На фронце
Паводле звестак Савецкага інфармбюро, на працягу 5 мая войскі 3-га Беларускага фронту вялі баі па ачышчэнні ад праціўніка касы Фрыш Нерунг і занялі населеныя пункты Лангхакен, Шэлмюль, Шміргель, Прэбернау, Шотланд.
Войскі 2-га Беларускага фронту 5 мая авалодалі горадам Свінемюндэ — буйным портам і ваенна-марской базай немцаў на Балтыйскім моры, а таксама поўнасцю ачысцілі ад праціўніка астравы Волін і Узедом, заняўшы пры гэтым буйныя населеныя пункты Кольцаў, Місдроў, Лебін, Альбек, Зеебад Герынгсдорф, Узедом, Келпінзее, Цынавітц, Пеенемундэ. За 4 мая войскі фронту ўзялі ў палон 11 700 нямецкіх салдат і афіцэраў і захапілі наступныя трафеі: самалётаў — 55, танкаў — 24, палявых гармат — 88
«Войскі 1-га Беларускага фронту, прасоўваючыся ўперад на паўднёвым захадзе ад горада Брадэнбург, занялі гарады Цызар, Лобург, Бург, Мекерн, Гомерн, Рослау. За 4 мая войскі фронту ўзялі ў палон 2 860 нямецкіх салдат і афіцэраў», — паведамляла «Звязда».
Войскі 4-га Украінскага фронту, наступаючы на паўднёвым захадзе і поўдні ад горада Мораўска Острава, з баямі занялі гарады Хоф (Дворцэ), Берн (Мор Бероун), Фульнек, Містэк і буйныя населеныя пункты Мельч, Рауч, Домштадтль, Штадт Лібау, Бартошовіцэ, Меціловіца, Фрыдланд, Кунчыцэ, Рожноў. За 4 мая войскі фронту ўзялі ў палон 1 100 нямецкіх салдат і афіцэраў.
Войскі 2-га Украінскага фронту, прадаўжаючы наступленне на паўночным усходзе ад Брно, авалодалі горадам Кромержыж.
У тыле
Старанна працавалі барысаўскія вучні на аднаўленні сваіх школ, разбураных або засмечаных нямецкімі захопнікамі. Наша газета пісала: «Каб ачысціць школы ад бруду і смецця, было затрачана больш 1000 чалавекадзён». Вучні шмат што зрабілі самі: атынкавалі 79 класных кабінетаў, 13 калідораў, 6 кабінетаў. Да зімы нарыхтавалі каля 800 кубаметраў дроў. Яны ж дапамаглі сабраць прылады для фізічных і хімічных кабінетаў.
Школы горада Барысава таксама ўзялі шэфства над шпіталямі: «Вучні сабралі многа рознага гаспадарчага начыння. Раненым байцам і афіцэрам яны раздалі больш 1500 падарункаў. Школьнікі сістэматычна наведваюць шпіталі: чытаюць раненым байцам газеты, часопісы, выступаюць з самадзейнасцю. Гадзіны, што праводзяць школьнікі ў шпіталях, пакідаюць самае глыбокае ўражанне ў байцоў», — паведамляла «Звязда»
Дзяўчаты і хлопцы падтрымлівалі цесную сувязь з франтавікамі. Байцы і афіцэры пісалі ім хвалюючыя лісты: «Павінен вам прызнацца, — піша гвардыі капітан Макухін, былы дырэктар 6-й сярэдняй школы, — што пісьмо ваша з’явілася радасцю не толькі для мяне. Яно ўсхвалявала і маіх таварышоў. Пісьмо выклікала рад успамінаў аб дзецях, аб родных. Я абяцаю вам ваяваць, не шкадуючы жыцця, сіл і здароўя, каб выканаць святы абавязак перад Радзімай, перад вамі — дзецьмі».
Франтавікі паведамлялі аб сваіх баявых справах, цікавіліся жыццём і поспехамі вучняў. Школьнікі ў сваю чаргу падрабязна знаёмілі франтавікоў з жыццём свайго класа, школы, горада.
«...Зараз ва ўсіх школах праводзяцца індывідуальныя і групавыя паўтарэнні пройдзенага навучальнага матэрыялу, абзорныя лекцыі па важнейшых тэмах праграмы, кансультацыі. Пры праверцы вучні паказваюць глыбокія веды пройдзенага матэрыялу. Яны сумленна і сур’ёзна рыхтуюцца да здачы экзаменаў і пераводных іспытаў», — адзначалася ў газеце.