На Мінскім заводзе шасцерань вырабляюць зубчатыя колы розных памераў — справа, здавалася б, мужчынская. Але на прадпрыемстве і жанчынам знаходзіцца занятак. Людзі працуюць цэлымі дынастыямі.
Аляксандр Прадыбайла — вядучы інжынер вытворча-дыспетчарскага ўпраўлення. Працуючы на прадпрыемстве больш за 25 гадоў, Аляксандр Мікалаевіч атрымаў значны прафесійны вопыт, якім ахвотна дзеліцца з моладдзю. Сваю прафесію ён выбраў па прыкладзе бацькі, які пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага політэхнічнага інстытута прыйшоў працаваць на завод шасцерань у 1956 годзе. Мікалай Мікалаевіч прайшоў шлях ад каваля ў кавальскім цэху да намесніка начальніка цэха па вытворчасці. Як адказнага і ініцыятыўнага работніка яго прызначылі начальнікам бюро вытворча-дыспетчарскага ўпраўлення. Сваё жыццё з заводам звязала таксама і маці Аляксандра Мікалаевіча, якая ў 1960 годзе працавала ў аддзеле галоўнага метролага. Тут, на прадпрыемстве, у 1966-м бацькі нашага героя і пазнаёміліся. Вернасць любімай прафесіі яны захавалі на працягу дзесяцігоддзяў.
Па прыкладзе бацькоў прыйшлі на завод і іх дзеці. Працоўны шлях тут пачала сястра Марыя, якая стала галоўным метролагам. Звязаў сваё жыццё з гэтым прадпрыемствам і яе муж Пётр Юніцкі.
Сам жа Аляксандр Мікалаевіч пасля заканчэння політэхнічнага інстытута ў 1992 годзе працаваў металургам у ліцейным цэху на іншым прадпрыемстве, а ў 2000-м прыйшоў на Мінскі завод шасцерань. Спачатку быў майстрам, затым — начальнікам участка, начальнікам змены. Пазней кіраваў цэхам і цяпер працуе ў вытворча-дыспетчарскім упраўленні.
Прадаўжальніцай працоўнай сямейнай дынастыі Прадыбайла стала дачка Крысціна. Ужо два гады пасля водпуску па доглядзе дзіцяці працуе кантралёрам БТК.
Працоўны дзень Аляксандра Мікалаевіча пачынаецца ў сем гадзін раніцы. Спачатку ён праводзіць аналіз работы кавальскага цэха. Дае работнікам ўказанні, якія дэталі патрэбна праштампаваць у першую чаргу. Усе дэталі запатрабаваны на прадпрыемствах краіны, а гэта з’яўляецца вельмі важным паказчыкам. За больш чым дваццаць гадоў праца на заводзе стала для Аляксандра Мікалаевіча любімай справай.
Вядома, яна заўсёды займае шмат часу. Калі ж з’яўляецца вольная хвілінка, ён імкнецца ў сям’ю. Разам з жонкай і дзецьмі едуць на дачу, дзе заўсёды знойдуцца справы.
— Што б вы хацелі пажадаць маладым спецыялістам, пытаю ў ветэрана.
— Навічкам, якія толькі прыйшлі працаваць на завод, шчыра жадаю прыслухоўвацца да парад сваіх старэйшых калег, пераймаць іх вопыт і абавязкова прымяняць яго на практыцы.
Святлана СІЛЬВАНОВІЧ
Фота Віктара Іванчыкава