Калі ў доме, кватэры або на зямельным участку знайшоўся старадаўні прадмет або скарб, пра знаходку неабходна паведаміць у мясцовы выканкам. Пра гэта расказала адвакат спецыялізаванай юрыдычнай кансультацыі г. Гродна Анастасія Вакульчык.
Паводле яе слоў, парадак дзеянняў у такой сітуацыі прапісаны ў артыкулах 88 і 89 Кодэкса аб культуры. Паведаміць у выканкам трэба не пазней як праз два дні з моманту выяўлення знаходкі — нават калі вы не ўпэўненыя, што яна ўяўляе якую-небудзь каштоўнасць.
Знаходку спачатку ацэняць спецыялісты
Пасля паведамлення спецыялісты вызначаць, ці мае выяўлены прадмет гісторыка-культурную каштоўнасць або з’яўляецца артэфактам.
Калі знаходка не ўяўляе гісторыка-культурнай каштоўнасці, яе вернуць таму, хто яе знайшоў. У гэтым выпадку права на маёмасць будуць мець уласнік дома або зямельнага ўчастка і чалавек, які знайшоў прадмет.
Калі ж знаходку прызнаюць гісторыка-культурнай каштоўнасцю або артэфактам, яна перадаецца ва ўласнасць дзяржавы.
Хто атрымае грошы за скарб
Пры перадачы такой знаходкі дзяржаве прадугледжана выплата 50% яе кошту. Палова гэтай сумы — 25% ад агульнага кошту маёмасці — належыць уласніку дома або ўчастка, яшчэ 25% атрымлівае чалавек, які знайшоў скарб.
Але тут ёсць важная ўмова: пошукі павінны праводзіцца са згоды ўласніка. Калі дазволу не было, усе 50% кошту выплачваюцца ўласніку дома або зямельнага ўчастка.