«Добры спецыяліст — на вагу золата», — упэўнена Ніна Яфімаўна. Таму, калі ў яе расхістаўся зубны мост, вырашыла ісці да «свайго» ўрача (у якога ўся яе сям’я лячыла і «ставіла» зубы). У паліклініцы высветлілася, што ў найбліжэйшы час у графіку любімай доктаркі Наталлі Мікалаеўны няма ніводнага «свабоднага акна», ёй параілі звярнуцца да калегі.
Але «памяняць урача» так цяжка, асабліва калі дома муж ніяк не нахваліцца, як яму Наталля Мікалаеўна добра зубы палячыла. Ніна Яфімаўна пачала шукаць выйсце. І знайшла! Загадала свайму чалавеку апранацца і разам з ёй ісці ў паліклініку. У рэгістратуры сужэнцы папрасілі кнігу «Скаргаў і прапаноў». Пад дыктоўку Ніны Яфімаўны муж напісаў удзячнасць Наталлі Мікалаеўне за добрую працу, за залатыя рукі, за любоў і ўважлівасць да пацыентаў, напрыканцы паскардзіўся, што жонка не пагаджаецца ісці ні да якага іншага доктара, хоча трапіць толькі да Наталлі Мікалаеўны, ажно плача.
А на наступны дзень Ніне Яфімаўне патэлефанавалі. Наталля Мікалаеўна запрашала на прыём. Усё ж і добрае слова лечыць!
Зоя Наваенка, Глыбокае.
Ад «Звязды»: 27 лютага наша паважаная чытачка і пастаянная аўтарка адзначыла юбілей. Ад усёй душы жадаем ёй моцнага здароўя, цудоўнага настрою і паболей цікавых і добрых людзей побач, з некаторымі з якіх, усякае можа быць, мы гатовыя завочна пазнаёміцца. Чакаем новых гісторый.