шахцёр».
Дарэчы, сёння на «Барысаў-Арэне» падапечныя Аляксандра Ермаковіча распачнуць еўракубкавую праграму. У першым матчы 2‑га кваліфікацыйнага раўнда Лігі Чэмпіёнаў «жоўта-блакітным» будзе супрацьстаяць албанскі «Скендэрбеў». Матч пачнецца ў 20:00. Прамую трансляцыю арганізуе афіцыяльны сайт БАТЭ і тэлеканал «Беларусь‑5».
4.Дзюдаістка Анжэла Марозава заваявала сярэбраную ўзнагароду на этапе Еўрапейскага тура, які прымаў нямецкі Зіндэльфінген. У фінале вагавой катэгорыі да 70 кг Анжэла саступіла італьянцы Джэніфер Пітцанці.
Тарас ШЧЫРЫ.
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».
Што за таемнымі дзвярыма?