Калекцыя ўзнагарод Белдзяржмузея гiсторыi Вялiкай Айчыннай вайны папоўнiлася чарговым медалём «Залатая Зорка».
З 1957 да 2020 года ў музейны фонд паступiлi 25 вышэйшых узнагарод. Уладальнiк дваццаць шостага медаля Героя Савецкага Саюза — Аляксей Анiсiмавiч Ракiцянскi. Гэтага высокага звання гвардыi лейтэнант быў удастоены ў сакавiку 1945 года за подзвiг, здзейснены падчас правядзення Беларускай наступальнай аперацыi «Баграцiён». Маладому чалавеку было 23 гады.
Пасля вайны Аляксей Анiсiмавiч жыў i працаваў у Мiнску. У беларускай сталiцы цяпер жывуць яго нашчадкi. Менавiта яны перадалi ў Белдзяржмузей гiсторыi Вялiкай Айчыннай вайны матэрыялы пра свайго гераiчнага продка, у тым лiку самую каштоўную сямейную рэлiквiю — медаль «Залатая Зорка».
Гарматны бой i атака ўрукапашную
Аляксей Ракiцянскi нарадзiўся 28 лютага 1922 года ў Палтаўскай вобласцi, у сялянскай сям’i. Пасля заканчэння сярэдняй школы працаваў рахункаводам. У 1941-м маладога чалавека прызвалi ў Чырвоную Армiю, залiчылi ў Ваўчанскую ваенную школу авiямеханiкаў, дзе ён правучыўся сем месяцаў. Затым скончыў Харкаўскае ваеннае артылерыйскае вучылiшча, якое было эвакуiравана ў г. Фергана Узбекскай ССР. Прайшоўшы паскораны курс навучання, у вераснi 1942 года Аляксей Ракiцянскi быў адпраўлены на фронт.
З восенi 1943 года ў складзе войскаў Заходняга фронту ўдзельнiчаў у баях за вызваленне Беларусi. Камандзiр агнявога ўзвода 45-мм гармат 418-га стралковага палка 133-й стралковай дывiзii Аляксей Ракiцянскi змагаўся з ворагам на аршанскiм напрамку. Пад Дуброўна, што на Вiцебшчыне, быў паранены. Пасля таго, як паправiўся, малады чалавек працягваў ваяваць на тэрыторыi Вiцебскай, Мiнскай i Гродзенскай абласцей.
У перыяд аперацыi «Баграцiён» гвардыi лейтэнант камандаваў узводам 2-га гвардзейскага знiшчальна-супрацьтанкавага артылерыйскага палка 16-й гвардзейскай знiшчальна-супрацьтанкавай артылерыйскай брыгады 5-й армii 3-га Беларускага фронту. 17 лiпеня 1944 года падчас вызвалення Лiтоўскай ССР недалёка ад горада Алiтус Аляксей Ракiцянскi адным з першых пераправiў групу разведчыкаў сваёй батарэi на заходнi бераг ракi. Заняў плацдарм i ўтрымлiваў яго да ранiцы 18 лiпеня, да падыходу пяхоты 184-й стралковай дывiзii, якой i быў перададзены плацдарм.
У гэты дзень батарэю атакавалi 30 танкаў працiўнiка.

У вынiку жорсткага бою батарэя Ракiцянскага знiшчыла чатыры варожыя танкi, да 20 нямецкiх салдат i афiцэраў.
Аднак ворагу ўдалося вывесцi са строю ўсе гарматы батарэi. Гвардыi лейтэнант Ракiцянскi не разгубiўся: сабраў групу байцоў i з крыкам «ура» атакаваў аўтаматчыкаў працiўнiка, адбiў захопленыя iмi аўтамашыны. Затым, сабраўшы групу стралкоў 184-й стралковай дывiзii, пераследаваў ворага. Камандзiр узвода асабiста знiшчыў у рукапашным баi трох гiтлераўцаў. Нямецкiя аўтаматчыкi з вялiкiмi стратамi пакiнулi месца бою. За гэты подзвiг Аляксею Ракiцянскаму было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
Завяршыўшы службу ў армii, Аляксей Анiсiмавiч застаўся ў Мiнску. Пайшоў з жыцця ў 1998 годзе.
«Не любiў успамiнаць вайну»
Навуковы супрацоўнiк аддзела ўлiку фондаў Беларускага дзяржаўнага музея гiсторыi Вялiкай Айчыннай вайны Палiна Русецкая расказала, што медаль «Залатая Зорка» ў студзенi 2025 года ў фонд музея перадала дачка Героя Савецкага Саюза Людмiла Ракiцянская. Акрамя медаля, нашчадкi франтавiка перадалi ва ўстанову больш як сто адзiнак яго асабiстых прадметаў. Сярод iх — парадная форма, трафейны гадзiннiк, дакументы ваеннага часу i фотаздымкi.

Людмiла Ракiцянская адзначыла, што такiя рэчы не варта захоўваць дома. «Мы даўно хацелi перадаць iх у музей, i вось час прыйшоў, — сказала дачка Героя Савецкага Саюза. — Думаю, яны не павiнны захоўвацца дома, бо, увогуле, яны належаць усiм».
Людмiла Ракiцянская падзялiлася ўспамiнамi пра бацьку: «Я была татавай дачкой. Заўсёды была з iм, а бацька — са мной. Ён вазiў мяне на мора, у падарожжы, паходы. Ён усё ведаў. Быў цудоўным грыбнiком i вельмi любiў збiраць ягады. Мы разам збiралi малiны, а потым варылi варэнне. Тата ўсё гэта ўмеў рабiць. Я не памятаю, каб мы калi-небудзь хадзiлi ў майстэрню рамантаваць абутак або вопратку. Акрамя таго, бацька шмат чаго ведаў: што не спытаеш — у яго на ўсё ёсць адказ».
Адзiнае, чаго не любiў Аляксей Ракiцянскi, — успамiнаць вайну. «Нават калi ў нас былi госцi i ў яго пыталiся: „Лёша, а як там на вайне?“, ён не адказваў, — згадвае дачка героя. — Ён тады больш любiў сесцi за стол i пачаць спяваць. Бацька ведаў мноства песень i меў нядрэнны голас».
Веранiка КАНЮТА
Фота Вiктара IВАНЧЫКАВА