Top.Mail.Ru

Злачынствам фашысцкага ката усё роўна будзе дадзена ацэнка суддзяў

У канцы студзеня 2026 года Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь пачаў судовае разбірацельства па крымінальнай справе па абвінавачанні аднаго з кіраўнікоў падраздзяленняў СС і ахоўнай паліцыі Ганса Зіглінга ў генацыдзе беларускага народа ў часы Вялікай Айчыннай вайны (арт. 127 Крымінальнага кодэкса).



Ён, дарэчы, напрыканцы баявых дзеянняў у Еўропе камандаваў 30-й (1-й беларускай) дывізіяй СС, набранай з калабарацыяністаў.

Як ваеннаму злачынцу ў свой час удалося пазбегнуць справядлівай адплаты і ці мае сэнс праводзіць судовы працэс праз многія гады пасля яго смерці?

Крывавая кар’ера

Ураджэнец баварскага горада Графенвер Ганс Ойген Зіглінг зрабіў паспяховую кар’еру ў войсках СС. З лістапада 1942 года ён меў званне гаўптштурмфюрэра СС (капітана), з красавіка 1944-га стаў штурмбанфюрэрам СС (маёрам), а 14 жніўня 1944-га — оберштурмбанфюрэрам СС (падпалкоўнікам).

Яшчэ ў пачатку Другой сусветнай вайны Зіглінг змагаўся з партызанамі на тэрыторыі акупаванай Грэцыі, а з канца 1941 года да пачатку 1942-га ўзначальваў украінскую паліцэйскую роту, якая здзяйсняла карныя акцыі на тэрыторыі акупаванай БССР. У снежні 1942 года яго прызначылі камандзірам створанага на базе гэтай роты 57-га батальёна ахоўнай паліцыі, што складаўся са здраднікаў, якія прыслужвалі нямецка-фашысцкім акупантам.

Факты гавораць самі за сябе

Па матэрыялах Генеральнай пракуратуры Беларусі, у выніку арганізаваных Зіглінгам карных аперацый і злачынных акцый учынены забойствы не менш як 1706 чалавек, уключаючы 238 дзяцей і састарэлых асоб, у тым ліку тых, хто знаходзіўся ў бездапаможным стане. Падраздзяленне Зіглінга поўнасцю або часткова знішчыла не менш як 

11 сельскіх населеных пунктаў Беларусі. З 10 лістапада 1941 года на акупаванай тэрыторыі БССР 57-ы батальён прымаў удзел у такіх сумна вядомых антыпартызанскіх аперацыях, як «Бліц», «Котбус», «Херман», «Ота». У ходзе іх правядзення загінула шмат партызан і мірных жыхароў.

Імянная брыгада

Сваю крывавую дзейнасць батальён ахоўнай паліцыі пад камандаваннем Зіглінга здзяйсняў да лета 1944-га, калі пачалася аперацыя «Баграціён». У чэрвені — ліпені частка батальёна была знішчана або запалонена, а Зіглінг з яго рэшткамі пад націскам Чырвонай Арміі быў вымушаны перабрацца на Захад.

З ліпеня 1944 года Ганс Зіглінг камандаваў паліцэйскай брыгадай, сфарміраванай з ліку былых грамадзян СССР, у асноўным беларусаў — былых паліцаяў. 1 жніўня 1944-га гэта вайсковая частка была перададзена ў склад войск СС.

Брыгада дапаможнай паліцыі парадку «Зіглінг» праіснавала да сярэдзіны жніўня 1944 года, пасля чаго была перафарміравана ў 30-ю грэнадзёрскую дывізію СС (1-ю беларускую). Баявыя дзеянні гэта вайсковае злучэнне вяло на тэрыторыі Францыі супраць саюзных войскаў і мясцовых партызан, у выніку чаго панесла сур’ёзныя страты і неўзабаве спыніла сваё існаванне.


Хутка пераапрануўся

Не чакаючы капітуляцыі Германіі, Зіглінг пакінуў сваю дывізію, пераапрануўся ў грамадзянскае і адправіўся на радзіму. Пражываў у горадзе Нёрдлінген-Кляйнердлінген на тэрыторыі акупаванай амерыканцамі Баварыі. Хаваў сваё нацысцкае мінулае, спакойна жыў і займаўся прадпрымальніцкай дзейнасцю. Памёр у снежні 1978 года, так і не атрымаўшы заслужанае пакаранне. Вось і адказ на пытанне, як ваеннаму злачынцу ў свой час удалося пазбегнуць справядлівай адплаты?

Перамога нашай маралі і сумлення

Але ці мае ўсё ж сэнс праводзіць судовы працэс над карнікам праз многія гады пасля яго смерці? Як падкрэсліла дзяржаўны абвінаваўца на працэсе Каліна ГАРОШКА, «расследаванне справы аб генацыдзе і прыцягненне да адказнасці карнікаў, нацысцкіх злачынцаў і іх памагатых, якіх няма ў жывых, для суверэннай Беларусі нясе як гістарычны, так і палітычны характар. Гэта спрыяе не толькі аднаўленню гістарычнай праўды і справядлівасці, але таксама ўмацаванню дзяржаўнага суверэнітэту, у тым ліку з’яўляецца данінай памяці загінулым — як мірным жыхарам, так і абаронцам Айчыны. Гэта перамога нашай маралі і сумлення над ідэалогіяй германскага нацыянал-сацыялізму».

Застаецца дадаць, што крымінальная справа ў дачыненні да Ганса Зіглінга складаецца з 22 тамоў, па справе праходзяць 14 сведкаў.

Дарэчы, гэта ўжо шостая крымінальная справа аб генацыдзе беларускага народа, накіраваная Генеральнай пракуратурай для разгляду ў Вярхоўны Суд.

Сяргей РУЧАНАЎ


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю