Top.Mail.Ru

Зорныя ўдзельнікі і госці з 12 краін: праходзяць спаборніцтвы Мінскага трыятлона

Каля аквапарка «Лябяжы» і ў акваторыі вадасховішча Дразды пачаліся мерапрыемствы Міжнароднага Мінскага трыятлона 2026 года, паведамляе БелТА.

Спаборніцтвы ў сталіцы падзелены на два дні. 25 ліпеня вадасховішча Дразды прымае заплывы на 0,75 км, 3 км і 5 км, а каля аквапарка «Лябяжы» праходзяць асобныя забегі на 10 км, 5 км, 3 км (жаночы) і 0,5 км (дзіцячы). У нядзелю адбудуцца старты непасрэдна ў фармаце трыятлона (плаванне + велагонка + бег). Траса для заездаў на веласіпедах будзе пракладзена па праспекце Пераможцаў.

У праграму мерапрыемства ўпершыню ўключана самая складаная дыстанцыя — Ironman (яна ж «Поўная»). Дысцыпліна аб’ядноўвае заплыў на 3,8 км, веласіпедны маршрут працягласцю 180 км і забег на 42,2 км. Увогуле — 226 кіламетраў, пачатак — у 5 гадзін раніцы. Таксама на выбар аматарам спорту былі даступны дыстанцыі «Спрынт» (25,75 км), «Алімпік» (56,5 км) і «Палавінка» (113 км).

Усяго старты Міжнароднага Мінскага трыятлона сабралі больш за 3 тысячы ўдзельнікаў з Беларусі і яшчэ 12 краін: Азербайджана, Арменіі, Германіі, Егіпта, Кітая, Кыргызстана, Літвы, ААЭ, Амана, Польшчы, Расіі і ЗША. На спаборніцтвы заявіліся і вядомыя беларускія спартсмены, у тым ліку лёгкаатлетка Марына Арзамасава і біятланісты Дзінара Смольская, Антон Смольскі і Дзмітрый Лазоўскі.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю