Установа адукацыі «Нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр «Зубраня» гэтым летам прыме на аздараўленне каля 300 замежных дзяцей. Пра гэта расказаў начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай, выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Віктар Доўнар, паведамляе БелТА.
Сёлета на базе «Зубраняці» плануецца аздаравіць каля 300 дзяцей з замежных краін: Кітая, Кыргызстана, Узбекістана, В’етнама, Алжыра, М’янмы, Зімбабвэ, Егіпта. «Дзеці прыедуць паэтапна з сярэдзіны чэрвеня да сярэдзіны жніўня. Аздараўленне для іх бясплатнае», — расказаў Віктар Доўнар.
Адораныя дзеці, пераможцы алімпіяд, ідуць на агульных падставах, але для іх арганізуюцца профільныя змены па інтарэсах: матэматыка, фізіка, творчасць. «Такія змены праводзяцца на базе „Зубраняці“ і ў дзённых лагерах: дзеці не толькі адпачываюць, але і займаюцца па сваім профілі», — растлумачыў ён.