Top.Mail.Ru

Зыходзячы з практыкі дзейнасці фермерскіх гаспадарак, будуць накіраваны прапановы змяненняў у Зямельны кодэкс

Выязное пасяджэнне адзінаццатай сесіі Брэсцкага абласнога Савета праходзіла ў Ляхавіцкім раёне. Дэпутаты разгледзелі пытанне эфектыўнасці выкарыстання зямель фермерскімі гаспадаркамі, а таксама водных і паляўнічых угоддзяў — іх арандатарамі. 


Перад пленарным пасяджэннем удзельнікі сесіі наведалі некалькі аб’ектаў. На беразе вадаёма Сакуны, які чатыры гады арандуе Сяргей Цалей, удзельнікаў мерапрыемства чакаў сюрпрыз. Адзін з самых юных адпачывальнікаў, 13-гадовы Савелій, прадэманстраваў аграмаднага карпа, якога толькі што злавіў. Калі ўсе прысутныя выказалі захапленне і зрабілі здымкі, рыбіна была адпушчана ў возера. Падзею пракаментаваў гаспадар: «Найбольш нашы госці займаюцца спартыўнай рыбалкай — па прынцыпе: злавіў рыбу, сфатаграфаваў і адпусціў. Тут ужо праводзіліся спаборніцтвы ў розных узроставых катэгорыях, на гэтым тыдні пройдзе першы чэмпіянат рэспублікі па спартыўнай лоўлі карпа. Людзі прыязджаюць, здымаюць домікі, адпачываюць сем’ямі. Ёсць і платная рыбалка для аматараў. За час арэнды мы пабудавалі тры хаткі рыбака, правялі добраўпарадкаванне тэрыторыі, зрабілі мінімальную інфраструктуру».

А вось адна з найстарэйшых фермерскіх гаспадарак Ляхавіцкага раёна «Уладзімір плюс» спецыялізуецца на вырошчванні яблыкаў і чорных парэчак. На 50 гектарах яблыневага саду культывуюцца вядучыя сусветныя сарты яблыкаў. Ёсць уласнае сховішча, а дасканалая структура халоднага захавання дае магчымасць прапаноўваць на рынак прадукцыю амаль круглы год. Кіраўнік гаспадаркі Валерый Радзюк паказаў удзельнікам мерапрыемства памяшканне сховішча, агучыў погляд на праблемы стасункаў з гандлёвымі сеткамі ў ходзе рэалізацыі садавіны. А яшчэ падзяліўся цікавым вопытам прыцягнення ў гаспадарку механізатарскіх кадраў, прынамсі, яго СФГ праблем з працаўнікамі не мае.

Гэта прыклады станоўчыя. Але структурныя падраздзяленні землеўпарадкавання перыядычна праводзяць кантроль за выкарыстаннем зямель і, на жаль, канстатуюць нямала парушэнняў. Напрыклад, летась было канфіскавана і пераразмеркавана 400 гектараў зямель у вобласці, а сёлета з пачатку года — ужо 81 гектар. Бываюць выпадкі, калі фермеры дапускаюць і забруджванне навакольнага асяроддзя. Прыродаахоўнымі органамі былі прыцягнуты да адказнасці такія гаспадары за несанкцыянаваныя звалкі будаўнічых і іншых адходаў. Штрафныя санкцыі атрыманы імі ў суме больш за 48 000 рублёў. Падобнымі парушэннямі грашаць і асобныя арандатары водных угоддзяў. Летась, напрыклад, за смецце каля вадаёма ў Камянецкім раёне быў аштрафаваны арандатар, прыцягваліся да адказнасці і карыстальнікі рыбалоўных угоддзяў Бярозаўскага раёна.

Старшыня Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў, сенатар Ігар Брылевіч пры падвядзенні вынікаў адзначыў у якасці станоўчых момантаў рост колькасці фермерскіх гаспадарак, павелічэнне імі збору валавой прадукцыі сельгаскультур, яе экспарт. Пэўным поспехам названы рост колькасці перададзеных у арэнду вадаёмаў, добрыя ўмовы для платнага аматарскага рыбалоўства, якія ствараюць карыстальнікі рыбалоўных угоддзяў. І разам з тым шэрагу выканкамаў указана на недастатковую работу па перадачы ў арэнду водных аб’ектаў: азёр, якія б належным чынам утрымліваліся і служылі б на карысць людзям, магло б быць нашмат больш.

