Вы тут

Экалагічнае свята: тры ў адным


Полацкі раён сустрэне ўдзельнікаў і гасцей прысвечаных экалогіі мерапрыемстваў. Цэнтрам раённай імпрэзы «Экафэст-2013» стане дзіцячы аздараўленчы летнік «Чайка». Менавіта там, паблізу Казімірава, 14 верасня правядуць грыбны чэмпіянат, фестываль «Ад экалогіі
прыроды да экалогіі душы», а таксама свята «Гасцюем у полацкага Лесуна».

«Экафэст-2013» дапоўніць музычная шоу-праграма з непасрэдным удзелам артыстаў тэатра гумару і эстрадных мініяцюр «Полацкі жарт».

Грыбны чэмпіянат

За грыбныя трафеі будуць змагацца больш як 120 камандаў.

Сярод удзельнікаў супрацоўнікі прамысловых прадпрыемстваў, сельсаветаў, прадпрыемстваў энергетыкі і сувязі, будаўніцтва і дарожнай гаспадаркі, гандлю, бытавога абслугоўвання, адукацыйных устаноў і грамадскіх аб'яднанняў.

Паколькі прафесійнае журы будзе ўлічваць не толькі колькасць і якасць грыбных трафеяў, але і фотамайстэрства, у склад кожнай каманды залічаць некалькі фатографаў-аматараў.

Акцэнт у спаборніцтве зробяць менавіта на фотаконкурсе «Грыбнымі сцежкамі», які наглядна ўвасобіць «ціхае паляванне».

Ад экалогіі прыроды да экалогіі душы

Гэты фестываль парадуе модным паказам адзення з другаснай сыравіны, музычнымі выступленнямі экалагічных агітбрыгад, цырымоніяй папаўнення радоў маладых эколагаў, а таксама конкурсамі і шматлікімі гульнямі. Актыўнымі ўдзельнікамі стануць больш як 150 школьнікаў Полацкага раёна.

Арганізатары плануюць свабодны мікрафон «Прабач, прырода», выставу бульбы і дэгустацыю бульбяных страў.

На майстар-класах гасцей навучаць плесці з лазы і саломкі, рабіць сувеніры з прыродных матэрыялаў. Уразіць і флешмоб «Мы адказваем за нашу планету». На чарзе — выставы кветкаводаў-дызайнераў, аранжыроўшчыкаў. Кожны атрымае эстэтычнае задавальненне ад пано, карцін, калажоў, аб'ёмных кампазіцый і дываноў выключна з прыродных матэрыялаў. Госці ацэняць выставу «Дары восені» і прыгажосць хатніх улюбёнцаў. Бяздомным жывёлам дапаможа адпаведная акцыя.

Гасцюем у полацкага Лесуна

Забаўляльная праграма «Лясныя прыгоды ў хатцы Лесуна» пакіне дзяцей у захапленні.

Арганізуюцца і чатыры дворыкі з выстаўкамі-дэгустацыямі.

Удзельнікі прэзентуюць візітоўкі, а таксама буклеты рэцэптаў прыгатаваных беларускіх страў: юшкі, грыбнога супу, мёду па-дрэтунску, шашлыку, пірага з брусніцамі, гарбаты, морсу і не толькі.

Маргарыта СІДАР.

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.