Top.Mail.Ru
215

Куды ў снежні — студзені можна прыйсці па святочны настрой? У музеі!

Многія з беларускіх музеяў рыхтуюць святочныя праграмы, праводзяць батлеечныя спектаклі, запрашаюць асаблівых гасцей, тут можна даведацца пра святочныя традыцыі, а часам і развучыць калядныя песні. 


Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа падрыхтаваў разнастайную праграму. Вядома ж, тут можна даведацца, як адзначаў свята дзядзька Якуб, якімі цацкамі ўпрыгожвалася ялінка. Дарэчы, сёлета наведвальнікі могуць павесіць на яе і свае ўпрыгажэнні — гасцям прапануюць прынесці сюды адметныя цацкі, пажадана вінтажныя, і абмяняць іх на падарунак ад музея. Зіму тут можна сустракаць з лекцыяй па гісторыі ёлачных цацак, майстар-класамі па роспісе навагодніх шароў і па стварэнні калядных свечак з вашчыны. Магчыма кагосьці зацікавіць занятак па пісанцы. Так, яйкі ў даўнія часы ў Беларусі распісвалі не толькі перад Вялікаднем, у музеі можна больш даведацца пра старажытныя зімовыя ўзоры. У снежні ў доме Коласа праходзяць акустычны калядны канцэрт, вечар раманса і песні, і, канешне, калядкі.

Павучыцца калядаваць можна і ў Купалавым доме. Гэты літаратурны музей запрашае сем’і паўдзельнічаць у народных гульнях, паслухаць жывую музыку і песні. Пакалядаваць прапануе не толькі сталічны музей Янкі Купалы, але і яго філіял у Ляўках, дзе знаходзіцца адноўленая дача класіка.

Забаўляльная праграма «Калядкі-калядачкі» з батлеечным спектаклем, традыцыйнымі спевамі і гульнямі, навагоднім квізам пройдзе ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча. 

На музычна-светлавы перфоманс у атачэнні выцінанак і аўтэнтычнага тэкстылю запрашае Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры.

Каб цалкам адчуць усю прыгажосць і энергетыку зімовых свят, трэба выбрацца ў скансэн. У Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту госці не проста назіраюць, а далучаюцца да рэканструкцыю каляднага абраду, традыцыйных гульняў, танцаў, варажбы. 

На зімовыя канікулы гасцей чакае Музей гісторыі Мінска і розныя яго філіялы. У Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага адкрылася выстаўка навагодніх упрыгажэнняў «Што расце на ялінцы», на якой прадстаўлена больш за 300 цацак мінулага стагоддзя, сярод якіх — ватныя, шкляныя, карданажныя. Тут ёсць цацкі з набораў, прысвечаных казкам «Чыпаліна», «Марозка», «Доктар Айбаліт». Экспазіцыю дапаўняюць карнавальныя маскі, святочныя паштоўкі, фігуры Дзеда Мароза. Для наведвальнікаў старэйшага ўзросту гэта выдатная магчымасць згадаць сваё дзяцінства, калі цацкі беражліва захоўваліся і перадаваліся дзецям і ўнукам, для маладзейшых — убачыць, як змяняліся ўпрыгажэнні, якія матэрыялы выкарыстоўваліся для іх вырабу. Таксама ў галерэі можна прайсці навагодні квэст, адгадкі на заданні, прыдуманыя арганізатарамі, госці будуць шукаць у інтэр’еры старой сядзібы. Яшчэ ў адным квэсце музей гісторыі Мінска запрашае паўдзельнічаць у другім сваім філіяле — археалагічным. Госці будуць шукаць сапраўдныя артэфакты, разгадваць гістарычныя загадкі. 

Цікавую праграму падрыхтаваў і музей «Лошыцкая сядзіба». У пачатку снежня тут адкрылася выстаўка «Святкі-калядкі. Традыцыйная беларуская калядная лялька». На ёй прадстаўлены экспанаты, прывезеныя з экспедыцый. Сярод іх — калядная каза, зоркі і красцец (паводле павер’я яго кідалі ў калодзеж, людзі верылі, што таму, хто выцягне ляльку разам з вадой, увесь год будзе шчасціць). Экспазіцыю дапаўняюць сучасныя тэкстыльныя і керамічныя лялькі, некаторыя з якіх зроблены па сюжэтах беларускіх народных казак. Прадстаўлены і сюжэтныя інсталяцыі зімовых абрадаў. Наведвальнікі музея могуць далучыцца да майстар-класаў па вырабе навагодніх цацак. 

У рамках праекта «Музычны салон» у Лошыцкай сядзібе пройдуць канцэрты класічнай музыкі з удзелам лаўрэатаў міжнародных і нацыянальных конкурсаў — салістаў Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Так, 26 снежня падчас праграмы, прысвечанай Калядам, прагучаць творы вядомых рускіх і заходнееўрапейскіх кампазітараў, а таксама калядкі. «Белая гасцёўня» сядзібнага дома ў Лошыцы на некаторы час ператворыцца ў сцэну для інтэрактыўнай музычнай казкі «Шчаўкунчык». Дзеці і дарослыя змогуць пачуць любімыя мелодыі, далучыцца да гульняў, падчас якіх будуць уяўляць сябе героямі казкі ці ўдзельнікамі незвычайнага аркестра. 

Музычныя канцэртныя праграмы пройдуць і ў Нацыянальным мастацкім музеі. Паслухаць можна як выступленне фальклорнага калектыву, так і класічную музыку. Госці змогуць наведаць выстаўку «Зімовыя матывы», майстар-класы па выцінанцы і стварэнні ёлачных цацак, квэсты і інтэрактыўныя праграмы.

Ужо не першы год перад святамі ў майстэрню ператвараецца і сталічны Дом-музей Ваньковічаў. Упрыгажэнні для навагодняга дэкору госці ствараюць з прыродных матэрыялаў.

Напярэдадні зімовых свят майстар-класы па вырабе цацак могуць праходзіць нават у старажытных замках. Напрыклад, такая майстэрня будзе працаваць у Нясвіжы. Традыцыйна ўзімку ў Палацавым ансамблі праходзяць музычныя вечары. На праграму «Ноч на Каляды ў замку» госці могуць прыйсці за гадзіну да канцэрта, выпіць па келіху шампанскага і прагуляцца па старажытных залах.

Замкавы комплекс «Мір» падрыхтаваў для наведвальнікаў загадкавы квэст «Белы слон». Самымі ж яскравымі падзеямі ў пачатку новага года тут павінны стаць дзіцячы баль і баль-маскарад для дарослых. Для ўдзельнікаў, якія прыбудуць сюды, каб патанцаваць паланэз і менуэт, вальс і мазурку, прадугледжаны дрэс-код. Гасцей абяцаюць пазнаёміць і з салоннымі гульнямі і забавамі ХVІІІ стагоддзя. 

Не забыліся пра святы і супрацоўнікі Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Яны прапанавалі дзецям зрабіць уласныя святочныя цацкі, падрыхтавалі для малых квэст «Партызанскі падарунак». 

25 снежня ўрачыста адкрыецца ваенная рэзідэнцыя Дзеда Мароза на тэрыторыі музейнага комплексу «Лінія Сталіна». Абяцаюць, што чараўнік прыбудзе на лёгкім савецкім танку «Т-50».

Алена Дзядзюля.

Чытайце таксама: Далучайцеся да акцыі «Ёлачныя ўспаміны» ў музеі ВАВ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю