Асабліва шмат іх — звыш 90 — на тэрыторыі былога Асвейскага раёна, менавіта тут фашысты ў сваіх зверствах перасягнулі сябе.
Народныя мсціўцы давалі адпор
Ужо 12 ліпеня 1941 года Асвея і ўвесь раён былі заняты фашыстамі. Тут пачалі працаваць камендатуры, а ў буйных населеных пунктах з’явіліся гарнізоны захопнікаў. Але гісторыя сведчыць: арміі могуць выйграваць бітвы, але войны выйграюць толькі народы. Партызанскім краем стала і гэта тэрыторыя, якая выгадавала восем Герояў Савецкага Саюза, тысячы ардэнаносцаў-франтавікоў, партызан, работнікаў тылу.
У Асвейскім і Дрысенскім (цяпер Верхнядзвінскі) раёнах актыўна дзейнічалі партызанскія фарміраванні. На барацьбу з ворагам узнялася моладзь. Летам 1942 года ў вёсцы Прошкі была створана падпольная камсамольска-маладзёжная арганізацыя. Са жніўня па лістапад яе члены распаўсюджвалі сярод насельніцтва лістоўкі, зводкі Саўінфармбюро, збіралі звесткі пра праціўніка, зброю, ладзілі дыверсіі. Да канца 1942-га моладзь пайшла ў партызаны.
Супраціўленне карнікам у гэты час ужо аказвалі 1-я і 2-я Дрысенскія брыгады, Асвейская партызанская брыгада імя Фрунзэ. Разам з калінінскімі і расонскімі брыгадамі «За Савецкую Беларусь» і «І. В. Сталін» вялі сумесную барацьбу з фашыстамі. 4 жніўня 1942 года партызаны правялі аперацыю па падрыве чыгуначнага моста каля раз’езда Беніслаўскі (Дрысенскі раён) на ўчастку чыгункі Полацк — Даўгаўпілс. Рух варожых цягнікоў быў спынены на 20 сутак. Гэта была самая маштабная аперацыя ва ўсёй Беларусі таго перыяду.
У выніку сумесных дзеянняў рускіх, беларускіх і латышскіх мсціўцаў ужо да пачатку 1943 года ўтварылася Асвейска-Расонская партызанская зона, якая займала тэрыторыю каля 10 тысяч квадратных кіламетраў і налічвала ў сваіх шэрагах звыш 8 тысяч чалавек. Тут дзейнічалі райкамы партыі і камсамола, мясцовыя органы самакіравання. Адчайныя спробы гітлераўцаў ліквідаваць партызанскі край заканчваліся праваламі, і фашысты арганізоўвалі карныя экспедыцыі супраць партызан і мірнага насельніцтва адну за адной.
Звярынае шаленства
Афіцыйнай мэтай карных аперацый была барацьба з партызанамі, але вынікам іх станавілася масавае знішчэнне мясцовых жыхароў. Немцы бязлітасна праводзілі палітыку «выпаленай зямлі». Для большасці сваіх крывавых аперацый фашысты падбіралі гучныя паэтычныя назвы: «Серабрыстая ліса», «Свята ўраджаю», «Цёплы вецер», «Чароўная флейта», «Майская навальніца».
У лютым 1943 года была праведзена самая жорсткая карная аперацыя пад назвай «Зімовае чараўніцтва», вядомая ў гісторыі як Асвейская трагедыя. Яна пачалася 15 лютага і працягвалася да канца сакавіка. Фашысты планавалі стварыць нейтральную зону шырынёй 40 км у рэгіёне Асвея — Дрыса — Полацк — Себеж — Расоны — гэта паласа зямлі без жыхароў і населеных пунктаў павінна была пазбавіць партызан іх апорных пунктаў.
Пятую частку жыхароў Асвейскага раёна расстралялі або спалілі, некалькі тысяч чалавек вывезлі на прымусовыя работы. У сярэдзіне лютага 1943 года карнікі сагналі ў касцёл у Росіцах жыхароў некалькіх вёсак. Праз два дні ўсіх адканваіравалі на расстрэл. Каталіцкі святар Антоній Ляшчэвіч прасіў пашкадаваць дзяцей — за гэта яго застрэлілі. У той дзень загінула больш за 1500 чалавек. Некаторыя мясцовыя жыхары спрабавалі схавацца на самым вялікім востраве Беларусі Ду, які знаходзіцца пасярод Асвейскага возера, але банды гітлераўцаў дайшлі па лёдзе і туды, знішчыўшы ўсіх. У рацэ Свольна фашысты патапілі больш за 3 тысячы чалавек.
Акт Асвейскай партызанскай брыгады імя Фрунзэ, складзены 30 сакавіка 1943 года, сведчыць: з 16 лютага па 22 сакавіка гітлераўцамі знішчана мірнага насельніцтва — 3639 чалавек, у тым ліку дзяцей да 12-гадовага ўзросту — 2118. Уведзена ў лагер 2615 чалавек. У гэтым акце, змест якога размешчаны на афіцыйным інтэрнэт-партале Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь, прыводзяцца асобныя факты зверскіх здзекаў фашысцкіх катаў.
Пасля «Зімовага чараўніцтва» Асвейшчына ператварылася ў выпаленую зямлю. Выратаваліся толькі тыя, хто паспеў схавацца на тэрыторыі партызанскай зоны. За месяц у раёне былі спалены 158 населеных пунктаў, сама Асвея і мястэчка Каханавічы.
Напамін жывым
У сакавіку 1943 года народныя мсціўцы перайшлі ў наступленне. Беларускія атрады прарвалі абарону ворага. Асвейшчыну вызвалілі байцы 2-га Прыбалтыйскага фронту і партызаны брыгады імя Фрунзэ падчас Рэжыцка-Дзвінскай наступальнай аперацыі, якая стала часткай аперацыі «Баграціён». Баявыя дзеянні пачаліся 10 ліпеня 1944-га, а завяршыліся 27 ліпеня.
Да Вялікай Айчыннай вайны ў Асвеі пражывала каля 2,3 тысячы чалавек, у раёне — прыкладна 21 тысяча. За гады акупацыі гітлераўцы знішчылі дзве трэці насельніцтва.
У 60-я гады XX стагоддзя было прынята рашэнне ўвекавечыць памяць аб усіх ахвярах Асвейскай трагедыі. Сотні людзей прыносілі ў Асвею зямлю з месцаў спаленых вёсак і брацкіх магіл, якая стала асновай Кургана Неўміручасці. На яго вяршыні ўстаноўлены абеліск. У цэнтры горада створаны мемарыял памяці і алея герояў. Імёнамі воінаў-вызваліцеляў названы вуліцы. 2 лютага 2024 года гарадскі пасёлак Асвея быў узнагароджаны вымпелам «За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны».
Фота з адкрытых крыніц