Ульяна Маркава стала чэмпіёнкай Еўропы па каратэ сярод моладзі.
Беларуска Ульяна Маркава перамагла на чэмпіянаце Еўропы па каратэ сярод юніёраў і моладзі, які праходзіў у кіпрскім Лімасоле.
Наша спартсменка заваявала «золата» ў вазе да 50 кг ва ўзроставай катэгорыі да 21 года. Па ходзе спаборніцтваў Маркава перамагла францужанку Лолу Кашар, шведку Агнес Нюман і іспанку Мірэю Візуетэ. У фінале беларуска адолела Людовіку Леджыціма з Італіі. Пяць гадоў таму Ульяна была бронзавым прызёрам чэмпіянату Еўропы сярод юніёраў да 18 гадоў, а летась стала трэцяй на адным з турніраў Маладзёжнай лігі Сусветнай федэрацыі каратэ.
Раней «бронзу» першынства кантынента выйграла наша Аліна Лабацэвіч (U18, да 59 кг). На Кіпры Беларусь таксама прадстаўлялі Вікторыя Рудэнчанка, Ксенія Палухлеб, Ягор Капаніца, Мікіта Багамолец, Марыя Малахава і Іван Кудзінаў. Увогуле, кантынентальны форум сабраў у Лімасоле амаль 1,2 тысячы юных спартсменаў з 46 краін.