У выніку найбуйнейшай у гісторыі Бельгіі ўспышкі сальманелёзу на птушкаферме ў рэгіёне Кемпен захварэлі па меншай меры 306 чалавек, дзясяткі знаходзяцца ў бальніцы. Пра гэта паведамляе газета Het Laatste Nieuws са спасылкай на Федэральнае агенцтва па бяспецы харчовага ланцуга (FAVV).
FAVV удалося адсачыць крыніцу бактэрыі ў адным з куратнікаў буйной бельгійскай птушкафермы. Яна была выяўлена яшчэ ў маі, пасля чаго была ініцыявана першапачатковае адкліканне прадукцыі. Тады думалі, што заражэнне абмежавалася адным з чатырох куратнікаў кампаніі. Таму прадукцыя з трох іншых была выпушчана на рынак.
Цяпер высветлілася, што заражаны яшчэ адзін куратнік. На дадзены момант уся ферма закрыта на каранцін, а ў гэтым месяцы адбылося новае маштабнае адкліканне яек.
Па інфармацыі выдання, яйкі з гэтай птушкафермы экспартаваліся і ў іншыя краіны Еўропы. Паведамляецца пра адкліканне прадукцыі як мінімум з васьмі краін: Францыі, Люксембурга, Нідэрландаў, Італіі, Іспаніі, Партугаліі, Польшчы і Чэхіі. У FAVV таксама паведамілі пра два выпадкі заражэння за мяжой.
Таксама цяпер спецыялісты правяраюць, ці звязана гэтая сітуацыя з буйной успышкай сальманелёзу ў Вялікабрытаніі, у выніку якой загінуў адзін чалавек.
Сальманелёз — гэта вострае інфекцыйнае захворванне, якое выклікаюць бактэрыі роду Salmonella. Часцей за ўсё людзі заражаюцца, калі ядуць сырыя яйкі або недастаткова тэрмічна апрацаванае мяса. Часцей за ўсё сальманелёз праяўляецца павышэннем тэмпературы цела, дыярэяй і рвотай. Гэтыя сімптомы звычайна праходзяць праз некалькі дзён, але захворванне можа быць небяспечным для груп рызыкі, такіх як маленькія дзеці, пажылыя людзі і асобы з аслабленым імунітэтам.