У рубрыцы «Хроніка Вялікай Перамогі» дзень за днём разам са «Звяздой» далёкага 1945 года мы ідзём да светлай і святой даты 9 Мая.
На фронце
Паводле звестак Савецкага iнфармбюро, на працягу 24 красавiка на паўночным захадзе ад Берлiна войскi 1-га Беларускага фронту, прадаўжаючы наступленне, авалодалi гарадамi Крэмен, Флатау, Вельтэн, Наўен. На паўднёвым усходзе ад Берлiна войскi фронту фарсiравалi раку Даме i занялi прыгарады Адлерсхоф, Рудоў, Альт-Глiнiке, Бонсдорф, дзе злучылiся з наступаючымi з поўдня войскамi 1-га Украiнскага фронту. Адначасова войскi фронту вялi вулiчныя баi ў паўночнай i ўсходняй частцы Берлiна, заняўшы пры гэтым гарадскiя раёны Тэгель, Вiтэнау, Рэйнiкендорф, Сiлезскi вакзал i гарадскiя кварталы, якiя знаходзiлiся на поўначы i ўсходзе ад яго. «На поўднi ад Франкфурта на Одэры войскi фронта авалодалi гарадамi Фюрстэнберг i Губен. У баях за 23 красавiка войскi фронта ўзялi ў палон больш за
3 000 нямецкiх салдат i афiцэраў i захапiлi наступныя трафеi: танкаў — 48, палявых гармат — 200, аўтамашын — 2 550, паравозаў — 88, чыгуначных вагонаў — больш за 1 000, складаў з ваеннай маёмасцю — 113», — пiсала «Звязда».
Войскi 1-га Украiнскага фронту з баямi занялi ў паўднёвай частцы Берлiна гарадскiя раёны Марыендорф, Ланквiц, Осдорф, Штансдорф i злучылiся з войскамi 1-га Беларускага фронту, якiя фарсiравалi раку Даме на паўднёвым усходзе ад Берлiна. «На Дрэздзенскiм напрамку войскi фронта авалодалi горадам Гросенхайн», — пiсала наша газета ў гэты дзень.
У тыле
У перадмайскiм сацыялiстычным спаборнiцтве калектыў завода iмя Мяснiкова (сёння — Мiнскi вагонарамонтны завод) узяў на сябе абавязацельствы перавыканаць дзяржаўны план па мантажы i рамонце абсталявання i рамонту паравозаў.«За першую палавiну красавiка тут падведзены ўжо вынiкi работы, — пiсала „Звязда“. — Свае абавязацельствы па рамонту паравозаў рабочыя выканалi поўнасцю.
Асаблiва вызначылiся брыгады столяраў Барушко, Богдана i Мiшкевiча. З першых дзён вызвалення яны працавалi на гэтым прадпрыемстве i паказвалi ўзоры сацыялiстычных адносiн да працы. Гэтыя брыгады правялi вялiкую работу па аднаўленню многiх цэхаў i памяшканняў раёна».
Сацыялiстычным спаборнiцтвам былi ахоплены ўсе цэхi, брыгады i рабочыя: «На заводзе значна ўзрасла прадукцыйнасць працы. Брыгада слесараў тав. Рак штодзённа дае тры нормы выпрацоўкi. Кровельшчык Врублеўскi выконвае сваю праграму на 200-250 процантаў».Партыйная арганiзацыя завода ўдзяляла вялiкую ўвагу добрай пастаноўцы палiтычна-масавай работы на прадпрыемстве. Асаблiва добрасумленна адносiлiся да сваiх абавязкаў агiтатары Грабоўскi i Гурыцкi. Яны загадзя рыхтавалiся да гутарак, падбiралi цiкавы матэрыял.