Top.Mail.Ru
64

У Савеце Рэспублікі разгледзелі праект Закона «Аб змяненні законаў па пытаннях дарожнай дзейнасці»

У панядзелак у Савеце Рэспублікі адбылося пасяджэнне экспертнага савета. На ім быў разгледжаны праект Закона «Аб змяненні законаў па пытаннях дарожнай дзейнасці». Законапраект, падрыхтаваны Міністэрствам транспарту і камунікацый, прадугледжвае карэкціроўку Закона «Аб аўтамабільных дарогах і дарожнай дзейнасці» і Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці.


Як адзначыў у размове з журналістамі старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Леанід Заяц, названы законапраект дапаўняе закон, які быў прыняты 2 снежня 1994 года, пэўнымі новаўвядзеннямі. «Па-першае, у паняційным апараце. Напрыклад, „аўтамабільная дарога“, „дарожная гаспадарка“, „экспертыза“ і гэтак далей. Расшыфроўка гэтых тэрмінаў спрашчае пэўныя моманты ў дзейнасці нашых дарожных арганізацый, спрыяе хутчэйшаму праходжанню экспертызы праектаў, іншых мерапрыемстваў, якія паскараюць правядзенне будаўнічых і рамонтных работ, — растлумачыў старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі. — У гэтым жа законапраекце мяркуецца замацаваць парадак вызначэння Саветам Міністраў размяшчэння аб’ектаў прыдарожнага сэрвісу». 

Асаблівая ўвага была ўдзелена кампетэнцыі Міністэрства транспарту і камунікацый у частцы ўстанаўлення асаблівасцяў распрацоўкі перадпраектнай і праектнай дакументацыі на аўтамабільныя дарогі, узвядзення, рэканструкцыі, капітальнага рамонту аўтамабільных дарог і дарожных збудаванняў на іх, прыёмкі іх у эксплуатацыю. 

«Сказаць, што гэты закон моцна перапрацоўваецца, нельга, — адзначыў Леанід Заяц. — Але жыццё не стаіць на месцы: усё ж такі ўжо чацвёрты дзясятак прайшоў з таго часу, як гэты закон мы прынялі. Дадаецца больш аўтамабільных дарог, будуюцца дарожныя сэрвісы... А для таго, каб быў парадак ва ўсёй краіне, гэты праект закона ўдасканальвае падыходы ў нашай дзяржаве і замацоўвае юрыдычных асоб для ажыццяўлення кантролю і прыняцця рашэнняў па дарожнай дзейнасці». 

Паводле яго слоў, уладальнікі дарог, прапісаныя ў законе, павінны зрабіць усё для таго, каб аўтамабільныя дарогі былі бяспечныя для нашых грамадзян. «Яны павінны сачыць за дарожнай абстаноўкай і інфармаваць аб небяспечных участках карыстальнікаў аўтамабільных дарог. Карыстальнікі аўтамабільных дарог у сваю чаргу не павінны прыводзіць у бязладдзе праезную частку, абавязаны строга выконваць санітарныя нормы, знаходзячыся на аўтамабільных дарогах, а таксама не падпальваць пустазельную расліннасць, якая расце недалёка ад праезнай часткі. Гэты праект закона дасць пэўныя тлумачэнні на многія пытанні, што ўзнікалі ва ўладальнікаў дарог. І гэта будзе замацавана ў гэтым новым законе», — рэзюмаваў Леанід Заяц. 

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю