Вы тут

Уладзіслаў Чыжыкаў: "Дзеля музыкі я адмовіўся ад лёгкай атлетыкі"


Вакальныя тэлепраекты — з'ява ўнікальная. Дагадзіць прыдзірлівай аўдыторыі па сілах не кожнаму шоу. Беларускай публіцы добра знаёмы ўкраінскі "Х-Фактар", расійскі "Голас", а ў нас ёсць свая музычная тэлеперадача, дзе выяўляюць лепшага спевака краіны. "Акадэмія талентаў" на АНТ працуе ўжо другі год. "ЧЗ" вырашыла пазнаёміцца з сёлетнім пераможцам Уладзіславам Чыжыкавым, каб даведацца, колькі гадзін трэба правесці ў чарзе, каб прайсці кастынг, як супасці ў музыкальных густах са скандальным прадзюсарам і ў чым вінаватыя стылісты праекта.

— Напэўна, як і абсалютная большасць спевакоў, ты пачаў займацца вакалам з дзяцінства?

— Так. Мне заўсёды падабалася спяваць, няхай і проста дома. А ў 10 гадоў запісаўся ў сваю першую студыю, і з гэтага пачалося маё вандраванне па бабруйскіх музычных калектывах. Дзесьці гадоў у 14-15 пачаў удзельнічаць у конкурсах — рэспубліканскіх і нават міжнародных. Браў там першыя месцы, і, безумоўна, гэта мяне падштурхоўвала развівацца далей.

— Чаму вырашыў паступаць не ў творчую ВНУ, а абраў філфак БДУ?

— Збіраўся паступаць ва Універсітэт культуры на эстраднае аддзяленне. Але прыйшоў да высновы, што выступаць на сцэне я і так магу. Таму вырашыў атрымаць нейкую іншую адукацыю. Абраў філалогію, паступіў на аддзяленне славянскіх моў. І не пашкадаваў, бо знаходзіцца ў такой творчай атмасферы — вельмі крута.

— А потым вырашыў паспрабаваць сябе ў кастынгу АНТ...

— Так. Я бачыў першы сезон "Акадэміі талентаў". І калі даведаўся, што будуць запускаць другі, падумаў: "А чаму б і не?". Пайшоў — і адразу трапіў у вялізную чаргу. Прастаяў пяць гадзін. І амаль што перад маім выхадам суддзі сказалі, што не будуць слухаць нас з "мінусоўкамі", а толькі акапэльна. Спяваць акапэльна, вядома, больш складана, але для мяне гэта не было праблемай. Спеў адзін урывак на англійскай мове, адзін — на рускай. Праслухалі, сказалі: "Чакайце званка". Праз тры тыдні патэлефанавалі: "Віншуем, вы прайшлі на прадзюсарскае праслухоўванне". Папрасілі скласці спіс з пяці песень на рускай, беларускай ці ўкраінскай мове, каб прадзюсары абралі тую кампазіцыю, з якой я буду выступаць. Склаў спіс з рускіх песень, адаслаў, але арганізатарам не спадабалася. Склаў іншы спіс, і з другой спробы для мяне абралі песню Мікалая Наскова "Гэта здорава". З гэтай кампазіцыяй я ўпершыню і з'явіўся на праекце.

— Як праходзілі першыя здымкі?

— Гэта вельмі вымотвае. Нас здымалі з самай раніцы і да позняга вечара. Бывала, выходзіў з дому ў сем раніцы і вяртаўся апоўначы. У нас было некалькі рэпетыцый, і кожную здымалі, каб выбраць лепшыя кадры. Потым ужо — непасрэдна выступленне на сцэне. Але ўсё атрымалася, мяне выбралі ўсе тры прадзюсары, і я пайшоў да Максіма Алейнікава.

— Чаму выбраў менавіта яго?

— Гэты выбар зрабіў інтуітыўна. Насамрэч, выбіраў паміж Леанідам Шырыным і Максам Алейнікавым. У Шырына класныя песні, але яны — не зусім мой стыль. А вось Алейнікаў, няхай і вядомы па дзявочым праекце "Топлес" з іх легкадумнымі песенькамі, насамрэч вельмі добры аўтар. У яго ёсць сур'ёзныя кампазіцыі. Прычым павольныя меладычныя рэчы ў яго атрымліваюцца, на мой погляд, значна лепш. У выніку з выбарам прадзюсара я не пралічыўся.

— Як у вас складваліся стасункі?

— Спачатку я ўвогуле баяўся з ім размаўляць. Калі яму штосьці не падабалася, ён вельмі рэзка на гэта рэагаваў. І калі мы спрабавалі ў яго песні дадаць нешта ад сябе, гэта таксама, мякка кажучы, не віталася. Але ўсё ж такі нашы густы ў музыцы супалі. Зразумеў гэта, калі на адным з тураў спеў песню Сашы Нэма "Ізумруды вачэй", трошкі змяніўшы мелодыю і манеру выканання. І Максу, як ні дзіўна, спадабалася.

— Удзел у праекце для цябе быў "вясёлай прагулкай" ці сапраўдным выпрабаваннем?

— Хапала і весялосці, і цяжкасцяў. Асаблівы стрэс адчуваў на выступленнях перад прадзюсарамі. Першы раз мяне натуральна калаціла. Незнаёмая сцэна, незнаёмы гук... Але з кожным выступленнем набіраўся вопыту, прывыкаў да новых абставін. А на рэпетыцыях і здымках было цікава і зусім не сумна. Да таго ж мне пашчасціла ў тым плане, што педагогі і прадзюсары мяне вельмі мала крытыкавалі, бо я ўсё рабіў вельмі старанна.

— Атрымліваецца, ты быў любімчыкам у суддзяў?

— Зусім не. Мяне не крытыкавалі, але і не нахвальвалі. Іншыя прадзюсары ўвогуле казалі Алейнікаву: "Улад выступіў добра, але я рэкамендую іншага" (усміхаецца).

— Праглядаў запісы са сваімі выступленнямі?

— Так. Але для мяне гэта пакуты. Я заўсёды незадаволены сабой — як спяваю, як выглядаю, як размаўляю. Пасля прагляду некаторых урыўкаў хацелася забіць стылістаў (смяецца). Часцей за ўсё нас апраналі добра, але былі і відавочныя прамашкі. У павільёне адразу не зразумееш што да чаго, у грымёрках люстэркаў не было, а потым паглядзіш на экране — жах! Адзенне вісіць, боўтаецца, і выглядаеш на 120 кілаграмаў.

— Пазнавалі на вуліцах?

— Бывала. Часам вельмі ўважліва ўзіраюцца ў твар. Некалькі разоў падыходзілі і пыталіся: "Гэта ж ты спяваў "Гэта здорава"?". Быў выпадак: у калідоры спынілі дзве дзяўчыны, стаяць і ўспамінаюць, дзе мяне бачылі. Цікава было паглядзець, як яны пройдуць увесь шлях да канчатковага пазнавання (смяецца). Але правільны варыянт знайшлі амаль адразу.

— Што зараз адбываецца ў тваім творчым жыцці?

— Рыхтуюся да здымкаў кліпа — гэта галоўны прыз конкурсу. Ёсць ратацыі на АНТ, радыё. Прыемна, што тэлеканал запрашае на свае праекты — "Вечары ў Мірскім замку", "Я люблю Беларусь!" і іншыя. Планую працягваць працаваць з Максам Алейнікавым, а таксама ўдзельнічаць у іншых конкурсах і тэлепраектах.

— Можаш апісаць сваё амплуа, свой стыль, сваю аўдыторыю?

— Думаю, рана яшчэ рэзюмаваць такія рэчы. Мяркуючы па водгуках, якія чуў, мая творчасць імпануе як моладзі, так і больш сталым людзям. Што датычыцца амплуа... Мне больш падабаюцца лірычныя кампазіцыі, але я не адмаўляюся і ад іншых музычных вопытаў. Ведаю адно: не хачу быць "папсовым". Я маю на ўвазе тую папулярную музыку, якая ва ўсіх асацыюецца з таннасцю. Хочацца рабіць нешта ў стылі "неа", міксаваць розныя жанры, бо чысты стыль — гэта сумна.

— Ты ў выдатнай фізічнай форме. Займаешся спортам?

— Насамрэч, не. Свабоднага часу зусім няма. Калісьці ў дзяцінстве займаўся лёгкай атлетыкай — штурханнем ядра. Але прыйшлося выбіраць — музыка ці спорт. Вось так і пакончыў з лёгкай атлетыкай.

— Ад чаго табе хацелася б пазбавіцца ў сваім характары?

— Ад няўпэўненасці ў сабе. Цяжка быць артыстам-пачаткоўцам і не быць абсалютна ўпэўненым у сваіх магчымасцях.
Я заўсёды ў сабе сумняваюся, залежу ад чужога меркавання. Вось скажуць мне дваццаць кампліментаў і адну крытычную фразу, а мне ўсё роўна будзе ніякавата. Вось такі я.

Дарына ЗАПОЛЬСКАЯ.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.