Навошта ў Беларусі сталі разводзіць чырвоных дацкіх кароў
Малочнатаварны комплекс «Вусценскі» належыць вытворчаму прадпрыемству «Вусце» Нацыянальнай акадэміі навук. У савецкія гады гэта гаспадарка была адной з самых перадавых, але з часам прыйшла ў запусценне. І ў 2015 годзе Прэзідэнт даручыў перадаць яе вучоным. Спачатку ў НАН перажывалі, што ім перадалі на аднаўленне такое запушчанае прадпрыемства, але цяпер беларускія вучоныя ўжо не хочуць яе нікому аддаваць.
У канцы 2020 года прадпрыемства ўвяло ў строй новы малочнатаварны комплекс, для гэтага сюды завезлі 1,2 тыс. цялушак з Даніі. Адаптаваліся яны добра. «Усё новае — гэта ўсё цікавае. Страшна не было. З канца 2020 года мы пачалі камплектаваць гэты комплекс пагалоўем», — успамінае дырэктар прадпрыемства «Вусце» Дзмітрый Бацюкоў.
Начальнік МТК «Вусценскі» Жанна Трафімава тлумачыць, чаму спецыялісты зрабілі свой выбар на карысць дацкіх кароў: «Каб у Беларусі вывесці чырвоную беларускую пароду. У чым жа каштоўнасць гэтых жывёл? У тым, што яны даюць тлустае малако. Тлустасць малака — ад 4,4 працэнта да 6 працэнтаў даходзіць. Плюс бялок — 3,3 і вышэй».
Але галоўная вартасць такога малака — яно гіпаалергеннае. Прадукт падыходзіць людзям, якія няздольны пераносіць лактозу.
Які догляд патрэбны каровам
Цяпер агульная колькасць жывёлы ў комплексе — больш за 2,1 тыс. галоў. Тысяча з іх — асноўны статак.
«Мы перадаём жывёл на іншыя фермы, дзе іх таксама дояць, атрымліваюць малако. Прадаём у іншыя гаспадаркі нашай Віцебскай вобласці, таксама ў Брэсцкую вобласць прадаём цялушак цельных. І па іншых гаспадарках рэспублікі», — расказала Жанна Трафімава.
Травяністы корм нарыхтоўваюць самі. Гэта сілас кукурузны і сянаж злакава-люцэрнавы. Канцэнтраты, шроты, мінеральныя дабаўкі закупляюць айчынныя. Іх неабходна 45-50 кг у суткі. Зімой порцыі павялічваюць на 10 працэнтаў.
А ці мае патрэбу чырвоная парода кароў у спецыфічным доглядзе? «Для такой колькасці тлушчу ў саставе малака ёсць спецыфічныя рэкамендацыі па кармленні: канцэнтраты, сачыць за колькасцю засваяльнага пратэіну. А так, у прынцыпе, нічога, — растлумачыла начальнік МТК „Вусценскі“. — Жывёлы добразычлівыя. У нас тут шмат сваіх любімцаў ёсць ва ўсіх. Ідуць на кантакт. Можна сказаць, як хатнія жывёлы».
Маладняк мае патрэбу ў асобым, беражлівым стаўленні. Асабліва ў такія марозныя зімы. Дзмітрый Бацюкоў прызнаецца, што ні ён, ні старажылы гаспадаркі не могуць успомніць такіх халадоў — тэмпература паветра апускалася ніжэй за мінус 30 градусаў. Аднак маразы на прадпрыемстве вытрымалі дастойна, заявіў ён.
«Для захавання маладняку былі прыняты ўсе меры. Уся жывёла ў нас стаіць у прафілакторыі. Каб было цяплей, мы для самых маленькіх, нованароджаных цялят набылі спецыяльныя куртачкі. Загадзя былі набыты абагравальныя пушкі, якія ўстаноўлены не толькі на гэтым комплексе, але і ў цэлым на прадпрыемстве», — падзяліўся вопытам Дзмітрый Бацюкоў.
Як робаты дояць кароў
На МТК выкарыстоўваюць інавацыйнае даільнае абсталяванне. Карусель працуе ў аўтаматычным рэжыме, робату дапамагае аператар. Устаноўка разлічана на 40 кароў. Спецыяльны механізм аўтаматычна падганяе карову да даільнай залы. Яна заходзіць у свабоднае месца для даення, сістэма ўлічвае індывідуальныя асаблівасці кожнай каровы.
Абсталяванне робіць масаж вымя, апрацоўку, здойванне першых струменьчыкаў, сартуе малако па асобных танкерах. На экране таксама бачна, якую карову трэба дадаіць.
«У сярэднім на круг у нас стаіць шэсць хвілін. Але гэта не значыць, што за шэсць хвілін карова выдаіцца: кожная карова доіцца па-рознаму. На кожную карову — свой час. І ад таго, колькі будзе даіцца на крузе карова, будзе залежаць максімальная скорасць руху гэтага круга. Калі карова будзе 15 хвілін даіцца, значыць, 15 хвілін. Гэта абсталяванне не выпусціць карову недадоенай», — растлумачыў прынцып работы даільнай устаноўкі інжынер малочнатаварнага комплексу Міхаіл Раманенка.