Асабліва ўважліва падышлі дэпутаты да фармулёўкі пунктаў рашэння, якое датычыць дзейнасці фермераў. Неўзабаве будуць накіраваны прапановы па ўнясенні змяненняў у Зямельны кодэкс. Ідэя такая: калі не выконваеш праграму, парушаеш нормы заканадаўства, будзь гатовы расстацца з зямельным участкам. І наадварот: хто працуе добра, з павагай ставіцца да зямлі, можа разлічваць на павелічэнне надзелу і яго замацаванне за фермерам.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Ляхавіцкі раён


Станоўчы прыклад

Калі ёсць давер і дыялог — будзе і вынік

Фермер, які ўзяў на сябе адказнасць за зямлю, добра разумее: каб справа рухалася наперад, патрэбна падтрымка. Чалавека, які сапраўды гатовы працаваць, развівацца на вёсцы, заўжды гатовы падтрымаць органы мясцовага самакіравання. І тады пачынаецца новае жыццё не толькі для працаўніка, але і для ўсёй тэрыторыі.

У гэтым пераканаліся жыхары Данілавіцкага сельсавета Веткаўскага раёна.

Як згадвае старшыня сельвыканкама Уладзімір Шапараў, яшчэ 15 гадоў таму іх вёска Баркі лічылася выміраючай. Сітуацыя змянілася кардынальна, калі двое гамяльчан узяліся развіваць у Барках фермерскую справу. Дзмітрый Хамякоў разам са сваім калегам правялі вельмі вялікую работу па добраўпарадкаванні зямлі: расчысцілі некалі занядбаную тэрыторыю, падрыхтавалі ўчастак для гаспадарання ў 10 гектараў, заклалі гадавальнік дэкаратыўных культур. І ўжо праз некаторы час цалкам змяніўся выгляд вёскі. 

— Фермерская гаспадарка ў Барках не толькі адрадзіла закінутую зямлю, але і дала працу мясцовым жыхарам. Людзі з бліжэйшых населеных пунктаў не з’язджаюць кудысьці ў пошуках заробку, а могуць заставацца дома працаваць, забяспечваць сем’і, а для маленькіх вёсак гэта значыць вельмі многа, — звяртае ўвагу старшыня сельвыканкама.

Дарэчы, ёсць і тыя, хто натхніўся вопытам фермераў з Баркоў і таксама пачаў хоць і невялікую, але сваю аграсправу на тэрыторыі сельсавета. Як падкрэслівае Уладзімір Шапараў, удала весці фермерскую справу немагчыма без адказнага стаўлення да зямлі, строгага выканання заканадаўства аб выкарыстанні зямельных участкаў. Тады і можна казаць, што прыватны бізнес сапраўды не толькі паспяховы, але і сацыяльна адказны.

Наталля КАПРЫЛЕНКА


Ёсць меркаванне

«Важна, каб была аддача»

Генрых Мыслівец займаецца фермерскай гаспадаркай ужо больш за 30 гадоў, а таксама з’яўляецца дэпутатам Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў па Мастоўскай выбарчай акрузе № 60.

— Займацца сельскай гаспадаркай няпроста, — гаворыць ён.— Але ўсё рухаецца па спіралі, і з цягам часу гэта сфера набярэ яшчэ большую папулярнасць сярод моладзі. Ідзе сур’ёзная работа па развіцці і ўдасканаленні сельскай мясцовасці, развіваюцца і ўзбуйняюцца аграгарадкі.

Аднак працэсу папулярызацыі сельскай, у тым ліку фермерскай гаспадаркі, можна і трэба садзейнічаць, лічыць дэпутат. Напрыклад, ісці насустрач тым, хто хоча трымаць невялікую гаспадарку. Маленькую ферму, няхай нават яна будзе сямейная. «Вялікім комплексам наяўнасць маленькіх гаспадарак не перашкодзіць, а ў людзей будзе нагода застацца ў вёсцы», — гаворыць Генрых Мыслівец.

Акрамя таго, звяртае ўвагу суразмоўца, трэба аказваць адукацыйную і інфармацыйную падтрымку: «Для таго каб трымаць фермерскую гаспадарку, неабходна валодаць каласальнымі ведамі. І не толькі па сельскай гаспадарцы. Часам атрымліваецца, што чалавек захоплены справай, гарыць ёй, бярэ вялікія аб’ёмы, наймае людзей, а гаспадарка стратная. А ўсё таму, што не хапіла ведаў... Было б добра ладзіць семінары, трэнінгі для грамадзян, бо важна, каб зямля давала аддачу».

Яшчэ, на думку практыка, лагічна перад тым як даць чалавеку зямлю, пераканацца, што ён разумее, чым будзе займацца. «І, думаю, важна не чакаць імгненных вынікаў, даць час усё наладзіць, — лічыць Генрых Мыслівец. — Гаспадар можа толькі за 3-4 гады прылаўчыцца і выйсці на добры ўзровень».

Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю