Праектам «У пошуках страчанага» Уладзімір Ліхадзедаў сумесна з газетай «СБ. Беларусь сегодня» і Выдавецкім домам «Звязда» прэзентавалі нашу краіну ў ЗША
Гісторыя і культура не маюць межаў. Вельмі часта народы і краіны аказваюцца блізкімі праз лёсы адных і тых жа людзей, праз агульныя і аднолькава зразумелыя ўсім падзеі. Адчувалася гэта і на прэзентацыях, сустрэчах, якія пры падтрымцы беларускага пасольства ў ЗША правёў калекцыянер і гісторык, лаўрэат прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» Уладзімір Ліхадзедаў. Фактычна ў ЗША прайшло своеасаблівае падарожжа праекта «У пошуках страчанага».
— А пачалося ўсё з урачыстага сходу, прысвечанага 70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, у Нью-Ёрку, — расказвае Уладзімір Аляксеевіч. — Больш за 200 чалавек сабралася, каб успомніць пра вайну, пагаварыць пра Беларусь. Рэпрадукцыі старых паштовак аказаліся якраз да месца. Трэба было бачыць твары землякоў, якія шукалі ў філакартычных альбомах свае гарады і вёскі.
Усе жыва цікавіліся гісторыяй Беларусі і задавалі шмат пытанняў. Удзельнікі сустрэчы па-добраму здзіўляліся, што ў газетнага праекта, звязанага з публікацыяй рэпрадукцый старых паштовак, такое доўгае жыццё. Старшыні беларускага зямляцтва ў Нью-Ёрку Савелію Капланскаму я падарыў кнігу «Сінагогі» — першы альбом з серыі «У пошуках страчанага».
Але, напэўна, цэнтральнай падзеяй стала прэзентацыя аўтарскага праекта Уладзіміра Ліхадзедава «У пошуках страчанага» ў Бібліятэцы Кангрэса ЗША, арганізаваная па інціыятыве амерыканскага боку. У мерапрыемствах прымалі ўдзел прадстаўнікі Дзярждэпартамента ЗША, аналітычных і навуковых цэнтраў, гісторыкі, выкладчыкі ўніверсітэтаў. У бібліятэцы ёсць амаль усе філакартычныя альбомы У. Ліхадзедава, якія выдадзены ў свет рознымі выдавецтвамі Беларусі. Сярод іх — «У пошуках страчанага», «Знічкі Айчыны», «Сінагогі», «Мінск: падарожжа ў часе», «Беларусь вачыма нямецкага салдата»... У гэтай вядомай усяму свету кніжнай скарбніцы беларускага гісторыка прымаюць ужо другі раз. У 2011 годзе ў Вашынгтоне адбылася з удзелам аўтара праекта прэзентацыя альбома «Тадэвуш Касцюшка на старых паштоўках».
— Прадстаўляючы ў Бібліятэцы Кангрэса ЗША і праект «У пошуках страчанага» ў цэлым, і адну са сваіх навінак — кнігу «Падарожжа ў часе», — расказвае Часовы Павераны Рэспублікі Беларусь у ЗША Павел Шыдлоўскі, — беларускі калекцыянер здзейсніў сапраўдны фурор. Амерыканцам цікава было даведацца, што праект, распачаты на старонках газеты «СБ. Беларусь сегодня» роўна дзесяць гадоў таму, атрымаў шырокае прызнанне і сусветную вядомасць. У рамках праекта аўтарам было выдадзена 14 кніг, праведзена больш за 50 выставак у розных краінах свету, адноўлены два раней страчаныя помнікі. Прысутныя з непадробнай цікавасцю ўступалі ў дыялог з У. Ліхадзедавым, які расказаў ім пра беларускую гісторыю, нашых знакамітых землякоў. Кожны мог пагартаць кнігі, пабачыць, як выглядалі сто гадоў таму беларускія мястэчкі і гарады, уважліва разглядалі хрысціянскія храмы, сінагогі, мячэці, многія з якіх не захаваліся. Амерыканскія госці былі ўражаны аб'ёмам выкананай работы, адлюстраваннем многіх раней не вядомых гістарычных фактаў. Удзельнікі мерапрыемства адзначылі, што па выніках прэзентацыі яны з захапленнем і здзіўленнем адкрылі для сябе новую, раней не вядомую ім Беларусь.
У падарунак Бібліятэцы Кангрэса ЗША Уладзімір Ліхадзедаў перадаў кнігу «Падарожжа ў часе», якая была ўручана кіраўніку Еўрапейскага аддзела Бібліятэкі Гранту Харысу.
Творчасць Уладзіміра Ліхадзедава адкрывае перад чытачамі факты гісторыі, якія аб'ядноўваюць Беларусь і ЗША. Кніга «Тадэвуш Касцюшка» — дакладны прыклад гэтаму: большасць амерыканцаў і не здагадваецца, што герой Амерыкі, барацьбіт за незалежнасць Злучаных Штатаў нарадзіўся на беларускай зямлі. Сімвалічна, што мерапрыемства праводзілася ў пярэдадзень галоўных нацыянальных свят Беларусі і ЗША.
Прыкметнай падзеяй стала і знаёмства з кнігай «Беларусь і мусульманскі свет». Сустрэчу арганізавала Асацыяцыя крымскіх татар Нью-Ёрка на чале з яе кіраўніком Улькерам Асманавым. Былі на прэзентацыі і нашчадкі татар, якія раней пражывалі ў Беларусі.
Прыезд беларускага гісторыка і калекцыянера ў ЗША заўважылі і ацанілі і амерыканскія мас-медыя. Будзем лічыць, што старая паштоўка — добры аргумент у развіцці добрых сяброўскіх адносін паміж краінамі і народамі.
Кірыл Ладуцька.
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».
Што за таемнымі дзвярыма?