У рубрыцы «Хроніка Вялікай Перамогі» дзень за днём разам са «Звяздой» далёкага 1945 года мы ідзём да светлай і святой даты 9 Мая.
У тыле
Тым часам калектыў Калiнкавiцкай МТС, што ў Мазыры, адзначаў гiстарычныя перамогi Чырвонай Армii на франтах Айчыннай вайны новымi перамогамi на сяўбе. Рыхтуючы дастойную сустрэчу святу Першамая, калектыў МТС 26 красавiка закончыў выкананне плана веснавых работ. Трактарамi МТС было ўзарана 1014 гектараў ворыва.
У сацыялiстычным спаборнiцтве перадавое месца заняла брыгада таварыша Булаўкi, якая на двух трактарах узарала 313 гектараў: «Трактарыст Канстанцiн Булаўка ўзараў 170 гектараў, Мiкола Малашчанка — 143 гектары. Добра працуюць трактарысты з брыгады Iвана Азбукi», — паведамляла «Звязда».
Значна перавыканала план веснавых работ Васiлевiцкая МТС. «Трактарысты гэтай МТС узаралi 1 702 гектары замест 1 300 гектараў па плану», — паведамляла наша газета.
Выканалi план веснавых трактарных работ Нараўлянская, Рудакоўская, Хойнiцкая i Лельчыцкая МТС.
На фронце
Хутка блiзiўся канец фашысцкай Германii. У свяшчэннай барацьбе супраць гiтлераўскага тэрору савецкi народ здзейснiў подзвiг. Беларускi народ вiтаў Чырвоную Армiю i саюзныя англа-амерыканскiя войскi, якiя злучылiся ў цэнтры Германii на Эльбе 25 красавiка. Пра гэта паведамляла «Звязда» ў № 78: «Як нiколi, канчатковая перамога надышла да нас так блiзка, што мы адчуваем ужо, бачым ужо той светлы час, калi ўсё чалавецтва ўпершыню ўздыхне лёгка, свабодна i пачне новы дзень новай эпохi — мiрны, творчы, шчаслiвы. А праклятым вылюдкам Германii, якiя трапiлi цяпер у новыя гiганцкiя „катлы“, — iм адзiн лёс, iм адзiная доля — атрымаць поўную i шчодрую адплату за ўсе крывавыя i нечуваныя злачынствы перад усiмi народамi свету, за рэкi бязвiннай крывi, пралiтыя iмi i па нашай беларускай шматпакутнай зямлi». У газеце таксама паведамлялася: «Слава войскам Чырвонай Армii i войскам нашых саюзнiкаў, якiя злучылiся на Эльбе, у цэнтры фашысцкай Германii».
За 26 красавiка на ўсiх франтах было падбiта i знiшчана 110 нямецкiх танкаў i самаходных гармат. У паветраных баях i агнём зенiтнай артылерыi былi збiты 33 самалёты працiўнiка.
27 красавiка на паўднёвым захадзе ад горада Пiлау войскi 3-га Беларускага фронту, прадаўжаючы наступленне, прасунулiся на 10 кiламетраў. Войскi 2-га Беларускага фронту, развiваючы наступленне, авалодалi гарадамi Прэнцлау, Ангермюндэ. Войскi 1-га Беларускага фронту авалодалi гарадамi Ратэноу, Шпандау, Потсдам i адначасова прадаўжалi вулiчныя баi ў Берлiне. Войскi 1-га Украiнскага фронту i саюзныя нам англа-амерыканскiя войскi рассеклi фронт нямецкiх войскаў i 25 красавiка злучылiся ў цэнтры Германii — раёне горада Торгау. У гэты ж дзень войскi фронту авалодалi горадам Вiтэнберг — важным апорным пунктам абароны немцаў на рацэ Эльба. На тэрыторыi Чэхаславакii войскi 2-га Украiнскага фронту авалодалi гарадамi Угерскi Брод i Угерскi Остраг
«За 28 красавiка на ўсiх франтах падбiта i знiшчана 50 нямецкiх танкаў i самаходных гармат. У паветраных баях i агнём зенiтнай артылерыi было збiта 17 самалётаў працiўнiка», — паведамляла наша газета ў № 79.
29 красавiка войскi 2-га Беларускага фронту, прадаўжаючы наступленне, у гэты дзень авалодалi гарадамi i важнымi вузламi дарог Анклам, Фрыдланд, Нойбрандэнбург, Лiхен i ўступiлi на тэрыторыю правiнцыi Мекленбург. Войскi 1-га Беларускага фронту авалодалi гарадскiм раёнам Моабiт, Ангальцкiм вакзалам i занялi 177 кварталаў у цэнтральнай частцы горада. Войскi 1-га Украiнскага фронту вялi вулiчныя баi ў паўднёва-заходняй частцы Берлiна i занялi паўднёвую частку гарадскога раёна Вiльмерсдорф да Берлiнер Штрасэ, чыгуначныя станцыi на акруговай чыгунцы Гогенцолерндам, Халензее. На паўднёвым усходзе ад Берлiна войскi 1-га Беларускага i 1-га Украiнскага франтоў завяршалi лiквiдацыю акружанай групы нямецкiх войскаў. На тэрыторыi Чэхаславакii, на ўсходзе ад горада Брно, войскi 2-га Украiнскага фронту, прадаўжаючы наступленне, з баямi занялi мноства буйных населеных пунктаў.