У рубрыцы «Хроніка Вялікай Перамогі» дзень за днём разам са «Звяздой» далёкага 1945 года мы ідзём да светлай і святой даты 9 Мая.
На фронце
Паводле звестак Савецкага інфармбюро, войскі 3-га Беларускага фронту 25-га красавіка авалодалі апошнім апорным пунктам абароны немцаў на Земландскім паўвостраве — горадам і крэпасцю Пілау — буйным портам і ваенна-марской базай немцаў на Балтыйскім моры, а таксама занялі населеныя пункты Лохштат, Нойхойзер, Хімельрайх, Плантаге, Камсцігал.
≪Войскі 1-га Беларускага фронту перарэзалі ўсе шляхі, якія ідуць з Берліна на захад, і 25 красавіка злучыліся на паўночным захадзе ад Потсдам з войскамі 1-га Украінскага фронту, завяршыўшы, такім чынам, поўнае акружэнне Берліна≫, — паведамляла ≪Звязда≫.
У ходзе баёў войскі 1-га Беларускага фронту авалодалі гарадамі Эльшталь, Рорбек, Маркварт і занялі прыгарады Берліна Фалькензее, Фалькенхаген, Лагер-Дэберыц.
Адначасова войскі фронту прадаўжалі весці баі ў паўночнай, усходняй і паўднёва-ўсходняй частцы Берліна, заняўшы пры гэтым гарадскія раёны Трэпаў і Брыц. На паўднёвым захадзе ад Франкфурта на Одэры войскі фронту з боем занялі гарады Мюльрозе і Фрыдланд. За 24 красавіка яны ўзялі ў палон больш за 3 500 нямецкіх салдат і афіцэраў і захапілі наступныя трафеі: самалётаў — 297, палявых гармат —110, аўтамашын — 1 130, паравозаў — 16, чыгуначных вагонаў — 1 311.
Войскі 1-га Украінскага фронту з баямі занялі горад Кетцын і ў паўднёва-заходняй частцы Берліна занялі гарадскія раёны Ліхтэрфельдэ, Цэлендорф. «На поўначы ад горада Котбус войскі фронту занялі больш 40 населеных пунктаў, у тым ліку горад Пейтц і буйныя населеныя пункты Дысен, Бург, Крауснік, Брызен, — пісала наша газета ў гэты дзень. — На паўночным захадзе ад Дрэздзена войскі фронту фарсіравалі раку Эльба і на заходнім беразе ракі занялі горад Рыза. У раёне Бауцэн нашы войскі адбівалі контратакамі буйных сіл пяхоты і танкаў праціўніка і нанеслі яму вялікія страты≫.
На захадзе ад Берліна войскі 1-га Украінскага фронту вызвалілі з нямецкага палону былога прэм’ер-міністра Французскай рэспублікі Эрыо.
На тэрыторыі Чэхаславакіі войскі 2-га Украінскага фронту занялі больш за 50 населеных пунктаў, прадаўжаючы наступленне.
У тыле
З вялікім задавальненнем сустрэлі на прадпрыемствах, ва ўстановах і калгасах падпісанне Дагавора паміж Савецкім Саюзам і Польскай Рэспублікай, пісала наша газета ў гэты дзень. З гэтай нагоды адбыліся шматлюдныя мітынгі. На мітынгу рабочых шаўковай фабрыкі імя Куйбышава рабочы Іваноў адзначыў: «Мы рады, што мацнее наша дружба з дэмакратычнымі краінамі. Дагавор з Польшчай з’яўляецца вялікім унёскам у справу канчатковага разгрому гітлераўскай Германіі і забеспячэння міру пасля вайны».
У калгасе ≪Новы шлях≫ Бялыніцкага раёна мітынг адбыўся ў полі. Пасля інфармацыі старшыня калгаса таварыш Назараў заяўляў: ≪Доўгі час нашы ворагі скарыстоўвалі кіруючыя колы Польшчы ў сваіх інтарэсах, падбухторваючы іх супроць нашай краіны. Гітлераўская Германія, акупіраваўшы Польшчу, зрабіла палякаў нявольнікамі≫. Доблесная Чырвоная Армія дапамагла польскаму народу вызваліцца ад нямецкіх прыгнятальнікаў.
У рэзалюцыі, прынятай на мітынгу ў калгасе «Камінтэрн», што ў Магілёўскім раёне, зазначалася: «Войскі слаўнай Чырвонай Арміі ўступілі ў цэнтр логава гітлераўскіх бандытаў — у Берлін. Мы абавязуемся яшчэ лепш працаваць на палях, арганізавана правесці сяўбу, даць яшчэ больш краіне і фронту неабходнай сыравіны і прадуктаў харчавання». Пасля мітынгу працаўнікі палёў з новым натхненнем браліся за сваю ганаровую справу.
Вядучая рубрыкі Яна ВАЛАСАЧ