Top.Mail.Ru

Знаёмімся з культурнай сталіцай года

«Трэба ехаць!» — падумае турыст-аптыміст, даведаўшыся, што статус «культурная сталіца» ў 2025 годзе атрымала Іванава, што на Брэстчыне. І мае рацыю, бо гэта той выпадак, калі старажытны Янаў трымае марку ўсяго Палескага краю, тут жылі і працягваюць працаваць людзі, якія паказваюць прыклад любові да радзімы.


З Парыжа — на Палессе

Самы знакаміты ўраджэнец гэтых мясцін мастак і кампазітар Напалеон Орда пасля доўгіх гадоў жыцця за мяжой аднойчы з палёгкай уздыхнуў: можна дадому! Ён жыў думкамі пра радзіму і сустрэчу з маці, якая блаславіла яго на доўгі шлях. Пешшу і пад чужым прозвішчам ён рушыў у Еўропу, дзе яго чакаў поспех, знаёмства з выдатнымі асобамі таго часу, знакамітымі кампазітарамі і пісьменнікамі Еўропы, сяброўства з Фрэдэрыкам Шапэнам, які вельмі падтрымліваў Орду ў яго музычнай творчасці. Нездарма наш зямляк нават стаў дырэктарам Італьянскай оперы ў Парыжы, а на адным з дамоў французскай сталіцы ёсць мемарыяльная дошка ў яго гонар з пазнакай месца нараджэння: Рэспубліка Беларусь. Нездарма, бо ўсё сваё жыццё, нягледзячы на відавочны поспех, ён імкнуўся на радзіму, і, калі з’явілася магчымасць, пакінуў у Парыжы жонку і сына ды вярнуўся дадому. Рамантык і патрыёт, ён з задавальненнем вандраваў і ствараў малюнкі мясцін, якія наведваў. Дзякуючы яму мы можам зразумець, як выглядалі ў ХІХ стагоддзі шмат якія гарады і мястэчкі, архітэктурныя аб’екты і сядзібныя дамы. Ці не кожны з цяперашніх грамадзян Беларусі сярод малюнкаў Напалеона Орды (якія пазней былі пераведзены ў гравюры) зможа знайсці выявы сваёй малой радзімы і параўнаць з сучасным выглядам. А ў родных мясцінах мастака гэтае жаданне ўзнікне. Таму што сустрэча з мінулым не абмяжуецца паходам да помніка Орду (адзінага ў Еўропе!), які стаіць у Іванаве.

Непадалёк, у вёсцы Варацэвічы, знаходзіцца музейны комплекс, створаны і напоўнены экспазіцыяй ужо ў ХХІ стагоддзі. І сюды варта прыехаць, каб адчуць сувязь мінуўшчыны і сучаснасці: гісторыя роду Орды спалучаецца з творчасцю цяперашніх мастакоў — карцінная галерэя існуе тут нездарма. Але музейны комплекс закладваўся з ідэяй паказаць, як маглі выглядаць сядзібныя дамы ў той час на Палессі. І ўсё ж імя ўласніка мае значэнне, калі гэта сусветна вядомая асоба, юбілей якой адзначаўся на ўзроўні ЮНЕСКА.

У музеі захоўваецца дакумент — запіс у царкоўнай кнізе, — які пацвярджае, што сын Міхаіла Орды і Юзэфіны Бутрымовіч быў ахрышчаны Мацвеем-Тадэвушам-Напалеонам. Захаваліся і дакументы, якія паказваюць, якім быў дом сям’і Ордаў з шаснаццаці пакояў, але сам будынак не ацалеў у часе, як і радавы дом-маёнтак у Чырвоным Бары. Затое ў адноўленым — ужо музейным комплексе ў Варацэвічах — можна пазнаёміцца і з жыццём, музычнай і мастацкай спадчынай і нават некаторымі рэчамі, якія захавалі дух Ордаў. Напрыклад, сапраўдны куфар з дома Орды, які перадалі ў музей мясцовыя жыхары!..

З Палесся — у Пецярбург

...Калі ехаць у аграгарадок Дастоева, то там непадалёк ад Свята-Траецкага храма знаходзіцца помнік класіку сусветнай літаратуры Фёдару Міхайлавічу Дастаеўскаму. З Янаўскага краю паходзіў род пісьменніка. Праўда, сядзіба, што калісьці была непадалёк ад Дастоева, не захавалася. Тым не менш аграгарадок стаў прыцягальным маршрутам для турыстаў, асабліва з Расіі, нягледзячы на тое, што сам пісьменнік тут ніколі не быў. Ды гэта як пункт адліку таленту. Мясцовыя жыхары рупліва збіраюць каштоўнасці, якія да пары да часу захоўваюцца ў літаратурна-краязнаўчым музеі імя Фёдара Дастаеўскага, які створаны пры школе.

Іванава — Мінск — Іванава

Яшчэ адна цікавая вёска — Махро. Тут знаходзіцца карцінная галерэя імя беларускага мастака Аляксея Кузьміча, які нарадзіўся ў гэтай вёсцы, але набыў шырокую вядомасць у Беларусі і за яе межамі. Як творца ён вылучаўся дзякуючы серыі сваіх мадон. Праўда, калі прыглядзецца, то Мадонна там адна, і ў ёй знаёмыя мастака маглі пазнаць яго жонку. І што там італьянцы Перуджына ці Рафаэль?.. У Кнігу рэкордаў краін СНД занесена імя беларуса Кузьміча як самага пладавітага аўтара твораў з мадоннамі ў гісторыі жывапісу. Яго мадонны прыгожыя, натхняльныя, шмат аголенай натуры. Мясцовыя жыхары нават склалі прыкмету: калі жанчына хоча зацяжарыць, то трэба паглядзець карціны Аляксея Кузьміча...

Няпросты Моталь

Знакаміты Мотальскі музей народнай творчасці — жамчужына Палескага краю. Будынак музея пабудаваны згодна з праектам сядзібы былога мясцовага пана Юргенсона. Цяпер тут восем экспазіцыйных залаў: гісторыі, земляробства, ільноапрацоўкі, рамёстваў, ткацтва, вопраткі, абрадаў, народных традыцый. У фондах — больш за 27 тысяч экспанатаў. А насамрэч у аграгарадка Моталь гісторыя ў амаль пяць стагоддзяў. У адной з залаў прадстаўлены віды рамёстваў, распаўсюджаных у Моталі: сталярная, бондарская справа, саломапляценне, ільнаводства. Асобная экспазіцыя прысвечана бондарству: у Іванаве існуе адзіная ў Беларусі школа бондарства, а вырабы мясцовых майстроў надзіва цэняцца далёка за межамі Беларусі. І Мотальскае ткацтва лічылася эталонам у Беларусі — можна паразважаць, чаму. Гаспадыні тут наогул руплівыя ды ўмелыя. Нездарма вядомы кулінарны фестываль «Мотальскія прысмакі». І да гэтага часу ў аграгарадку пякуць славуты мотальскі каравай, — якое без яго вяселле? Традыцыя выпечкі мотальскага каравая ўваходзіць у спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі. Гэта амаль сакральнае дзейства: цеста замешвае жанчына, якая шчасліва жыве ў шлюбе альбо цяжарная. Ужо толькі дзеля гэтага варта туды ехаць.

Шчодрыя людзі гатовыя дарыць шчасце іншым, так было і ёсць, пра што сведчыць і знак «Янава слова»: сонечны гадзіннік, у аснове якога — вялікі камень, на які падае цень ад бронзавага пяра: кожны з нас працягвае пісаць агульную гісторыю краіны, якая складаецца з яркіх старонак розных мясцін.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю