Вы тут

Час для радыкальных мер


Беларусь павінна захаваць ініцыятыву ў вайне супраць наркотыкаў

За апошнія чатыры месяцы наша краіна дамаглася ўражваючых вынікаў у барацьбе супраць незаконнага абароту наркотыкаўАледзеля тагокаб не згубіць атрыманаю перавагу ў барацьбе з наркабізнесамдзяржава павінна распачаць новыя хуткія і рашучыядзеянні

Наступ па ўсім антынаркатычным фронце

«Час прымаць радыкальныя меры ў барацьбе супраць наркотыкаў у нашым грамадстве», - заявіў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 7 красавіка  пад час сустрэчы са старшынёй Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Андрэем Шведам.

Здавалася б, Беларусь і так паказвае нядрэнныя вынікі на гэтым напрамку. У студзені быў прыняты “макавы” дэкрэт Прэзідэнта, які зрабіў больш жорсткімі правілы абароту насення маку – раней асноўнай сыравіны для вырабу наркотыкаў у Беларусі. Дзякуючы  гэтаму дакументу было рэалізавана некалькі рэкордных канфіскацый “бруднай” сыравіны. У выніку, на фоне прыпынення каналаў паступлення гераіну і чыстага опіуму,  доля апіятаў у структуры наркаспажывання ў Беларусі знізілася ў 10 разоў (з 60-80 % да 7%).

У сакавіку Міністэрству ўнутраных спраў сумесна з Міністэрствам аховы здароўя і Камітэтам судовых экспертыз ўдалося папоўніць спіс аналагаў наркатычных сродкаў адразу на 11 пунктаў, забяспечыўшы яго максімальную актуальнасць. Неабходныя дзеянні былі праведзены ў максімальна сціснутыя, наколькі гэта дазваляе заканадаўства, тэрміны - за 29 дзён. Гэта ўжо дазволіла праваахоўнікам нанесці некалькі магутных удараў па гандлі “дызайнерскімі” (“легальнымі”) наркотыкамі. У бліжэйшы час мы можам чакаць яшчэ больш маштабных аперацый і канфіскацый.

Важным аспектам сітуацыі з'яўляецца тое, што Беларусь - адзіная краіна ў рэгіёне, якая змагла паставіць настолькі магутны заслон опіумнай наркаманіі. Ўзмацненне жорсткасці абароту насення маку, наступ на “дызайнерскія” наркотыкі – гэтыя дзеянні нават на невялікім беларускім рынку наносяць шкоду эканамічным інтарэсам крыміналу на сотні тысяч і мільёны долараў у год. Таму прыведзеныя вышэй поспехі, на мой погляд, з'яўляюцца выбітным дасягненнем беларускай дзяржавы, і, асабліва галоўнага лакаматыва антынаркатычнай барацьбы, - Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі.

Пытанне

стратэгічнай ініцыятывы

Аднак вайна з наркотыкамі, як і ўсякая іншая вайна, прад'яўляе вельмі высокія патрабаванні да здольнасці праваахоўнікаў ўтрымліваць стратэгічную ініцыятыву. Ашаломленыя заканадаўчымі навацыямі наркагандляры і наркавытворцы, безумоўна, паспрабуюць пакрыць свае страты, увёўшы ў абарот новыя, яшчэ не забароненыя, наркатычныя рэчывы. Спрыяльныя ўмовы для гэтага створыць Чэмпіянат свету па хакеі, які пройдзе ў Мінску ў маі: адмена візавых абмежаванняў, наплыў вялікай колькасці заможных турыстаў, якія шукаюць забаў, - усё гэта на кароткі перыяд зробіць беларускі наркарынак значна больш ёмістым і, ў цэлым,  вельмі прывабным.

У такой сітуацыі МУС, Міністэрства аховы здароўя і Дзяржкамітэт судовых экспертыз прапанавалі зрабіць наступны крок у барацьбе супраць “легальнай” наркаманіі – стварыць механізм звышаператыўнага рэагавання на з'яўленне на рынку новых псіхаактыўных рэчываў, Міжведамасную камісію па аднясенню хімічных рэчываў да аналагаў наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў. Камісія павінна ўключаць прадстаўнікоў трох ведамстваў, якія пры выяўленні ў абароце новых ПАР на працягу 24-48 гадзін у шчыльным узаемадзеянні могуць забяспечыць аднясенне гэтых рэчываў да ліку аналагаў наркатычных сродкаў. МУС у дадзенай схеме фіксуе факт абароту -распаўсюджвання рэчываў сярод асобаў, якія ўжываюць наркотыкі. Міністэрства аховы здароўя здольнае зрабіць заключэнне аб уздзеянні рэчыва на фізічнае і псіхічнае здароўе і стан спажыўца. Дзяржкамітэт судовых экспертыз здольны хутка выявіць падабенства формулы новага рэчыва з формуламі ўжо вядомых наркотыкаў. Кваліфікаванае такім чынам псіхаактыўнае рэчыва часова змяшчаецца ў спіс аналагаў наркатычных сродкаў, яго абарот становіцца незаконным, беларуская міліцыя атрымлівае прававую падставу для спынення яго распаўсюджвання і прыцягнення да адказнасці наркадылераў.

Кошт пытання

Наколькі важны гэты час - 29 дзён, якія займаюць папаўненне спісу зараз, і 1-2 дні пры новым парадку работы? Лічыце самі!

З 14 па 21 сакавіка 2014 года ў Беларусі было выяўлена 140 злачынстваў па лініі наркакантролю. З іх 94 (68%) былі звязаны з  сумесямі для курэння.

Пры з'яўленні новых, незабароненых рэчываў і пераходзе на іх асноўных наркагандляроў, новы наркотык хутка зойме не менш за палову рынку. Гэта значыць, за чатыры тыдні (28 дзён) мінімум палова ўсіх нарказлачынстваў, звязаных з курыцельнымі сумесямі, будуць здзейсненыя з новым рэчывам, а гэта 94/2х4=188 правапарушэнняў, па якіх немагчыма будзе прыняць ніякіх эфектыўных мер процідзеяння. Такім чынам, як мінімум, тысяча чалавек атрымаюць свабодны доступ да новай атруты. Гэта школьнікі, навучэнцы прафесійна-тэхнічных і сярэдне-спецыяльных навучальных устаноў. Вынік: сотні згубленых назаўжды хлопчыкаў і дзяўчынак, дзесяткі новых пацыентаў псіханеўралагічных дыспансэраў і, як мінімум, некалькі загінулых.

Важна пры гэтым разумець, што людзі, якія трапілі ў залежнасць ад псіхаактыўных рэчываў, хутка самі становяцца распаўсюджвальнікамі наркотыкаў. Іншымі словамі, папаўненне арміі наркаспажыўцоў, якое адбудзецца за гэтыя 28 дзён, будзе мець сур'ёзныя наступствы ў будучыні. Больш за тое, за гэты час паспеюць сфармавацца або ўзмацніцца аптова-рознічныя сеткі продажу новых наркотыкаў. А іх ліквідацыя – гэта ўжо складаны комплекс аператыўных, следчых і іншых мерапрыемстваў, на якія неабходна марнаваць дзесяткі мільёнаў дзяржаўных рублёў.

Вось такая няўмольная статыстыка.

Навошта патрэбен суверэнітэт?

У ходзе абмеркавання пытання аб стварэнні Міжведамаснай камісіі па аднясенню хімічных рэчываў да аналагаў наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў эксперты выказали думку, што стварэнне камісіі і парадак яе працы супярэчаць дзеючаму ў Мытным саюзе парадку выдачы дазволаў на ўвоз рэчываў і ўключэнне іх у пералік забароненых. Сапраўды, існуе Адзіны пералік тавараў, да якіх прымяняюцца забароны ці абмежаванні на ўвоз ці вываз дзяржавамі – членамі Мытнага саюза ў рамках Еўразійскай эканамічнай супольнасці ў гандлі з трэцімі краінамі. Ён зацверджаны Рашэннем Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі ад 16 жніўня 2012 года № 134 і можа змяняцца толькі рашэннямі такога ж узроўня.

