На фронце
На працягу 22 красавіка Цэнтральная група нашых войскаў прадаўжала весці наступальныя баі на Дрэздзенскім і Берлінскім напрамках. «На Дрэздзенскім напрамку нашы войскі занялі гарады Любенау, Дамэ, Шлібен, Зоневальдэ, Фінстэрвальдэ, Руланд, Ельстэрверда, Швепнітц, Буркау, Бішофсверда», — паведамляла Савецкае інфармбюро. Паводле папярэдніх даных, з 17 па 21 красавіка на гэтым напрамку нашы войскі ўзялі ў палон больш за 10 тысяч нямецкіх салдат і афіцэраў, захапілі 96 самалётаў і звыш 150 танкаў і самаходных гармат праціўніка.На Берлінскім напрамку нашы войскі занялі гарады Бізенталь, Калькберге, Клейншэнебек, Фрыдрыхсхаген, Фюрстэнвальдэ і прыгарады Берліна — Глініке, Любарс, Бланкенфельдэ, Розенталь, Бухольц, Караў, Бланкенбург, Мальхоў, Вейсензее, Хоэншонхауезен, Марцан, Бісдорф, Мальсдорф, Шэнэйхе, Фіхтэнау, Вільгельмсхаген. З 17 па 21 красавіка на гэтым напрамку нашы войскі ўзялі ў палон больш за 13 тысяч нямецкіх салдат і афіцэраў і захапілі наступныя трафеі: самалётаў — 60, танкаў і самаходных гармат — звыш 100, палявых гармат — больш за 500.
≪На поўначы ад Вены войскі 2-га Украінскага фронту, прадаўжаючы наступленне, з баямі занялі на тэрыторыі Аўстрыі больш 30 населеных пунктаў і сярод іх Драсенхофен, Отэнталь, Вільдэндзюрбах, Нойдорф, Альтэнмарк, Айхенбрун, Меркерсдорф, Сіманофельд≫, — пісала наша газета ў гэты дзень.
У тыле
Яшчэ ў 1935 годзе Дзяніс Каляда набыў спецыяльнасць трактарыста. «Ён лічыўся прыкладным трактарыстам у Грэскай МТС і штогод выпрацоўваў на сваёй машыне ад 400 да 600 гектараў», — паведамляла «Звязда».Адразу ж пасля вызвалення раёна (цяпер аграгарадок Грэск знаходзіцца ў Слуцкім раёне) ад нямецкіх бандытаў у МТС прыйшоў Дзяніс, а за ім следам і сын яго — Канстанцін. ≪Зімой Дзяніс працаваў брыгадзірам рамонтнай брыгады, а сын вучыўся на курсах трактарыстаў. У першых чыслах красавіка бацька і сын на адрамантаваным трактары выехалі працаваць у калгасы. Яны ўключыліся ў сацыялістычнае спаборніцтва і абавязваліся выпрацаваць на 15-сільны трактар 1 000 гектараў≫.
З першага дня работы на палях калгаса «Гігант» бацька і сын пачалі перавыконваць нормы — трактар працаваў без перабою. Па меры падсыхання глебы — яна спачатку была сыраватая — пачала расці і выпрацоўка. ≪Спачатку яны ўзаралі 8 гектараў, потым 10 і 13 красавіка ўзаралі 13 гектараў глебы. Усяго за 11 дзён работы бацька з сынам узаралі ўжо 89 гектараў глебы≫, — пісала наша газета.
Да 1 мая яны абавязваліся выпрацаваць на трактар 200 гектараў, а да 15 мая ўвогуле закончыць дзяржаўны гадавы план.
Ад гэтых трактарыстаў не адставаў і Ф. Барысевіч, які працаваў у калгасе імя Будзённага. Ён узараў на той час 43 гектары цаліны.
«Грэская МТС спаборнічае з Покрашаўскай, якая абавязвалася за месяц выканаць дзяржаўны гадавы план трактарных работ», — паведамляла «Звязда». Трактарысты гэтай МТС Каспяровіч і Малашук узаралі ўжо кожны па 68 гектараў. На 15 красавіка 1945-га трактарамі гэтых дзвюх МТС было ўзарана больш за 500 гектараў глебы.
Вядучая рубрыкі Яна ВАЛАСАЧ