Вы тут

Страчанае дзяцінства


Вайна абрынулася на нас, дзяцей, так, як і на дарослых, — бомбамі, снарадамі, кулямі, голадам, холадам, разлукай. Але і ў гэтыя гады дзеці былі першым клопатам народа. Выжывем мы — выжыве краіна, яе гісторыя, ідэалы, будучыня.

Якой мерай чалавечага ўсведамлення можна вызначыць маральны подзвіг шасцігадовага Толі Новікава, які 21 чэрвеня 1941 года з мамай і сястрой планаваў эвакуіравацца з Беластока хуткім цягніком на Мінск і далей у Саратаў, дзе жыла яго бабуля? 22 чэрвеня раніцай прыбыў у Ліду хуткі цягнік. Фашысцкія сцярвятнікі яго разбамбілі. Толю цяжка параніла ў правую руку. Яго адвезлі ў бальніцу, дзе аднялі канечнасць вышэй за локаць. Пасля яго змясцілі ў дзіцячы дом горада Ліда. Там ён скончыў 10 класаў і ў гэты час (незразумела, якім чынам і як) навучыўся іграць на баяне. Пазней паступіў у Гродзенскае музычнае вучылішча, скончыў яго і быў накіраваны выкладчыкам па класе баяна ў музычную школу ў Жодзіна. Гэта пра яго пісьменнік Іван Панчанка напісаў аповесць «І вечнай будзе музыка».
...Пры абароне нашых рубяжоў на рацэ Днепр у ліпені 1941 года ў доме Турбінскіх, якія жылі ў вёсцы непадалёк ад Дняпра ў Шклоўскім раёне, размяшчаўся штаб дывізіі. Тут засталося шмат вайсковага абмундзіравання. Бацька быў на фронце. Маці з дзецьмі абмундзіраванне схавала ў агародзе, а пасля перадала партызанам.
Фашысты, захапіўшы вёску і даведаўшыся, што ў доме Турбінскіх размяшчаўся штаб дывізіі, уначы ўварваліся ў хату і ўчынілі вобыск. Шукалі і ў агародзе, і на гарышчы, і ў хляве... Нічога не знайшоўшы, катавалі сям'ю, зверскі збілі маці і дзяцей, пагражаючы расстрэлам. Цудам выжылі.

У сям'і Турбінскіх было восем дзяцей. Старэйшы з іх, Пётр, у 1941 годзе скончыў першы курс Ленінградскага дарожнага тэхнікума. На пачатку вайны будаваў абарончыя рубяжы пад Ленінградам. У цяжкія дні блакады 16-гадовы Пётр добраахвотнікам пайшоў на фронт — на абарону горада. Быў цяжка паранены. Пасля лячэння накіраваны на Заходні фронт у Беларусь. У складзе другога Беларускага фронту ў 1944 годзе вызваляў малую радзіму — Шклоўскі раён. Пётр Турбінскі дайшоў да Берліна, распісаўся на Рэйхстагу. Вярнуўся дамоў, але пасля раненняў рана памёр. Яго ўнучка — вядомая спявачка Іна Афанасьева.
...За сямнаццаць кіламетраў ад Рыгі знаходзіўся канцэнтрацыйны лагер Саласпілс. У ім забілі сто тысяч чалавек, у тым ліку сем тысяч дзяцей. Іх звозілі сюды зімой 1943 года, калі немцы правялі карную экспедыцыю ў партызанскіх раёнах Беларусі. Ва ўсіх іх рэгулярна бралі кроў. Пяць скрыняў з ампуламі дзіцячай крыві лагер штодня пастаўляў арміі нямецкіх вылюдкаў.
Пры вызваленні Гомельскай вобласці нямецка-фашысцкія захопнікі, адступаючы пад ударамі Чырвонай Арміі, пакінулі ля мястэчка Азарычы тры канцэнтрацыйныя лагеры, у якіх утрымліваліся дзеці, жанчыны, старыя з Гомельскай, Палескай, Магілёўскай абласцей. Усе яны былі хворымі на сыпны тыф. Часцямі Чырвонай Арміі з трох лагераў смерці было вызвалена больш за 32 тысячы савецкіх грамадзян — старых, жанчын і дзяцей. Сярод іх 15213 дзяцей ва ўзросце да 13 гадоў, у тым ліку 517 сірот, бацькі якіх былі забітыя або загінулі ў гэтых лагерах.
...Мы памятаем, узгадваем сваіх бацькоў, родных і блізкіх, усіх палеглых на вайне. Але хто ўспамінае нас, дзяцей ваеннай пары, якія адчулі ўсе жахі ваеннага ліхалецця, якое забрала ў нас бацькоў, братоў, сясцёр, родных і блізкіх — і наша дзяцінства? У які дзень дзяржаўнай памяці беларускага народа ўспамінаюць дзяцей ваенных гадоў — асаблівае гістарычнае пакаленне беларускага народа, дзякуючы якому працягваецца жыццё нашай нацыі? Дзеці ваеннай пары сталі той працоўнай сілай, якая дапамагала з руін уздымаць гарады, прамысловасць і сельскую гаспадарку. Можа, мэтазгодна ім вызначыць дзяржаўны статус «Дзеці вайны»?
Нас засталося ўжо зусім мала. Дык паспяшайцеся зрабіць усё магчымае, каб дзеці ваеннай пары, якія бачылі на свае вочы жудасныя злачынствы нямецкіх забойцаў, расказалі наступным пакаленням, як яны абаранялі Радзіму, як яны выжылі... Мы нічога не перабольшваем. Мы проста хочам, каб новыя пакаленні ведалі і памяталі пра гераізм сваіх равеснікаў, натхняючыся іх біяграфіямі, угледзеліся ў характары тых, хто павінен стаць для іх не толькі легендай, але і высокім узорам, годным захаплення і пераймання. Яны ўжо адыходзяць з жыцця, а многія ўжо пайшлі... Дык давайце паспяшаемся заслужана аддаць высокі гонар дзяржавы дзецям ваеннай пары, юным абаронцам Радзімы!

Уладзімір і Міхаіл УТКІНЫ.

Ад рэдакцыі: Шаноўныя дзеці вайны, дасылайце ў рэдакцыю «Звязды» свае ўспаміны пра Вялікую Айчынную. Вашы нататкі будуць публікавацца ў рубрыцы «Загубленае дзяцінства». Такім чынам разам ушануем вашу памяць, раскрыем нязведаныя старонкі мінулага і, магчыма, паўплываем на тое, што ў краіне з'явіцца асобны дзень, прысвечаны вам.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.