Вы тут

СПАБОРНІЦТВА ЗА ЛЮБОЎ СПАЖЫЎЦА


Ці сфарміравалася ў беларусаў нацыянальная брэндавая свядомасць? На гэтае пытанне ўжо цяпер можна безапеляцыйна адказаць «не» ці працягваць разважаць пра яе нядаўняе станаўленне. Абсалютна новая прэмія «Народная марка» абяцае стаць каталізатарам і аўтарытэтным сімвалам спажывецкага прызнання. Каб вызначыць лепшых і ўзнагародзіць іх сваім ухваленнем, беларусам прапануецца адчыніць уласныя шафы са «шкілетамі» спажывецкіх пераваг.

...Кожны вытворца жадае ведаць, чым ён цікавіць (або не) пакупніка-кліента. Прэмія «Народная марка» стане выдатнай нагодай даведацца, наколькі беларускія і замежныя брэнды адпавядаюць густам сваіх спажыўцоў. Перамогі ў 120 намінацыях тавараў і паслуг адлюструюць лепшых, ухваленых народным выбарам уладальнікаў гандлёвых знакаў. Дзеля гэтага кожны ўдзельнік галасавання з 11 лістапада па 8 снежня запоўніць анкету, у якой пазначыць свае брэндавыя перавагі ў кожным з раздзелаў. Аматары цыгарэт пакінуць уласныя думкі пры сабе: катэгорыі «тытунёвая прадукцыя» ў спісе намінацый няма. Дарэчы, думку аднаго чалавека, ці, дакладней, ІР-адраса камп'ютара, улічаць толькі аднойчы. Вынікі конкурсу стануць вядомымі 16 студзеня 2014 года на цырымоніі ўзнагароджання. Паглядзець яе можна будзе на тэлеканале «Беларусь-1» у лютым 2014-га.
Пакуль урачыстая трансляцыя чакаецца толькі ў недалёкай перспектыве, рэальная дзейнасць прэміі стартуе ўжо цяпер. Уладальнікі гандлёвых знакаў падаюць на ўдзел заяўкі, што каштуе (трэба заўважыць) 350 USD. Зусім хутка спажыўцы пачнуць ацэньваць, каму яны давяраюць і хто падабаецца найбольш. Дарэчы, матывацыяй не прапусціць гэтую дзею і ўдзячна ёй пасадзейнічаць можа стаць не толькі актыўная грамадзянская пазіцыя, але і магчымасць выйграць добры прыз. За неабыякавасць і думку, то бок запоўненую анкету, арганізатары прэміі ўзнагародзяць сотняй сярэбраных і дзясяткам залатых зліткаў! Крыху пра арганізатараў. У іх якасці — рэкламнае агенцтва «Белая Карона». Дапамагае яму Асацыяцыя рэкламных арганізацый Беларусі і Міністэрства гандлю РБ. Дакладнасць выніковых звестак гарантуе Назіральная рада прэміі ў складзе прадстаўнікоў міністэрстваў, ведамстваў, прафесійных бізнэс-аб'яднанняў і СМІ.
«Для многіх беларускіх вытворцаў унутраны рынак — другасны.
І нават не другасны, а другарадны. Гэта крыўдзіць. З пункту погляду тэорыі маркетынгу, фундаментам, асновай, надзеяй у няпростыя часы можа быць толькі ўнутраны рынак. Менавіта таму трэба імкнуцца дасягаць лаяльнасці і любові свайго спажыўца, на што і накіравана мэта новай прэміі, — перакананы былы дацэнт кафедры лагістыкі і цэнавай палітыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Валерый Барадзеня. — Калі зайсці на форумы, то часта можна ўбачыць меркаванні, што беларускае не заўжды добрае. Калі ж мы прыходзім у краму, то мяняем свой погляд і з задавальненнем купляем і выкарыстоўваем беларускую прадукцыю».
Сімвал прэміі «Народная марка», якая сёлета толькі нараджаецца, — стылізаваны пад фігуру чалавека элемент слуцкага пояса. Убіраючы ў сябе моц беларускага характару, прэмія спадзяецца стаць па-сапраўднаму народнай і папулярнай.

Любоў КАСПЯРОВІЧ.

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.