Вы тут

Як харчавацца хворым на цукровы дыябет?


Лячэнне аднаго з самых распаўсюджаных захворванняў эндакрыннай сістэмы нашага арганізма прадугледжвае пэўны лад жыцця. Правільны лад жыцця, асабліва для людзей з цукровым дыябетам 2 тыпу, кампенсуе захворванне. Спрыяюць гэтаму дазаваныя фізічныя нагрузкі, спецыяльная дыета, кантроль узроўню глюкозы ў крыві і своечасовая карэкцыя лячэння.
Паводле слоў інструктара-валеолага 23-й гарадской дзіцячай паліклінікі г. Мінска Ірыны ШЫМАНСКАЙ, ва многіх выпадках адна толькі дыета спрыяе аднаўленню нармальнага ўзроўню цукру ў крыві.

Як вядома, пры цукровым дыябеце ў асноўным парушаны вугляводны абмен. Аднаўленне гэтага абмену дасягаецца двума шляхамі: шляхам забеспячэння клетак інсулінам і шляхам забеспячэння раўнамернага паступлення вугляводаў у арганізм.

Асноўныя прынцыпы дыеты

абмежаванне вугляводаў, выдаленне з рацыёну або мінімальнае ўжыванне цукру, шакаладу, цукерак, кандытарскіх вырабаў, варэння, марожанага і інш.;

рэжым харчавання (5-6 разоў на суткі);

наяўнасць у прадуктах дастатковай колькасці вітамінаў;

зніжэнне каларыйнасці ежы;

уключэнне ў рацыён малака і малочных прадуктаў.

Што такое "хлебная адзінка"?

Такое паняцце дыетолагі ўвялі для разліку колькасці прадуктаў, якія змяшчаюць пэўную колькасць вугляводаў (глюкозы, цукру). Незалежна ад віду прадукту, адна хлебная адзінка прадукту змяшчае 15 г засваяльных вугляводаў.

Сутачная патрэба дарослага чалавека ў вугляводах складае 18-25 хлебных адзінак. Большая частка вугляводаў павінна прыпадаць на першую палову дня. Правільны падлік вугляводаў у ежы ў "хлебных адзінках" і прыём адпаведнай колькасці інсуліну імітуюць нармальную дзейнасць падстраўнікавай залозы, якая выпрацоўвае ў здаровых людзей тую колькасць інсуліну, якая неабходна для засваення ўсіх вугляводаў.

1 хлебнай адзінцы адпавядае:

кавалачак хлеба (25-30 г)

1 ст. л. мукі або крухмалу

2 ст. л. любых вараных круп

1 шклянка малака

1 ст. л. цукру-пяску

2,5 кубіка цукру-рафінаду

1 бульбіна сярэдняй велічыні

1 буйны бурак

3-4 вінаградзіны

палова грэйпфрута, банана, пачатак кукурузы

1 яблык, 1 груша, 1 персік, 1 апельсін, 1 хурма, 1 кавалак дыні/кавуна

3-4 сярэднія мандарыны, абрыкосы або слівы

кубак малін, суніц, чарніц, парэчак, брусніц, ажын

1/3 шклянкі вінаграднага соку

1/2 шклянкі яблычнага соку

1 шклянка квасу або піва

Мясныя і рыбныя прадукты не змяшчаюць вугляводаў і не маюць патрэбы ва ўліку, паколькі ў іх нязначная колькасць вугляводаў.

Не рэкамендуецца ўжываць прадукты з вялікай колькасцю лёгказасваяльных вугляводаў: цукеркі, разынкі, інжыр. Неабходна сур'ёзна абмежаваць смажаныя, вострыя, салёныя і вэнджаныя стравы. Зусім не пажаданыя для такіх хворых прадукты, якія змяшчаюць адначасова шмат і вугляводаў, і тлушчаў: шакалад, марожанае, торты.

Калорыі: пры росце 160-175 см неабходна 1600-2500 ккал на дзень у залежнасці ад фізічнай нагрузкі. Калі ёсць лішняя вага, значыць, колькасць калорый павінна быць малой.

Бялок павінен складаць 20 працэнтаў ежы. У норме чалавеку неабходна 60-80 г бялкоў, хвораму на цукровы дыябет — 40-50 г.

Тлушчы складаюць 30 працэнтаў ежы (з іх 10 працэнтаў — жывёльныя, 90 працэнтаў — алеі).

Вугляводы павінны складаць 50-60 працэнтаў ежы. Уся гародніна (бульбу абмяжоўваць), садавіна, ягады, малако, крупы, жытні хлеб.

Рацыён павінен быць разнастайным. Можна ладзіць "малочныя", "гароднінныя", "мясныя", "рыбныя" дні.

Для навучання новаму ладу жыцця распрацаваны спецыяльныя праграмы, з якімі можна азнаёміцца ў школе цукровага дыябету. Прайсці падрыхтоўку ў такой школе павінен кожны хворы. Распытайце пра гэта свайго ўрача.

Святлана БАРЫСЕНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Тураўскі крыж упершыню будзе прадстаўлены 26 верасня

Тураўскі крыж упершыню будзе прадстаўлены 26 верасня

На свята Узнясення Крыжа Гасподняга, падчас вячэрняй службы ў Мінскім кафедральным саборы.

Грамадства

Як і чым жыве колішняя «памідорная сталіца» Беларусі?

Як і чым жыве колішняя «памідорная сталіца» Беларусі?

Каб адчуць, чым organіc food адрозніваецца ад звыклых для сучаснага гараджаніна прадуктаў, дастаткова пакаштаваць памідоры ў Савічах і параўнаць іх з таматамі з гіпермаркета.

Грамадства

Генеральны дырэктар РУП «Белпошта» Святлана Юркевіч: Мы будзем развіваць перш за ўсё паштаматы

Генеральны дырэктар РУП «Белпошта» Святлана Юркевіч: Мы будзем развіваць перш за ўсё паштаматы

На працягу многіх дзесяцігоддзяў пошта асацыіравалася з традыцыйным наборам паслуг — лістамі, пасылкамі, газетамі, пенсіямі... Але сучасныя тэхналогіі ўсё больш уваходзяць у наш побыт.