Top.Mail.Ru

Зварот выхавальніка ў прафсаюз прывёў да пераразліку зарплаты 134 работнікам

Работніца адной з устаноў адукацыі засумнявалася ў правільнасці налічэння заработнай платы. Некалькі месяцаў жанчына назірала ў разліковым лістку суму меншую, чым чакала. Па дапамогу ў вырашэнні сітуацыі яна звярнулася ў Беларускі прафсаюз работнікаў адукацыі і навукі.



Прафсаюзныя спецыялісты падчас маніторынгу высветлілі, што памылкі сапраўды былі дапушчаны. Закраналі яны прымяненне разліковай нормы рабочага часу і вытворчага календара для педагагічных і іншых работнікаў устаноў адукацыі на 2026 год.

У далейшым аказалася, што такі выпадак не адзінкавы. Заработная плата выплачвалася не ў поўным аб'ёме 134 работнікам раёна.

– Сумненні ў гэтай работніцы выклікала тое, што, нягледзячы на ​​поўную працягласць рабочага часу, адсутнасць бальнічных і водпускаў, яна недаатрымлівае аклад, што прывяло таксама да налічэння стымулюючых выплат не ў поўным аб'ёме. Варта адзначыць, што норма рабочага часу ўстаноўлена пастановай Міністэрства працы і сацабароны ад 16.09.2025 г. № 95 “Аб устанаўленні разліковай нормы рабочага часу на 2026 год". Аднак прымяніць яе аднолькава ў адносінах, напрыклад, да педагагічных работнікаў, немагчыма. У прыватнасці, вытворчы каляндар для педагогаў грунтуецца на скарочанай працягласці рабочага часу і асаблівым разліку. Таму па выніках праведзенага маніторынгу ў адрас раённага ўпраўлення па адукацыі і спорце была накіравана рэкамендацыя прафсаюза аб ліквідацыі парушэнняў, – растлумачыла загадчык аддзела сацыяльна-эканамічнай работы Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Алена Вярбіла.

У выніку ўсім 134 работнікам быў зроблены пераразлік заработнай платы і выплачаны недаатрыманыя імі каля 33 тысяч рублёў.

Алена КРАВЕЦ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю