У Польшчы турыстка была сур’ёзна пакалечана зубрам пасля таго, як яна і яе група наблізіліся да жывёлы на небяспечную адлегласць. Пра гэта паведаміла БелТА.
Інцыдэнт адбыўся ў гміне Бялавежа ў Падляскім ваяводстве Польшчы. Сустрэча з лясным царом скончылася для адной з турыстак вельмі непрыемна, паколькі яна грэбавала элементарнымі правіламі бяспекі. Адзначаецца, што жанчына з цяжкімі траўмамі была дастаўлена ў бальніцу.
Белавежскі нацыянальны парк на польскай частцы пушчы апублікаваў экстранную заяву, у якой гаворыцца, што ў тым, што адбылося, жывёла не вінаватая. Супрацоўнікі парка падкрэслілі, што падобныя інцыдэнты адбываюцца праз тое, што людзі не захоўваюць дыстанцыю і правакуюць дзікіх жывёл. Хоць зубр можа здавацца спакойным, на самай справе гэта магутная і непрадказальная істота, адзначылі яны.
«Бяспечная адлегласць ад зубра — не менш за 50 м. Набліжэнне да дзікіх жывёл, іх фатаграфаванне паблізу або кармленне каля населеных пунктаў нясе рэальную пагрозу як для людзей, так і для саміх жывёл. Зубр — магутная дзікая жывёла: моцная, хуткая і непрадказальная ў сваіх рэакцыях на пагрозу», — растлумачылі прадстаўнікі парка.
Яны таксама адзначылі, што сілу гэтай жывёлы ні ў якім разе нельга недаацэньваць, калі не паважаць зону камфорту зубра, ён можа стаць агрэсіўным. У парку звярнулі ўвагу на тое, што катэгарычна нельга наўмысна прываджваць зуброў да дамоў з дапамогай ежы. Па словах супрацоўнікаў парка, гэта дзеянне, нібыта закліканае дапамагчы жывёлам, на самай справе нясе смяротную пагрозу.