У панядзелак у Доме ўрада пад кіраўніцтвам Прэм’ер-міністра Аляксандра Турчына адбылося пасяджэнне аргкамітэта па падрыхтоўцы і правядзенні пасяджэнняў VІІ Усебеларускага народнага сходу. На ім абмеркавалі ключавыя аспекты правядзення УНС, а таксама работу ўнікальнай выстаўкі «Мая Беларусь».
Кіраўнік урада нагадаў, што 25 лістапада 2025 года пад кіраўніцтвам Старшыні Усебеларускага народнага сходу, Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі адбылося пасяджэнне Прэзідыума УНС.
— Па яго выніках перш за ўсё прынята рашэнне ўнесці на разгляд другога пасяджэння сёмага УНС праект парадку дня. Ключавыя моманты — пасланне кіраўніка дзяржавы, зацвярджэнне Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на найбліжэйшую пяцігодку і шэраг іншых пытанняў. Сёння мы абмяркуем ход падрыхтоўкі да гэтага важнага мерапрыемства, — падкрэсліў Аляксандр Турчын.
Прэм’ер-міністр таксама анансаваў, што выстаўка дасягненняў «Мая Беларусь» адкрыецца ў Мінскім міжнародным выставачным цэнтры BELEXPO напярэдадні пасяджэння УНС. Падчас пасяджэння аргкамітэта абмеркавалі, як ідзе падрыхтоўка да яе адкрыцця.
Даслоўна
Выстаўка «Мая Беларусь» сёлета прадоўжыцца два месяцы
Як адзначыў па выніках пасяджэння аргкамітэта па падрыхтоўцы і правядзенні пасяджэнняў VII Усебеларускага народнага сходу дырэктар Нацыянальнага выставачнага цэнтра BELEXPO Сяргей Баран, небывалы ажыятаж выстаўкі дасягненняў суверэннай Беларусі ў мінулым годзе паказаў: беларусам ёсць што дэманстраваць і чым ганарыцца.
— Таму з улікам усіх тых водгукаў, якія мы збіралі на працягу правядзення мінулай выстаўкі, мы паспрабавалі паказаць дасягненні нашай суверэннай краіны праз інтэрактыў, праз нейкія ўнікальныя рэчы. З моманту заканчэння мінулай выстаўкі прайшоў год, і мы разумеем, што цікава людзям, што хочуць убачыць беларусы, — падкрэсліў Сяргей Баран.
Ён акцэнтаваў, што сёлета ўся экспазіцыя будзе падзелена на тры блокі. Першы з іх — інсталяцыі і фотазоны. Наведвальнікі выстаўкі ўбачаць інсталяцыю ў выглядзе карты Беларусі са знакавымі аб’ектамі, узведзенымі за гады незалежнасці краіны. У вялікай выставачнай зале размесціцца экспазіцыйны блок у выглядзе васьмі буйных лакацый, прысвечаных ключавым галінам эканомікі. А ў малой зале будзе прадстаўлена экспазіцыя, якая раскрывае прыгажосць і турыстычны патэнцыял краіны.
— Думаю, што наведвальнікам выстаўкі спадабаецца. Чакаем вас. Думаем, што ўжо хутка зможам адчыніць нашы дзверы для наведвальнікаў, — адзначыў Сяргей Баран.
Пра дакладную дату адкрыцця выстаўкі пакуль не паведамляецца. Але ўжо вядома, што яна будзе працаваць на працягу двух месяцаў.
— Летась многія наведвальнікі прасілі даць магчымасць яшчэ раз убачыць усё — не хапіла аднаго месяца. Таму прынята рашэнне, што сёлета выстаўка прадоўжыцца два месяцы. Думаю, усе наведвальнікі змогуць атрымаць асалоду ад выстаўкі і ўбачыць тое, чаго не ўбачылі летась, — рэзюмаваў Сяргей Баран.
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота БелТА