Top.Mail.Ru

Знічкі Айчыны Уладзіміра Мазго

Імя заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Мазго добра знаёма пакаленням чытачоў. Яго творы вывучаюць у школьнай праграме, ды і сам пісьменнік ахвотна сустракаецца з дзецьмі. То пра сланоў на луне раскажа, то падарожжамі ката-марахода, загадкавай азбукай заахвоціць.


Уладзімір Мінавіч — выдатны казачнік, празаік, перакладчык, паэт, майстар спеўнага слова.

Аб сваёй спрычаснасці да літаратуры ён заявіў у 1982 годзе, калі выйшла ў свет першая кніга паэзіі «Пад спеў крыніц».

Але і да гэтага ўрачыстага моманту аб таленце юнага зельвенца даведаліся ў сталіцы. Уладзімір Мазго яшчэ школьнікам часта друкаваўся ў часопісах «Бярозка», «Маладосць», «Вожык», у газеце «Піянер Беларусі».

Пасля быў філфак БДУ, служба ў Савецкай Арміі, праца ў інтэгралаўскай шматтыражцы.

Па меры таго, як сталеў, набіраўся жыццёвага вопыту мацнела і яго паэтычнае слова. Сведчаннем таму зборнікі паэзіі «Вершаліна», «Марафон», «Анёл нябесны» і інш.

Многія вершы Уладзіміра Мазго пакладзены на музыку і сталі папулярнымі песнямі, увайшлі ў рэпертуар зорак беларускай эстрады і маладых выканаўцаў, гучалі на міжнародным фестывалі мастацтваў «Славянскі базар» у Віцебску, Нацыянальным фестывалі песні і паэзіі ў Маладзечне.

«Вабіць, натхняе прыгожае свята, чаруе родная жаўруковая мова», — з такім настроем паэт штогод ухваляе нацыянальны фэст песні і паэзіі.

Пра сябе, свае жыццёвыя прыярытэты Уладзімір Мазго расказваў шматлікім аматарам сваёй творчасці ў галерэі «Лабірынт» Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Радкі паэта прываблівалі сваёй непасрэднасцю, шчырасцю і цеплынёй.

Узгадаў паэт і пра малую радзіму — родную Зельвеншчыну, куды па вясне едзе ўжо чвэрць стагоддзя з кагортай дзеячаў культуры са своеасаблівай творчай справаздачай.

У мінулым годзе Уладзімір Мазго стаў лаўрэатам Нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі. Мае шэраг замежных літаратурных адзнак і ўзнагарод.

Усё гэта дае падставу сцвярджаць, што ён заняў дастойнае месца на літаратурным Алімпе Беларусі.

Марыя ЛІПЕНЬ
Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю