Top.Mail.Ru

Зорныя юбіляры Купалаўскага

Люты 2025 года адзначаны юбілеямі ажно трох выдатных акцёраў Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. Народная артыстка Беларусі Тамара Міронава, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь і мастацкі кіраўнік тэатра Вольга Няфёдава, народны артыст СССР, народны артыст БССР Генадзь Аўсяннікаў — усе яны прысвяцілі жыццё высокаму мастацтву і нават свае юбілеі адсвяткуюць на сцэне тэатра. Мы вырашылі расказацьвам пра кожнага з іх.


«Тэатр — гэта жыццё маё»

  • Тамара Міронава нарадзілася 3 лютага 1950 года. Спачатку яна іграла ў аматарскіх студыях, але ўжо ў 1973 годзе паступіла на працу ў Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі ў Бабруйску.

У Купалаўскі тэатр Тамара Васільеўна трапіла 19 кастрычніка 2001 года па запрашэнні рэжысёра Валерыя Раеўскага. Яны працавалі разам, калі Раеўскі ставіў «Трыбунал», і рэжысёр паклікаў артыстку стаць часткай Купалаўскай трупы.

Свой юбілей на сцэне Купалаўскага артыстка адзначыла 4 лютага. Яе бенефісам стала трагікамедыя «Апошні атракцыён», дзя яна выконвае ролю песімістычнай Абі. Чаму яе навучыла гэтая гераіня?

— Раззлаваны чалавек скарачае сабе жыццё. Гэтыя пакуты не даюць яму нармальна жыць, развівацца. У спектаклі мая гераіня не прабачае свайго сына практычна да самага канца. Аднак калі даведваецца, што ў яе нарадзіўся ўнук, скідае з сябе ўсе крыўды і разумее, што жадае жыць. А жыццё абрываецца. Мяне гэта шмат чаму навучыла. Не трэба моцна крыўдзіцца. Трэба дараваць людзям: і самому лягчэй будзе, і другім прасцей, — падзялілася сваімі думкамі Тамара Міронава.

Больш за 50 гадоў на сцэне... За гэты час артыстка атрымала шмат значных узнагарод, сярод якіх нагрудны знак Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь «За ўклад у развіццё культуры Беларусі», медаль Францыска Скарыны, а таксама ганаровае званне народнай артысткі Беларусі.

— Тэатр — гэта жыццё маё, тое, што па-сапраўднаму люблю. Я невымерна ўдзячная Богу, што трапіла сюды і што працую тут. Сапраўднае шчасце — гэта калі чалавек знаходзіць сваё месца, — заключыла яна.

«Я была, ёсць і буду — актрысай»

  • Заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь і мастацкі кіраўнік тэатра Вольга Няфёдава 18 лютага адсвяткуе сваё 55-годдзе. Больш за 30 гадоў яна служыць у Купалаўскім.

Паводле ўспамінаў артысткі, гэты тэатр з’явіўся ў яе жыцці ва ўзросце 14 гадоў. Яна трапіла на спектакль «Вечар» з удзелам Галіны Макаравай, Віктара Тарасава і Паўла Дубашынскага. Убачанае сапраўды глыбока ўсхвалявала будучую актрысу і назаўжды змяніла яе, забылася даўняя дзіцячая мара стаць урачом, у Вольгі Няфёдавай з’явілася новая — сцэна.

— Роля Мар’і Аляксандраўны Маскалёвай у «Дзядзечкавым сне» — мая мара з 17 гадоў. Яна ажыццявілася, калі я да яе дарасла фізічна. Прызнаюся, што ў дзень нараджэння буду іграць такую складаную ролю ўпершыню, але мне захацелася адзначыць свае дзве прыгожыя пяцёркі менавіта такім чынам, таму што гэту аповесць вельмі любіла мая мама, — падзялілася Вольга Валянцінаўна.

А яшчэ актрыса прызналася, што можа назваць сябе па-сапраўднаму шчаслівым чалавекам.

— Займаюся сваёй любімай справай. Я была, ёсць і буду — актрысай. Мне нішто і ніхто не перашкаджаў рэалізоўвацца ў прафесіі як на радыё, якое мяне зрабіла знакамітай, так і на тэлебачанні, у кіно і тэатры. Я шчаслівы чалавек, таму што заўсёды была запатрабаваная.

Патрыярх купалаўскай сцэны

  • Свае 90 гадоў сустрэне на сцэне Купалаўскага і народны артыст СССР, народны артыст БССР Генадзь Аўсяннікаў

19 лютага тут адбудзецца паказ камедыі «Паўлінка». Да гэтай значнай даты мы сабралі цікавыя факты з біяграфіі майстра:

— будучага артыста выхоўвала цётка па матчынай лініі, сельская настаўніца Марфа Гаўрылаўна Цыбульская, якая жыла ў Бялынічах. Яна і прывучыла пляменніка да добрай кнігі, да трапнага слова;

— пасля вызвалення Беларусі пры школе пачаў дзейнічаць драмгурток, куды запрасілі і Генадзя Аўсяннікава. Ён пагадзіўся: падчас аднаго з канцэртаў яму спадабалася, як артыст паводзіў сябе на сцэне, як чытаў байкі. У гэтым драмгуртку і напаткала Аўсяннікава першая роля — Хлестакоў з «Рэвізора»;

— яшчэ студэнтам малады акцёр трапіў на Купалаўскую сцэну, яму далі эпізадычную ролю ў спектаклі «Канстанцін Заслонаў», дзе бліскуча іграў артыст Глеб Глебаў;

— Генадзь Аўсяннікаў — апошні беларускі акцёр, якому было нададзена званне народнага артыста СССР у 1991-м годзе;

— усяго ў кар’еры Генадзя Аўсяннікава каля сотні выдатных роляў у тэатры і кіно.

Сёння Генадзь Сцяпанавіч актыўна іграе ў розных спектаклях. Сярод яго роляў — Васіль («Вечар»), Францішак Абель («Час жыцця»), Герцаг («Рамэа і Джульета»), Князь Гаўрыла («Дзядзечкаў сон»), Дзядуля Гурвіч («А зоры тут ціхія») і, вядома, Пранцісь Пустарэвіч («Паўлінка»).

фота аўтара.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю