У тыле
«За апошні час калектыў станцыі Мінск-таварная дабіўся значных поспехаў у сваёй рабоце, — пісала „Звязда“. — Гэтых вынікаў тут дасягнулі дзякуючы сацыялістычнаму спаборніцтву, якое шырока разгарнулася сярод усіх змен».
Наперадзе ішла змена дыспетчара Іваніко. «У ноч з 17 на 18 красавіка саставіцель гэтай змены тав. Панкоў прыняў парк без свабодных пуцей, — паведамляла наша газета. — Да канца дзяжурства ён здаў 5 свабодных пуцей, апрацаваў 7 і прыняў 6 паяздоў. Выдатных поспехаў у рабоце дабіліся таксама дзяжурны па парку таварыш Еромін і саставіцелі — таварышы Грынчук і Пазднякоў».
«21 красавіка змена таварыша Іваніко ўступіла на сталінскую вахту ў чэсць Першага мая. Адначасова рабочымі гэтай змены былі ўзяты абавязацельствы: знізіць мясцовы прастой, у выдатным становішчы ўтрымліваць стрэлкі і дабіцца стопрацэнтнага адпраўлення паяздоў па раскладу».
Ва ўсіх зменах станцыі выпускаліся насценгазеты, баявыя лісткі. На асобныя недахопы ў рабоце хутка рэагавалі лісткі-маланкі. Падэкадна падводзіліся вынікі спаборніцтва.
«Агітатары змен праводзяць з рабочымі чыткі газет і гутаркі. Агітатары Шышко і Сабіла заўсёды падрыхтоўваюцца да гутарак і праводзяць іх змястоўна і цікава», — пісала «Звязда».
Такім чынам, добра наладжаная работа спрыяла далейшаму разгортванню сацыялістычнага спаборніцтва, умацаванню працоўнай дысцыпліны, паляпшэнню ўсёй работы калектыву.
На фронце
Войскі 1-га Беларускага фронту, перайшоўшы ў наступленне з плацдармаў на заходнім беразе Одэра, пры падтрымцы масіраваных удараў артылерыі і авіяцыі, прарвалі вельмі ўмацаваную, глыбока эшаланіраваную абарону немцаў, якая прыкрывала Берлін з усходу, прасунуліся ўперад ад 60 да 100 кіламетраў і авалодалі гарадамі Франкфурт на Одэры, Вандлітц, Ораніенбург, Біркенвердэр, Генігсдорф, Панкаў, Фрыдрыхсфельдэ, Карлсхорст, Кепенік і ўварваліся ў сталіцу Германіі — Берлін. «У баях за 22 красавіка войскі фронту ўзялі ў палон звыш 4 000 нямецкіх салдат і афіцэраў і захапілі 85 палявых гармат, 3 100 аўтамашын, 67 паравозаў, 1 800 чыгуначных вагонаў і 30 складаў з рознай ваеннай маёмасцю», — паведамляла Савецкае інфармбюро.
Войскі 1-га Украінскага фронту, перайшоўшы ў наступленне, прарвалі абарону немцаў на рацэ Нейсе, прасунуліся ўперад ад 80 да 160 кіламетраў, авалодалі гарадамі Котбус, Любен, Цосен, Беелітц, Лукенвальдэ, Троенбрытцэн, Цана, Марыенфельдэ, Трэбін, Рангсдорф, Дзідэрсдорф, Цэльтоў і ўварваліся з поўдня ў сталіцу Германіі — Берлін.
«Адначасова на Дрэздзенскім напрамку войскі фронту з баямі занялі гарады Эсен, Кірхайн, Фалькенберг, Мюльберг, Пульснітц і выйшлі на раку Эльба на паўночным захадзе ад Дрэздзена», — пісала «Звязда».
Войскі 4-га Украінскага фронту, прадаўжаючы наступленне, 22 красавіка на тэрыторыі Чэхаславакіі штурмам авалодалі горадам Опава (Троппау) — важным вузлом дарог і моцным апорным пунктам абароны немцаў.
«На тэрыторыі Чэхаславакіі, на паўднёвым захадзе ад Гадоніна, войскі 2-га Украінскага фронту з баямі занялі горад Мікулаў і населеныя пункты Ледніцэ, Пулгары, Паўлаў, Перна, Пратлсбрун, Дольные, Дунаевіцэ, Добрае Поле», — паведамляла наша газета.