Вы тут

Паслугі гаражнага аўтасэрвісу — цяпер законныя


У краіне будуць легалізаваны паслугі гаражнага аўтасэрвісу. Адпаведны ўказ днямі падпісаў кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка. Хто канкрэтна з 1 лістапада зможа ажыццяўляць гэты від работ афіцыйна, якія абавязкі будуць ускладзены на аўтаслесараў у гаражах і кааператывы, якія перавагі новаўвядзення, расказвае начальнік упраўлення бытавога абслугоўвання насельніцтва Міністэрства гандлю Валянціна ЛЯЎКОЎСКАЯ. Спецыялісты менавіта гэтага ўпраўлення былі распрацоўшчыкамі дакумента.

Міністэрства гандлю сумесна з дзяржаўнымі органамі праводзіла ў краіне работу па вырашэнні праблем у сферы аўтасэрвісу з 2010 года. Вынікам стала зніжэнне колькасці нелегальных аўтаслесараў, але гэтага было недастаткова. Таму было вырашана ліквідаваць асобныя цяжкасці шляхам легалізацыі паслуг па тэхнічным абслугоўванні і рамонце транспартных сродкаў (з тэхнічна дапушчальнай агульнай масай не больш за 3,5 т) у гаражы, пераабсталяваным у майстэрню, адзначае Валянціна Ляўкоўская.
Зараз для таго, каб афіцыйна аказваць паслугі аўтасэрвісу ў гаражы, неабходна ў першую чаргу быць членам гаражнага кааператыва, ва ўстаноўленым парадку зарэгістравацца ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка.

1379543312500_19-37

«Толькі індывідуальныя прадпрымальнікі будуць мець права аказваць паслугі гаражнага аўтасэрвісу. Гэта ўжо будзе не проста гараж, а майстэрня-гараж, гэта значыць, будзе мяняцца яго прызначэнне», — падкрэсліла начальнік упраўлення. Паслярэгістрацыі ІП

аўтаслесару неабходна звярнуцца да старшыні гаражнага кааператыва з заявай. Рашэнне будзе прымацца альбо на агульным сходзе членаў кааператыва, альбо спецыяльна створанымі ўпраўленнямі. Толькі так можна будзе атрымаць дазвол на тэхнічнае абслугоўванне і рамонт транспартных сродкаў у гаражы.

Што тычыцца патрабаванняў, то яны будуць прад'яўляцца як да тых, хто стане займацца гэтай дзейнасцю, так і непасрэдна да гаражнага кааператыва, які павінен будзе забяспечваць неабходнымі для працы ўмовамі. Па-першае, згодна з рэжымам работы гаража-майстэрні кааператыў абавязаны будзе забяспечваць доступ транспарту, а па-другое, кіраўніцтва кааператыва абавязана будзе заключаць дагаворы на электра- і водазабеспячэнне, вываз цвёрдых бытавых адходаў. Старшыні трэба будзе прадаставіць пляцоўку з цвёрдым пакрыццём для цвёрдых бытавых адходаў і вырашаць усе пытанні, звязаныя з іх вывазам. Тарыфы на гэтыя паслугі для тых членаў кааператыва, якія маюць намер легальна займацца аўтасэрвісам, адпаведна зменяцца.

Адказваючы на пытанне, ці не будуць кааператывы супраць прыняцця на сябе ўсіх гэтых абавязацельстваў, начальнік упраўлення бытавога абслугоўвання насельніцтва міністэрства адзначыла, што новаўвядзенні, якія ляглі ў аснову ўказа № 432, прапанаваны непасрэдна членамі і старшынямі гаражных кааператываў. «Яны самі стаміліся ад слова «нелегал», таму і прапанавалі афіцыйнае афармленне, бо сёння многія жадаюць аказваць гэтыя віды паслуг легальна. Што ім гэта дасць? Яны змогуць папярэдне прымаць заяўкі ад кліентаў, рэкламаваць сваю дзейнасць, прадастаўляць спажыўцам гарантыі, што ў сваю чаргу будзе ім на руку, бо, набываючы абарону, спажывец больш ахвотна будзе звяртацца ў гаражы-майстэрні», — тлумачыць Валянціна Ляўкоўская.

Што тычыцца пераліку паслуг, якія змогуць аказваць аўтаслесары ў гаражах, начальнік упраўлення паведаміла, што адпаведная пастанова Савета Міністраў ужо распрацавана і праходзіць стадыю ўзгаднення з усімі зацікаўленымі бакамі. «Сёння магу толькі сказаць, што абслугоўванне і рамонт у гаражах-майстэрнях аўтамабіляў, якія абсталяваны газавымі ўстаноўкамі, будуць забаронены. Таксама будзе ўведзена абмежаванне па вазе аўтамабіляў, гэта значыць, агульная маса транспартнага сродку павінна быць не больш за 3,5 т. На першым этапе, вядома, не ўсе віды работ, якія нашым майстрам хацелася б выконваць у сябе ў гаражы, будуць дазволены. Некаторыя з іх прама ўзаемазвязаны з бяспекай чалавека», — кажа прадстаўнік ведамства. Таму органы, якія ажыццяўляюць сертыфікацыю гэтых відаў работ, будуць сур'ёзна падыходзіць да выдачы адпаведнай дакументацыі. Акрамя таго, трэба будзе яшчэ атрымаць санітарна-эпідэміялагічнае заключэнне аб адпаведнасці санітарным правілам.

Калі ж аўтаслесары ў працэсе сваёй работы будуць парушаць патрабаванні, старшыні змогуць выключыць з кааператыва такіх гора-майстроў. Таксама ўладальнікам гаражоў-майстэрняў, як зарэгістраваным індывідуальным прадпрымальнікам, неабходна будзе выплачваць адзіны падатак.

Гэтыя новаўвядзенні, на думку аднаго з распрацоўшчыкаў дакумента, спросцяць дзейнасць кантралюючых органаў, бо дазволяць правесці выразную грань паміж паняццямі «легальна» і «нелегальна». Пасля ўступлення ўказа ў сілу (1 лістапада 2013 года) будзе прасцей вызначыць, хто ў гэтым плане парушае заканадаўства і неафіцыйна аказвае паслугі гаражнага аўтасэрвісу.

Кацярына МАРКОВІЧ, БЕЛТА.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.