Top.Mail.Ru

Зімовы адпачынак у незімовае надвор’е

Зімовае надвор’е надзвычай пераменлівае. Таму, каб расчахліць лыжы і канькі, варта аператыўна лавіць снежныя і марозныя дні. Расказваем, дзе можна знайсці снег і лёд, калі нават за акном іх не відаць, а таксама дзе будуць даступныя лыжныя трасы, хакейныя пляцоўкі, горкі для катання на цюбінгах і іншыя аб’екты зімовых актыўнасцяў.


Гарналыжныя комплексы, біятлонныя трасы і каткі

Па ўсёй краіне арганізуюць работу больш як 320 хакейных пляцовак і 229 лыжных трас, бяспечна пакатацца на цюбінгах можна будзе на 66 абсталяваных спусках-горках. Калі няма ўласных канькоў ці лыж, іх можна ўзяць напракат: будзе працаваць звыш 300 такіх пунктаў. Усё для камфорту наведвальнікаў: асвятленне ў вячэрні час, музычнае суправаджэнне, пункты харчавання.

Чакаюць наведвальнікаў і гарналыжныя цэнтры, якія ў спрыяльных зімовых умовах могуць прымаць прыхільнікаў актыўнага адпачынку ледзь не кругласутачна. Так, у Раўбічах ужо паспелі стварыць 200-метровую лыжную трасу са штучным снегам. Функцыянуюць у Беларусі 14 біятлонных трас, дзе можна праводзіць спаборніцтвы са стральбой.

— У зімовы сезон вельмі папулярныя спартакіяды, больш за дзесяць міністэрстваў і ведамстваў традыцыйна арганізуюць іх зімой. Супрацоўнікі дзяржорганаў спаборнічаюць у лыжных і біятлонных гонках, эстафетах, запрашаюць сваякоў і блізкіх, ладзяць забаўляльныя мерапрыемствы — атрымліваецца сапраўднае свята. Такія мерапрыемствы праводзяцца ў розных рэгіёнах краіны, дзе дастаткова лыжаролерных трас. Як толькі прыйдзе сапраўдная зіма, мы іх аснежым і там будуць арганізоўвацца спартыўныя святы як у выхадныя, так і ў будныя дні, — расказаў начальнік аддзела фізічнай культуры галоўнага ўпраўлення планавання і арганізацыйнай работы Міністэрства спорту і турызму Пётр ВОРАН.

Дарэчы, з кожным годам попыт сярод беларусаў на паслугі спартыўных комплексаў у зімовы перыяд павялічваецца. Загрузка некаторых папулярных спартыўных лакацый перавышае 100 %. Нязменна папулярным у беларусаў застаецца катанне на лыжах. Гарналыжныя цэнтры, размешчаныя за 30–50 км ад сталіцы, збіраюць вялікую колькасць адпачывальнікаў. Што датычыцца цэн, то, напрыклад, гадзіна катання на вучэбнай трасе ў гарналыжным комплексе «Сілічы» для дарослых абыдзецца ў 20 рублёў у будны дзень і 25 — у выхадны, для дзяцей — у 13 і 17 рублёў адпаведна. Пракат лыж у гарналыжным комплексе «Лагойск» каштуе 8 рублёў у будны дзень і 9 — у выхадны.

— Варта расказаць у сацсетках аб адкрыцці новага аб’екта, як тут жа пачынаюць збірацца наведвальнікі. Паколькі зіма нас не песціць, ледзьве выпадзе снег, на такіх папулярных лакацыях, як сталічная «Сонечная даліна», яблыку не будзе дзе ўпасці. Здараецца, колькасць ахвотных перавышае магчымасці аб’екта і даводзіцца чакаць чаргі, — адзначае Пётр Воран.

У Лядовым палацы і ў парку

У Мінску па-ранейшаму застаюцца папулярнымі лядовыя пляцоўкі крытых арэн: «Мінск-Арэна», «Чыжоўка-Арэна», «Palova-Арэна», Лядовы палац спорту. Гэтыя комплексы наведвае як моладзь, так і больш узроставыя мінчане і госці сталіцы. Гадзіна катання ў «Мінск-Арэне» каштуе 6,5 рубля, пракат канькоў — 4 рублі, але можна прыйсці і са сваім інвентаром.

У сталіцы плануецца арганізаваць 14 лыжных трас. Будзе працягнута практыка выкарыстання штучнага снегу. Так, у Заводскім 
раёне лыжная траса з’явіцца ў парку імя 900-годдзя Мінска, у Ленінскім раёне — у Лошыцкім сядзібна-паркавым комплексе і зоне адпачынку «Сад Гашкевіча». У Маскоўскім раёне траса будзе арганізавана ў яблыневым садзе ўздоўж вуліцы Рафіева і ў парку імя М. Паўлава, а для прыхільнікаў актыўнага зімовага адпачынку з Кастрычніцкага раёна лыжную трасу традыцыйна створаць у парку «Курасоўшчына». 

У Партызанскім раёне лыжню арганізуюць у мікрараёне Дражня, а ў Фрунзенскім — у лесапаркавай зоне «Мядзведжына». Адразу дзве лыжныя трасы з’явяцца ў Савецкім раёне сталіцы: у парку Дружбы народаў і ў мікрараёне Зялёны Луг, а ў Першамайскім раёне — тры (дзве трасы ў лясным масіве мікрараёна Зялёны Луг і ў Севастопальскім парку). Галоўная гарадская лыжня будзе абсталявана ў мікрараёне Вяснянка вакол комплексу футбольных палёў на тэрыторыі футбольнага клуба «Мінск».

Лыжныя трасы сёлета, як і раней, будуць задзейнічаны пры правядзенні раённых, гарадскіх і рэспубліканскіх мерапрыемстваў. Каб іх заснежыць штучным снегам, маецца 32 снегагенератары і 10 снегаходаў.

Акрамя таго, у Мінску сёлета плануюць падрыхтаваць 28 лядовых каткоў і 33 хакейныя пляцоўкі, абсталяваць два схілы для катанняў на горных лыжах і снаўбордзе і арганізаваць 39 горак для катанняў на цюбінгах і санях. Будуць працаваць 97 пунктаў пракату лыжнага інвентару і канькоў: да зімовага сезона ў Мінску падрыхтавалі звыш 5,8 тысячы пар канькоў.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю