Вы тут

Улад Касцючэнка: «Футбольны фрыстайл — гэта не проста трукi»


Найбольш частыя пытаннi, якiя чуюць футбольныя фрыстайлеры, гэта «Цi займаешся ты футболам?» i «Колькi разоў можаш набiць мяч?». На другое пытанне адказ просты: шмат разоў. А вось на першае даводзiцца доўга i падрабязна тлумачыць, што футбол i футбольны фрыстайл суадносяцца гэтак жа, як, скажам, хакей i фiгурнае катанне. У першых дзвюх дысцыплiн з агульнага толькi мяч, у другiх — канькi. У астатнiм — абсалютна iншая сутнасць i эстэтыка. Разабрацца ў тым, калi i як узнiк футбольны фрыстайл i што ён сабой ўяўляе, «Чырвонцы» дапамог адзiн з лепшых фрыстайлераў Беларусi Улад Касцючэнка.

1383211356178_31-21

— Улад, на твой погляд, футбольны фрыстайл — гэта спорт, моладзевая субкультура цi, магчыма, мастацтва?

— Мне здаецца, дакладнага адказу на гэтае пытанне не iснуе. Футбольны фрыстайл — з'ява зусiм маладая i занадта эклектычная. Безумоўна, у iм ёсць элементы спорту. I калi развiваць гэтую тэму, то прародзiч футбольнага фрыстайла, хутчэй, не футбол, як прынята лiчыць, а «футбэг фрыстайл», якi ў нас вядомы як «сокс». Толькi замест «футбэгаў» — мяккiх мяшэчкаў, набiтых пяском цi iншым напаўняльнiкам, — мы выкарыстоўваем звычайны футбольны мяч. Акрамя гэтага, футбольны фрыстайл шмат чаго запазычыў з брэйк-данса. Перш за ўсё, гэта бi-бойскiя (B-boy цi B-girl — танцор брэйк-данса. — Аўт.) стойкi. Ёсць у гэтай дысцыплiне штосьцi i ад мастацтва, бо кожнае выступленне — гэта не проста набор трукаў, а своеасаблiвая самапрэзентацыя, акт самавыяўлення. Зараз нават сустракаецца такое вызначэнне, як «спарт» — спорт плюс арт. Думаю, яго можна выкарыстоўваць i ў дачыненнi да футбольнага фрыстайла. Бо ў тэрмін «субкультура» ён наўрад цi ўпiсваецца: гэта занадта шырокае i шматграннае паняцце.

— Раскажы, калi ласка, больш падрабязна пра самi трукi.

— Яны падраздзяляюцца на «ловеры», «аперы» i «сiцiнгi». «Ловерамi» называюцца абводкi нагамi вакол падкiнутага мяча. Гэта, напэўна, самыя складаныя трукi. I многiя фрыстайлеры адточваюць толькi гэты стыль, iгнаруючы астатнiя. Хаця, на маю думку, гэта няправiльна. У «аперах» задзейнiчаны толькi корпус — шыя, плечы, грудзi, спiна. А «сiцiнгi» — гэта фiнты, якiя выконваюцца седзячы цi нават лежачы на зямлi. На спаборнiцтвах, дарэчы, суддзi вельмi часта ацэньваюць выступленне па трох кiрунках. Хаця зноў-такi гэта спрэчны момант. Бо, акрамя пазначаных элементаў, у выступленнi могуць прысутнiчаць нейкiя акрабатычныя трукi, танцавальныя рухi, iншыя ўласныя «фiшкi», якiя не падгонiш нi пад адну з катэгорый.

— У якой форме праходзяць чэмпiянаты па футбольным фрыстайле?

— Спаборнiцтвы ладзяцца ў форме «батлаў». Гэта таксама прыйшло з брэйк-данса. На пляцоўцы выступаюць два фрыстайлеры (у квалiфiкацыйным раўндзе — чатыры). У кожнага ёсць тры падыходы па 30 секунд, каб здзiвiць свайго сапернiка. Галоўнае правiла — мяч не павiнен дакрануцца да зямлi. Калi адбываецца «дроп» (страта мяча), фрыстайлер працягвае выступленне, але гэта, безумоўна, лiчыцца сур'ёзнай памылкай. Пасля паядынку суддзi вырашаюць, хто з удзельнiкаў праходзiць далей. На нядаўнiм чэмпiянаце Беларусi якраз упусцiў тытул з-за «дропаў», заняў другое месца.

— Цi трэба фрыстайлеру абавязкова падтрымлiваць выдатную фiзiчную форму?

— Не думаю, што мускульная маса цi хуткасныя магчымасцi — такая ўжо сур'ёзная перавага. Мне хапае звычайных трэнiровак з мячом, каб трымаць сябе ў тонусе. Але важна граматна размяркоўваць свае сiлы. На сёлетнiм турнiры Super ball у Празе, якi лiчыцца чэмпiянатам свету, я ператрэнiраваўся перад «батлам», i падчас паядынку ў мяне пачало зводзiць ногi. Пасыпалiся памылкi — у вынiку прайграў на раннiм этапе.

— Некаторыя лiчаць, што першымi фрыстайлерамi былi жанглёры...

— Iснуе нават гiсторыя пра тое, як маленькi Дыега Марадона, захапiўшыся падобнымi цыркавымi нумарамi, пачаў адпрацоўваць розныя прыёмы i вось такiм чынам з цягам часу стаў адным з лепшых футбольных iмправiзатараў. Але як пэўны рух футбольны фрыстайл узнiк пасля таго, як адзiнаццаць гадоў таму галандзец Суфiян Тузанi выклаў на «ютубе» ролiк са сваiмi трукамi. Вiдэа набiрала мiльёны праглядаў, i па ўсiм свеце пачалi з'яўляцца паслядоўнiкi Тузанi. Я таксама адзiн з iх. Калi некалькi гадоў таму ўбачыў клiп гэтага галандца, не мог уявiць, што калiсьцi змагу паўтарыць тое ж самае. Цяпер ужо тыя фiнты здаюцца вельмi простымi. Але спачатку я толькi глядзеў падобныя ролiкi, цiкавiўся, а зрабiць штосьцi самастойна паспрабаваў толькi два з паловай гады таму.

— Цi значыць гэта, што трукам цябе нiхто не навучаў?

— Так. Нягледзячы на тое, што досыць хуткiмi тэмпамi ствараюцца школы футбольнага фрыстайла, усе крутыя фрыстайлеры — самавучкi. Я ўвогуле сумняваюся, што гэтаму можна навучыць. Можна паказаць, скiраваць, даць параду, але «вылепiць» з чалавека самабытнага фрыстайлера, бадай, немагчыма. Бо вучыць па канонах — значыць заганяць у пэўныя рамкi. А фрыстайл ён на тое i «фры», што мае на ўвазе ўменне думаць свабодна.

— Раскажы пра ролiкi, якiя здымаеш. Гэта яшчэ адно тваё захапленне?

— Можна i так сказаць. Шчыра кажучы, пачаў здымаць свае трукi, каб выкласцi ў iнтэрнэце i паказаць, чаму навучыўся. Але з цягам часу зразумеў, што мне падабаецца гэтая справа. I цяпер я не проста стаўлю камеру i нацiскаю «REC», а падрабязна прадумваю канцэпцыю клiпа: падбiраю музыку, шукаю прыгожыя месцы для здымак, выкарыстоўваю цiкавыя ракурсы. У мяне ёсць канал на «ютубе», куды я «залiваю» ролiкi. Людзi праглядаюць, каментуюць, дзеляцца ўражаннямi. Гэта класна! Але часам здымаю не «проста так», а для ўдзелу ў анлайн-турнiрах. У такiх клiпах эстэтычная планка, вядома, знiжаецца, бо ўсё трэба рабiць хутка. Ды i асноўная задача — прадэманстраваць свае навыкi, а не прыгожыя пейзажы. Зараз якраз удзельнiчаю ў падобным турнiры, якi праводзiць адна пiцерская каманда. I ўжо нават прайшоў у чвэрцьфiнал (усмiхаецца).

— Цi ёсць нейкiя хiтрыкi, якiмi карыстаюцца фрыстайлеры, каб лягчэй спраўляцца з трукамi?

— Некаторыя выкарыстоўваюць спецыяльныя мячы фiрмы «Monta» з джынсавым пакрыццём. Яны трошкi меншыя, чым звычайныя мячы, i з iмi, напрыклад, прасцей рабiць «ловеры». Таксама важную ролю адыгрывае абутак. Для трукаў з утрыманнем мяча на падэшве лепш выбiраць красоўкi з iдэальна прамой платформай.

— Часта даводзiцца змяняць абутак?

— Так. Раней я купляў красоўкi вядомых марак. А потым зразумеў, што для фрыстайла па ўсiх параметрах iдэальна падыходзяць звычайныя кеды з рынку (смяецца). Праўда, хапае iх толькi на два тыднi ў лепшым выпадку. Бо ўлетку часта даводзiцца трэнiравацца на асфальце, i падэшва хутка змульваецца.

— Напэўна, усе твае мары звязаны з фрыстайлам?

— Амаль што. Спадзяюся, што аднойчы я змагу зарабляць грошы футбольным фрыстайлам. Але, каб калясiць па свеце з майстар-класамi цi адкрыць уласную школу, спачатку трэба стаць асам у сваёй справе. Так што наперадзе ў мяне яшчэ шмат чэмпiянатаў i фестываляў.

Дарына ЗАПОЛЬСКАЯ.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.