Top.Mail.Ru

Злавіць жыцця адбітак між радкоў

Традіцыйны кнігаагляд ад «Звязды»

Пражыць розныя яго сцэнарыі, мы маем магчымасць кожны раз, калі бяром у рукі кнігу. Там заўсёды знойдуцца падказкі, эпізоды, каб усміхнуцца альбо, наадварот, пусціць слязу, а таксама высновы, якія даюць усведамленне маштабаў падзей і наступстваў важных рашэнняў. Менавіта такія сюжэты хаваюцца пад вокладкамі навінак, што выйшлі ў Выдавецкім доме «Звязда». Пра іх — сёння.

Смяшынкі ўнукаў бабулі Валі

Вясёлыя гісторыі знойдуць усе, хто прачытае кнігу Яўгена Хвалея «Сябры-браты Багдан і Ромка: смяшынкі ўнукаў бабулі Валі». Яркае выданне дазваляе юным чытачам і іх бацькам перажыць самыя розныя прыгоды ў кампаніі двух пяцігадовых хлапчукоў. Пад адной вокладкай у зборніку аўтар сабраў 21 своеасаблівы абразок, а дакладней столькі непаўторных смяшынак. Так, напрыклад, даведаемся, як бабуля ўзнагародзіла Ромку за кемлівасць і знаходлівасць, чаму жанчына здзівілася, калі ўнук прывёз ёй ватрушку, як жаўрукі сталі жукамі, чым зарабіў унук сабе на ежу ў вёсцы, дзе дзеці шукалі нафту і яшчэ шмат цікавага. «Ромка з Багданам вырашылі заначаваць у бабулі Валі. А тая забылася сказаць унукам, што позна вечарам, калі сцямнее, у двор прыходзіць вожык, каб папіць малачка, якое яна налівае ў місачку дачнаму коціку», — так, напрыклад, пачынаецца аповед пра калючага ката. А ілюстрацыі мастака Кацярыны Казлоўскай дадаюць кожнай гісторыі непаўторнага каларыту.

Руды матылёк

Новая кніга з аднайменнай назвай ад аўтара Валянціны Быстрымовіч прапаноўвае пазнаёміцца з апавяданнямі, у якіх рэальнасць шчыльна пераплятаецца са снамі, знакі і інтуіцыя вядуць сваімі маршрутамі, але не ўсе і не заўсёды іх прытрымліваюцца. І вось ужо разам з героямі твораў (прататыпы іх, дарэчы, можна лёгка знайсці ў сваім жыцці) чытачы знаёмяцца з шэрагам гісторый, якія нагадваюць пра галоўнае: як важна паспець сказаць блізкім, што ты іх любіш, бо ніхто не вечны і мы не ў сілах змяніць нечы лёс, хіба толькі свой, калі пашчасціць. Таксама на старонках кнігі можам адшукаць і пацеркі жыццёвай мудрасці: «Значэнне мае толькі наша стаўленне да падзей і знакаў», «Добры чалавек здольны па-сапраўднаму за вас парадавацца», «Сусвет чуе нашы словы і здзяйсняе іх» і іншыя.

«Цяжкія дарогі жыцця: усё ў руках Божых»

Працяг аўтабіяграфічнага рамана Мікалая Чаргінца знаёміць з успамінамі аўтара, якія ахопліваюць перыяд з 2002 да 2004 года, калі ён узначальваў Пастаянную камісію Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы, Камісію Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі па пытаннях знешняй палітыкі, а таксама быў дэлегатам Рэспублікі Беларусь у ААН. Разам з пісьменнікам мы пабываем у Марока, Польшчы, Турцыі, Ліване, Кіпры, Чылі, Бразіліі, Вялікабрытаніі, Мексіцы і іншых краінах свету. 

А яшчэ з першых вуснаў даведаемся аб’ектыўную гісторыю стварэння Саюза пісьменнікаў Беларусі. Кніга аздоблена шматлікімі фотаздымкамі, якія дадаюць сэнсавых акцэнтаў усяму аповеду.

Алена ДРАПКО


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю