Самыя свежыя факты пра нашу краіну
Наша краіна па колькасці насельніцтва займае 16‑е месца сярод еўрапейскіх дзяржаў (увогуле ў Еўропе 65 краін), 5‑е месца сярод краін СНД і 92‑е месца ў свеце — пра гэта «Звяздзе» паведамілі ў Нацыянальным статыстычным камітэце.
Калі ж параўноўваць тэрыторыі, то наша рэспубліка знаходзіцца на 13‑м месцы сярод еўрапейскіх дзяржаў (трохі саступае Вялікабрытаніі і Румыніі, больш чым у 2,2 раза пераўзыходзіць Партугалію і Венгрыю і амаль у 5 разоў — Нідэрланды і Данію), на 6‑м — сярод краін СНД (пасля Расіі, Казахстана, Украіны, Узбекістана, Туркменістана) і на 84‑м месцы ў свеце.
Самая шматлікая па колькасці насельніцтва сярод абласцей рэспублікі — Гомельская вобласць (1 425,6 тыс. чалавек), а сярод раёнаў — Барысаўскі раён Мінскай вобласці (183,7 тыс. чалавек).
Урбанізацыя хуткімі тэмпамі
Тры чвэрці насельніцтва ў нас — гараджане. На пачатак 2014 года колькасць гараджан склала 7 млн 275 тыс. чалавек (для параўнання: усяго ў краіне пражываюць 9 млн 468 тыс. чалавек).
Каля 70% гарадскога насельніцтва засяроджана ў 14 гарадах Беларусі, у якіх колькасць насельніцтва перавышае 100 тыс. чалавек. Так, на пачатак 2014 года ў Мінску налічвалася 1 млн 922 тыс. жыхароў, у Гомелі — 512 тыс., у Магілёве — 371 тыс., у Віцебску — 363 тыс., у Гродне — 357 тыс., у Брэсце — 331 тыс., у Бабруйску — 218 тыс., у Баранавічах — 177 тыс., у Барысаве — 145 тыс., у Пінску — 136 тыс., у Оршы — 117 тыс., у Мазыры — 112 тыс., у Салігорску — 105 тыс., у Наваполацку — 102 тыс. чалавек.
Колькі хлопцаў на 10 дзяўчат?
У Белстаце сцвярджаюць, што на 1000 мужчын прыпадае 1151 жанчына. У гарадской мясцовасці гэтыя суадносіны склалі 1166 жанчын, у сельскай мясцовасці — 1102 жанчыны на 1000 мужчын. Усяго ў краіне на пачатак гэтага года пражывалі 5 066,9 тыс. жанчын і 4 401,3 тыс. мужчын.
Няўхільна старэем
Сярэдні ўзрост беларуса здаецца на першы погляд такім, што хочацца сказаць: «у самым росквіце сіл». А менавіта — 39,9 года. Пры гэтым сярэдні ўзрост мужчыны — 37,1 года, жанчыны — 42,3 года. Але, пачынаючы з 1990 года, сярэдні ўзрост пастаянна павялічваецца. Так, за апошнія 13 гадоў жыхар нашай рэспублікі «пасталеў» на 4,8 года, пры гэтым мужчына — на 4,5 года, жанчына — на 4,9 года.
На пачатак 2014 года насельніцтва ў працаздольным узросце налічвалася ў нас быццам бы не так ужо і мала — 5,6 млн чалавек (або 59,4% ад агульнай колькасці насельніцтва).
Пры гэтым колькасць дзяцей і падлеткаў (0–15 гадоў) склала 1,6 млн чалавек (16,7% ад агульнай колькасці насельніцтва) і за 2013 год павялічылася на 31,4 тыс. чалавек.
Але няўхільна расце доля пажылых людзей, колькасць якіх на пачатак года склала больш за 2 млн чалавек, павялічыўшыся за мінулы год на 36,9 тысячы.
І ўсё ж, чаму ААН называе беларусаў старой нацыяй? Бо, у адпаведнасці са шкалой ААН, насельніцтва лічыцца маладым, калі доля асоб ва ўзросце 65 гадоў і старэй складае менш за 4%, на парозе старасці — ад 4% да 7%; калі ж доля асоб 65 гадоў і старэй роўная 7% і больш, то насельніцтва можна назваць старым. А ў Беларусі на пачатак гэтага года доля асоб ва ўзросце 65 гадоў і старэй складала аж 13,9%!
Дарэчы, самым «маладым» рэгіёнам Беларусі дэмографы называюць Мінск, сярэдні ўзрост насельніцтва якога склаў 38,2 года. Самым «старым» — Віцебскую вобласць (41,3 года).
Даўжэй за ўсіх жывуць гараджанкі
Чаканая працягласць жыцця для тых, хто нарадзіўся ў 2013 годзе, складае 72,6 года: для мужчын — 67,3 года, для жанчын — 77,9.
У цэлым розніца ў чаканай працягласці жыцця паміж мужчынамі і жанчынамі ў нашай краіне складае 10,6 года — на карысць жанчын, у працягласці жыцця гарадскога і сельскага насельніцтва 5 гадоў — на карысць горада. На сёння працягласць жыцця мужчын і жанчын у гарадах і пасёлках гарадскога тыпу большая, чым у сельскіх населеных пунктах: у мужчын — на 5,3 года, жанчын — на 3,2 года.
Святлана Бусько.
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».
Што за таемнымі дзвярыма?