Кароў дояць два разы на суткі. У сярэднім на гэта трэба шэсць гадзін: час залежыць ад малакааддачы каровы. Пры належным тэхнічным абслугоўванні абсталяванне простае. Сітуацый, каб карусель прастойвала, не было. Калі па якой-небудзь прычыне адзін робат выходзіць са строю, астатнія прадаўжаюць работу.
«Гэта сістэма патрабуе мінімум умяшання чалавека, гэта значыць мінімум памылак пры дойцы. Пры гэтым вымя ў каровы аўтаматычна поўнасцю апрацоўваецца. Мінімальная рызыка таго, што карова выйдзе з неапрацаваным вымем. І якасць малака на гэтым абсталяванні вышэйшая, чым на простай дойцы. Таму што любая некандыцыя (кроў або нешта, чаго ў прынцыпе не павінна быць) адразу аддзяляецца ў „дрэнную“ лінію», — дадаў інжынер.
Малако праходзіць праз модуль, колеравыя датчыкі, датчык патоку, клапаны і трапляе ў буферныя ёмістасці і малочны блок. Дарэчы, працуюць тут у асноўным мужчыны. «Калі дапамагаем робату падключыць карову, рука робата, якую мы бачым, крыху цяжкая. Трэба прыпадымаць яе, і не кожная дзяўчына можа справіцца. Намаганні трэба прыкласці», — растлумачыў Міхаіл Раманенка.
Як правяраюць якасць малака
Якасць малака правяраюць у лабараторыі. Для гэтага адбіраюць пробы. Прычым малако павінна быць вызначанай тэмпературы — да 10 градусаў. Неабходныя даследаванні праводзяць на аналізатары і цэнтрыфузе. На гэта патрабуецца каля паўгадзіны.
«Кіслотнасць, тлустасць... Антыбіётыкі на іншым абсталяванні мы робім — на інкубатары. Тлушч у нас 4,4. Бывае да 6. Тлустасць малака ў нас добрая, — адзначыла лабарант МТК „Вусценскі“ Кацярына Кавалёва. — У адзін танк у нас дояць вячэрняе малако. Мы бяром яго на адну пробу. Другі танк у нас для ранішняй дойкі. Яго робім асобна».

Некалькі соцень тутэйшых кароў ужо разляцеліся па гаспадарках краіны. А значыць, чырвонай жывёлы ў Беларусі стане значна больш.
«Вядзецца велізарная работа па стварэнні айчыннай пароды беларускай чырвонай жывёлы. Сумесная работа — гэта, вядома, вучоныя Акадэміі навук, Міністэрства сельскай гаспадаркі, абласны камітэт па сельскай гаспадарцы і харчаванні. У пачатку 2025 года наша гаспадарка зарэгістравана ў рэестры племянных суб’ектаў жывёлагадоўлі. Атрыманы племянны пашпарт», — расказаў Дзмітрый Бацюкоў.
Такі поспех немагчымы без зладжанай работы каманды. Для дырэктара, напрыклад, прадпрыемства «Вусце» стала першым месцам працы. Ён размеркаваўся сюды на пасаду галоўнага агранома пасля заканчэння ўніверсітэта ў 2019 годзе і хутка ўзначаліў гаспадарку. Паводле слоў Дзмітрыя Бацюкова, цякучкі кадраў на прадпрыемстве няма, для гэтага прыкладаюць нямала намаганняў.
«Каманда тут сфарміравана дастойная. Заа-, ветспецыялісты, тэхнікі — асемянатары, механізатары, якія абслугоўваюць гэты комплекс з моманту запуску. І ў нас ніхто не сыходзіць. Галоўнае — стварыць умовы, каб і паабедаць, і паснедаць, і павячэраць, душ прыняць. Я думаю, гэта можна зрабіць на кожным прадпрыемстве, на кожным аб’екце», — упэўнены кіраўнік гаспадаркі.
Колькі малака дае чырвоная дацкая карова
З «Вусценскага» малако адпраўляюць на прадпрыемства «Савушкін-Орша». А пастаўляць сапраўды ёсць што: кожная карова дае ў сярэднім 23 л малака за дзень. А некаторыя і 50 л.
Наведваючы некалькі гадоў таму гэты малочнатаварны комплекс, Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што вынікі работы прадпрыемстваў залежаць не ад формы ўласнасці. Кіраўнік дзяржавы растлумачыў, што прыватнік можа проста пераманіць добрых спецыялістаў з дзяржаўных прадпрыемстваў, і яны яму дапамогуць павысіць паказчыкі.
«Асабліва ў прамысловасці. Там што, прыватнікі бога за бараду ўхапілі? Не, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Там, дзе ёсць парадак, дысцыпліна, тэхналогіі, там будзе вынік. Не важна, прыватная або дзяржаўная ўласнасць. Я не супраць той, не супраць гэтай. Але трэба падыходзіць справядліва, перш чым парэзаць на кавалкі зямлю і некаму раздаць».