Вы тут

Рэванш па-бабруйску


"Белшына" атрымлівае перамогу над мінскім "Дынама", Вікторыя Паўловіч становіцца пераможцай прэстыжнага турніру па настольным тэнісе, а мужчынская зборная па баскетболе саступае эстонцам у кваліфікацыі Еўрабаскета-2015. "Звязда" падсумоўвае спартыўныя вынікі мінулага тыдня.

1. Вызначыліся амаль усе ўдзельнікі чвэрцьфінальных матчаў футбольнага Кубка Беларусі. Не абышлося без сенсацый. Бабруйская "Белшына" ўзяла рэванш у мінскага "Дынама" за нядаўняе паражэнне ў чэмпіянаце краіны. Падапечныя Аляксандра Сяднёва пераканаўча абыгралі мінчан — 2:0. Пасля заканчэння матча настаўнік бела-сініх Роберт Мааскант

рэзка рэзюмаваў: "Сёння мы гулялі лепш, чым у нядаўнім матчы чэмпіянату, стварылі больш галявых момантаў. Але, калі не забіваць і прапускаць такія мячы, — не перамагчы!". Сапраўды, у дынамаўцаў былі неблагія галявыя сітуацыі, але кожны раз абаронцы бабруйчан удала ратавалі свае вароты. Выключэнне складае хіба толькі крыўдны ўдар Фігерэда, калі мяч трапіў у штангу. Але, як вядома, ледзь-ледзь не лічыцца.

БАТЭ прадказальна разграміў "Смаргонь" з першай лігі — 7:0. Дублямі адзначыліся Дзмітрый Бага і Арцём Канцавы. Па адным забітым мячы на рахунку Дзмітрыя Мазалеўскага, Аляксандра Валадзько і Сяргея Крыўца. Дарэчы, апошні вылучыўся яшчэ і чатырма галявымі перадачамі!

1377592266153_27-11

Адзначым і астатнія вынікі: "Шахцёр" у серыі пенальці адолеў "Тарпеда-БелАЗ" — 2:2 (3:1), "Днепр" і "Гомель" з аднолькавым лікам 1:0 перайгралі "Слуцк" і "Славію" адпаведна, а "Нёман" і "Гарадзея" аказаліся мацнейшымі за "Дынама" (Брэст) і мікашэвіцкі "Граніт" — 3:1.

Апошні ўдзельнік чвэрцьфінальных сустрэч вызначыцца толькі 7 верасня. На сталічным стадыёне "Тарпеда" "Мінск", які працягвае выступленне ў Лізе Еўропы, прыме "Полацк".

2. Мужчынская зборная Беларусі па баскетболе не змагла атрымаць паўторную перамогу над камандай Эстоніі. У другім паўфінальным матчы кваліфікацыі Еўрабаскета-2015 падапечныя Руслана Байдакова буйна саступілі эстонцам — 61:79. Не дапамаглі камандзе і 22 ачкі Аляксандра Кудраўцава.

Нагадаем, у першай сустрэчы з прыбалтамі перамогу святкавалі беларусы. Але розніца ў 6 мячоў не дазволіла нашым хлопцам працягнуць барацьбу за адзіную пуцёўку на кантынентальнае першынство. У выніку за пападанне на чэмпіянат напрамую пазмагаюцца дружыны Эстоніі і Балгарыі. Няўдачнікам адборачнага турніру прыйдзецца прайсці праз яшчэ адно кваліфікацыйнае сіта. Але ўжо ў наступным годзе.

3. Гандбольны клуб БГК ім. Мяшкова заняў трэцяе месца на турніры "Кубак Белаграпрамбанка-2013". У матчы за "серабро" брэсцкі клуб саступіў чэмпіёну Расіі "Чэхаўскім Мядзведзям" — 27:29. Пераможцам спаборніцтваў стаў македонскі "Вардар", які ўпэўнена перайграў запарожскі ЗТР — 26:22.

4. Нечаканая і таму асабліва прыемная навіна прыйшла з чэшскага горада Аламоўц. Беларуска Вікторыя Паўловіч стала пераможцай адкрытага першынства Чэхіі па настольным тэнісе, якое ўваходзіць у прэстыжную серыю "Сусветны тур". У фінальным паядынку Вікторыя абыграла натуралізаваную галандку з Кітая Лі Джыао — 4:2.

Дарына ЗАПОЛЬСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.