У штодзённасці, мітусні і ва ўсёй навакольнай цыклічнасці нашага жыцця здараюцца часам сапраўдныя цуды: калі адбываюцца доўгачаканыя сустрэчы, знаходзяцца патрэбныя словы і пражываюцца імгненні, якія ўзбагачаць душу і пакідаюць у ёй памятны адбітак. Менавіта гэтым багатыя новыя кнігі Выдавецкага дома «Звязда», пра якія вам расказваем сёння.
Прыгоды ў незнаёмай кампаніі
Чакаюць чытачоў, калі ім у рукі трапіць кніга Людмілы Маркоўскай «Знайсці Алісу». Дэтэктыўная аповесць, якая ўбачыла свет у серыі «Пераходны ўзрост», знаёміць нас з гісторыяй прыгод Цімафея Стральцова і яго сябра Платона. Першы — камп’ютарны вундэркінд, але разам з тым звычайны падлетак. Любіць катацца на веласіпедзе, скейтбордзе, ролікавых каньках, есці марожанае. І вось аднойчы разам са сваім сябрам становяцца сведкамі дзіўнай падзеі ў цэнтры горада: невядомыя людзі выкрадаюць дзяўчыну Алісу. Тады хлопцы прымаюць рашэнне знайсці яе. У гэтым ім дапамагае дэдукцыя Цімы, фантазія Платона і адчайнасць іх аднакласніка Арцёма. Ва ўзаемадзеянні юнакам давядзецца не толькі выратаваць дзяўчыну, але і знайсці агульную мову адзін з адным. Аднак ці толькі тыя, хто ведае код доступу і валодае інфармацыяй, могуць кіраваць светам? Альбо без чалавечай падтрымкі, кемлівасці і ўзаемавыручкі не абысціся? Менавіта пра гэта змогуць паразважаць чытачы падчас знаёмства з дэтэктыўнай гісторыяй. Таксама мы ўбачым, як мяняюцца людзі ва ўмовах рэальных жыццёвых выпрабаванняў і нават знаходзяць сабе сапраўдных сяброў. Адзін з хлопцаў кажа: «Друга без изъянов не бывает. Если будешь искать изъяны, останешься без друга».
Зачараваная душа
У аднайменнай кнізе Віктара Карамазава чытач знойдзе апавяданні і эсэ аўтара, у якіх узнімаюцца праблемы вёскі, бацькоў і дзяцей, а таксама стаўлення чалавека да прыроды, асобы Мастака. Кожны твор захапляе дынамічнасцю аповеду, сакавітай беларуская мовай, яркімі героямі, з якімі сюжэты пражываеш нібы з кімсьці блізкім і знаёмым: «— Падранак, — ціхім шэптам выдыхнуў Уладзік, лыпнуўшы на мяне блакітнымі вачыма, у якіх цяпер панаваў не толькі спалох, але разам з ім і нейкае прачулае шкадаванне і шчырая надзея наіўнай дзіцячай душы». Так, пасля кожнага прачытанага апавядання ў думках яшчэ доўга гучаць яго адгалоскі, бо пачынаеш разважаць пра ўчынкі і рэакцыі персанажаў. А пасля імкнешся захаваць у памяці вобразы гэтай сустрэчы, якая хай і на імгненне, але абудзіла ў душы нешта вельмі каштоўнае, што хочацца захаваць назаўсёды.
Алена ДРАПКО