Вы тут

ЭФЕКТЫЎНАСЦЬ ЯК СІНОНІМ ЭНЕРГЕТЫКІ


Энергетычная галіна краіны знаходзіцца ў добрым стане, аднак нашым энергетыкам трэба вучыцца працаваць яшчэ больш эфектыўна, паведаміў учора на адкрыцці міжнароднай выставы «Энергетыка. Экалогія. Энергазберажэнне. Электра» першы намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Уладзімір СЯМАШКА.

1381873478892_16-33

Паводле яго слоў, рост валавога ўнутранага прадукту амаль у тры разы цягам апошніх гадоў быў дасягнуты без істотнага росту спажывання энергарэсурсаў, а звыш 80 працэнтаў іх краіна вымушана купляць за мяжой. Адсюль перад энергетыкамі і камунальнікамі стаяць пытанні як мага больш беражлівага абыходжання з рэсурсамі і максімальнага выкарыстання мясцовых відаў паліва і аднаўляльных крыніц энергіі. Паводле Дзяржпраграмы і канцэпцыі энергетычнай бяспекі, падкрэсліў віцэ-прэм'ер, у краіне актыўна вядзецца будаўніцтва міні-цеплаэлектрастанцый, якія працуюць на адходах драўніны, торфе — доля гэтых відаў паліва ў балансе ўжо сёння дасягае амаль 17 працэнтаў. Усё больш заяўляе пра сябе і ветраэнергетыка. Новыя генеруючыя магутнасці неўзабаве будуць уведзены ў эксплуатацыю на Бярозаўскай і Лукомльскай электрастанцыях, каскады гідраэлектрастанцый рознай магутнасці ўзводзяцца на Нёмане, Дняпры і Заходняй Дзвіне. Актыўна вядзецца работа і на нашай АЭС, першыя магутнасці якой будуць уведзены ў 2018 годзе.
Сёння, на думку першага намесніка прэм'ер-міністра, у краіне створаны надзвычай спрыяльны інвестыцыйны клімат для ўкладанняў у энергетычную галіну. Пра што сведчыць як сама выстава, так і энергетычны і экалагічны форум, што пачнецца ўжо сёння ў яе межах. Як падкрэсліў Уладзімір Сямашка, усе папярэднія падобныя мерапрыемствы заканчваліся не толькі наладжваннем новых кантактаў, але і падпісаннем узаемавыгадных кантрактаў.
Мэта правядзення мерапрыемстваў — агляд самых сучасных дасягненняў навукі, тэхнікі і тэхналогій у сферы энергетыкі, энергазберажэння, аўтаматызацыі, электронікі, аховы навакольнага асяроддзя, выкарыстання аднаўляльных крыніц энергіі. Штогод форум становіцца ўнікальным месцам сустрэч энергетыкаў і эколагаў Беларусі і замежжа, спрыяючы тым самым пашырэнню супрацоўніцтва, абмену перадавымі навуковымі распрацоўкамі і інавацыйнымі праектамі.
Сёлета на выставе прадстаўлена прадукцыя больш чым 360 прадпрыемстваў і арганізацый з 18 краін свету — з Расіі, Украіны, Малдовы, Літвы, Эстоніі, Польшчы, Чэхіі, Германіі, Аўстрыі, Францыі, Швейцарыі, Італіі, Даніі, Швецыі, Фінляндыі, Кітая і ЗША. У структуры экспазіцыі шырока прадстаўлены галіновыя раздзелы айчынных міністэрстваў энергетыкі, прамысловасці, прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, Дзяржкамітэта па навуцы і тэхналогіях і Дэпартамента па энергаэфектыўнасці. Менавіта гэтыя міністэрствы і ведамствы знаходзяцца сёння на «пярэднім краі» работы па абнаўленні і павышэнні якасці працы энергетычнай галіны. Прычым на стэндах прадстаўлена адпаведная прадукцыя як дзяржаўных, так і прыватных нашых прадпрыемстваў, якія працуюць на энергетыку будучыні.
Асноўным на парадку дня энергетычнага і экалагічнага кангрэса стане разгляд энергетыкі як фактара павышэння эканамічнай бяспекі і канкурэнтаздольнасці з удзелам кіраўнікоў зацікаўленых міністэрстваў, а таксама навукова-практычны семінар па праблемах ужывання сучасных генерыруючых магутнасцяў пры вытворчасці цеплавой і электрычнай энергіі. Спецыялісты і вучоныя разгледзяць таксама вопыт выкарыстання ў краіне і свеце аднаўляльных крыніц энергіі і пытанні энергаэфектыўнасці ў жылым сектары.

Пятро РАМАНЧУК.

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.