Аднак нарматыўны акт больш высокага ўзроўню, - Пагадненне аб парадку ўвядзення і прымянення мер, якія закранаюць знешні гандаль таварамі, на адзінай мытнай тэрыторыі ў дачыненні да трэціх краін, - прадугледжвае магчымасць і парадак ўвядзення мер, якія закранаюць знешні гандаль таварамі, у аднабаковым парадку. У прыватнасці, такія меры (“часовыя меры”) могуць ўводзіцца ў мэтах забеспячэння абароны і бяспекі, аховы жыцця або здароўя грамадзян, забеспячэння захавання грамадскай маралі і правапарадку. Больш за тое, уведзеныя на гэтых падставах меры на працягу трох дзён могуць і павінны быць вынесены на разгляд Еўразійскай эканамічнай камісіі. Апошняя павінна прыняць рашэнне аб увядзенні адпаведных абмежавальных мер (“часовых мер”) на ўсёй тэрыторыі Мытнага союза на працягу 30 дзён.

Іншымі словамі, Рэспубліка Беларусь, ствараючы механізм звышаператыўнага рэагавання на з'яўленне новых псіхаактыўных рэчываў і змяненне кан'юнктуры рынку наркотыкаў, не толькі дзейнічае ў адпаведнасці з духам і літарай пагадненняў у рамках еўразійскай інтэграцыі. Больш таго: Беларусь у можа стаць ключавой пляцоўкай, якая забяспечвае актуалізацыю нарматыўнай базы Мытнага саюза з пункту гледжання антынаркатычнай бяспекі, - своеасаблівай антынаркатычнай выведкай будучага Еўразійскага эканамічнага саюза. Аналіз наркасітуацыі ў Расіі і Казахстане паказвае, што такая роля Рэспублікі Беларусь была б запатрабаванай нашымі партнёрамі, паколькі ў сілу велічыні іх тэрыторый і складанасці механізмаў работы дзяржаўнага апарату такога аператыўнага рэагавання на змяненне сітуацыі ім бывае дасягнуць няпроста. І звяртанне гэтых  структур у беларускае Міністэрства ўнутраных спраў па пытаннях кваліфікацыі новых псіхаактыўных рэчываў ужо сёння з’яўляецца звычайнай справай.

Гэта значыць, суверэнная дзеянне ў дадзеным выпадку будзе цалкам адпавядаць інтарэсам іншых удзельнікаў еўразійскай інтэграцыі. І, з другога боку, паспяховае стварэнне Міжведамаснай камісіі стане выдатным прыкладам таго, як удзел нашай краіны ў інтэграцыйных працэсах будзе не абмяжоўваць, а ўзмацняць суверэнітэт Беларусі  і здольнасць беларускай дзяржавы абараняць правы і законныя інтарэсы беларускіх грамадзян.

Справа за малым - палажэнні аб Міжведамаснай камісіі па аднясенню хімічных рэчываў да аналагаў наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў павінны быць уключаны ў Закон Рэспублікі Беларусь “Аб наркатычных сродках, псіхатропных рэчывах, іх прэкурсорах і аналагах”. Гэтую ідэю акрамя Міністэрства ўнутраных спраў ужо падтрымалі Міністэрства аховы здароўя, Міністэрства юстыцыі, Вярхоўны суд, Генеральная пракуратура, Камітэт дзяржаўнай бяспекі, Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз, Дзяржаўны памежны камітэт і Дзяржаўны мытны камітэт.

Маніторынг грамадскай думкі ў сетцы Інтэрнэт паказвае, што беларускае грамадства таксама чакае  больш жорсткіх і рашучых дзеянняў у гэтай сферы. Патрабаванні нашых суграмадзян ўзмацніць і зрабіць бескампраміснай барацьбу з наркотыкамі гучаць на форумах і ў сацыяльных сетках ўсё часцей.

Зараз - чарга нашага Парламента абараніць беларускіх дзяцей і падлеткаў ад наркапагрозы.

Юрый Царык,

кіраўнік Інтэрнет-рэдакцыі Выдавецкага дома “Звязда”міжнародны эксперт у галіне антынаркатычнай палітыкі

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.